• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пастанова Камісіі па этыцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” ад 19 верасня 2014 года

    Разгледзеўшы на сваім пасяджэнні заявы журналіста Вадзіма Мажэйкі, Камісія ў складзе Анатоль Гуляеў, Марына Загорская, Валерый Карбалевіч, Любоў Лунёва адзначае:

    На сайце «Naviny.by. Белорусские новости» быў апублікаваны артыкул «Перафарматаванне «Дажынак»: менш грошай – менш трэшу» за подпісам Вадзіма Мажэйкі. Пасля чаго на сайце газеты «Светлогорский бизнес» з’явіўся гэты ж артыкул з гэтай жа ілюстрацыяй, гэтымі ж падзагалоўкамі, але без указання імя аўтара і без прамой спасылкі на першакрыніцу (указаная толькі гіперспасылка на галоўную старонку Naviny.by, на якой названага вышэй матэрыялу няма). У друкаваным нумары газеты гэты матэрыял выкарыстаны не быў.

    Некалькімі днямі пазней ад Вадзіма Мажэйкі паступіла яшчэ адна заява, у якой паведамляецца, што ён напісаў артыкул «Беларусь апынулася адкрытай для антыўкраінскай літаратуры з Расіі», які 1 верасня быў размешчаны ў закрытым аглядзе «Беларускі тыдзень», а 9 верасня – у адкрытым доступе на сайце «Naviny.by. Белорусские новости» пад назвай «Расійская прапаганда акупавала кніжныя крамы Беларусі».

    У той жа дзень, 9 верасня, артыкул Вадзіма Мажэйкі без якіх-небудзь змяненняў і пад такой жа назвай з’явіўся на сайце «Хартыя’97», без указання імя аўтара і без прамой спасылкі на першакрыніцу (у лід толькі дададзеныя словы «пішуць «Белорусские новости»» і ўказаная гіперспасылка на галоўную старонку Naviny.by.

    Заяўнік просіць даць ацэнку гэтай сітуацыі, якая не ўяўляецца яму нармальнай. На яго думку, пад тэкстам, узятым з іншага СМІ і пададзеным без змен і ў стылістыцы гэтага СМІ, павінна стаяць і прозвішча аўтара.

    Камісія адзначае таксама, што ў Кодэксе журналісцкай этыкі БАЖ гаворыцца пра неабходнасць спасылацца на крыніцы інфармацыі: «Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых сродкаў масавай інфармацыі, павінны мець адпаведныя спасылкі. Нават калі гаворка ня вядзецца пра аўтарскае права, крыніцу раней апублікаванай трэцімі асобамі інфармацыі неабходна называць». (Кодэкс журналiсцкай этыкi ГА “БАЖ”.)

    Праблема крыніц інфармацыі закранаецца ў многіх нацыянальных кодэксах прафесійнай этыкі. У тым ліку: «Называць, па меры магчымасці, крыніцы інфармацыі, якая паступае», – патрабуе Кодэкс супольнасці прафесійных журналістаў ЗША. – Грамадства мае права на максімум інфармацыі пра надзейнасць крыніцы».

    «Распаўсюджваючы афіцыйную інфармацыю арганізацый, таварыстваў, аб’яднанняў і любых іншых зацікаўленых груп, неабходна ўказваць на крыніцу», – кажа Кодэкс прафесійнай этыкі журналістаў Азербайджана.

    «Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых газет і сродкаў масавай інфармацыі, павінны мець адпаведныя спасылкі. Плагіят з’яўляецца найцяжэйшым грахом журналістыкі. «Вашынгтон пост» заўсёды называе выданні, чые матэрыялы публікуюцца на яе старонках», – дэкларуе «Вашынгтон пост».

    «Журналіст паважае і прымушае паважаць аўтарскія правы, якія вынікаюць з любой творчай дзейнасці. Плагіят недапушчальны. Выкарыстоўваючы якім-небудзь чынам працу свайго калегі, журналіст спасылаецца на імя аўтара». (Кодэкс прафесійнай этыкі расійскага журналіста.)

    «Журналіст абавязаны ўказваць крыніцы сваёй інфармацыі. Для гэтага ён павінен заручыцца згодай інфарматара на раскрыццё яго імя. Калі крыніца інфармацыі просіць не раскрываць яго імя, журналіст абавязаны задаволіць яго просьбу». (Этычны кодэкс журналістаў і выдаўцоў Літвы.)

    У той жа час, Камісія не можа не звярнуць увагі на тое, як трактуецца ў розных нацыянальных кодэксах паняцце «крыніца інфармацыі». У большасці выпадкаў (і ў Кодэксе ГА «БАЖ» у тым ліку), як бачым, мяркуецца, што «крыніца інфармацыі» ёсць не што іншае як сродак масавай інфармацыі, у якім апублікаваны гэты матэрыял. Калі разглядаць сітуацыю, у якой апынуўся заяўнік з гэтага пункту гледжання, то трэба прызнаць, што падстаў для крытыкі ў дадзеным выпадку няшмат. За выключэннем таго, што і «Светлогорский бизнес», і «Хартыя’97», перадрукаваўшы тэкст практычна без змен і не ўнёсшы наогул ніякай дадатковай інфармацыі, чамусьці прыбралі з тэксту прозвішча аўтара і, спасылаючыся на крыніцу інфармацыі, назвалі толькі галоўную старонку Naviny.by, на якой ні самога матэрыялу, ні аўтара ўжо няма. Тым самым прымушаючы чытача шукаць іх, што робяць далёка не ўсе, і, такім чынам, часткова «эсклюзуючы» матэрыял на сваю карысць.

    У той жа час, расійскі Кодэкс і Кодэкс журналістаў і выдаўцоў Літвы ў дачыненні да крыніц інфармацыі згадваюць імя аўтара. І гэта ўяўляецца заканамерным, паколькі імя аўтара – яго асноўны капітал у журналістыцы.

    Вывучыўшы ўсё гэта, Камісія па этыцы БАЖ пастанаўляе:

    – Адзначыць не зусім карэктную практыку выкарыстання спасылак у газеце «Светлогорский бизнес» і на сайце «Хартыя’97»;

    – Камісія па этыцы ГА «БАЖ» лічыць таксама неабходным на будучым з’ездзе ўнесці дапаўненні ў Кодэкс прафесійнай этыкі ГА «БАЖ» у частцы выкарыстання спасылак на крыніцы інфармацыі ў наступным выглядзе: «Матэрыялы, перадрукаваныя з іншых сродкаў масавай інфармацыі, павінны мець подпіс аутара i адпаведныя спасылкі – назва СМI, нумар газеты ці гіперспасылка на стронку ў анлайне. Нават калі гаворка не вядзецца пра аўтарскае права, крыніцу раней апублікаванай трэцімі асобамі інфармацыі неабходна называць».

    Камісія звяртаецца да зацікаўленых асобаў і арганізацый з просьбай узяць удзел у абмеркаванні гэтай праблемы.

    Старшыня Камісіі Анатоль Гуляеў

    Сакратар Камісіі Марына Загорская
     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці