• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Таліне прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі-палітвязнямі

    На пачатку лістапада прадстаўнікі Glob­al Affairs Cana­da (Міністэрства замежных адносін Канады) і Jour­nal­ists for human rights («Журналісты за правы чалавека») разам з беларускімі незалежнымі журналістамі ў выгнанні сабраліся перад МЗС Эстоніі, каб яшчэ раз нагадаць свету пра зняволеных журналістаў, якія сядзяць у турмах Беларусі.

     Удзельнікі акцыі салідарнасці сабраліся перад МЗС Эстоніі

     Удзельнікі акцыі салідарнасці сабраліся перад МЗС Эстоніі. Фота: БАЖ                          

    Сёння ў беларускіх турмах па палітычных прысудах сядзяць 36 супрацоўнікаў медыя. Рэпрэсіі ўнутры краіны нарастаюць з набліжэннем так званых «прэзідэнцкіх выбараў». Беларуская асацыяцыя журналістаў працягвае Марафон салідарнасці  каб свет не забываўся: журналісты — не злачынцы!

    Гэтым разам акцыя ладзілася каля Міністэрства замежных спраў Эстоніі. З партрэтамі палітзняволеных медыйшчыкаў выйшлі  прэзідэнтка найбуйнейшай міжнароднай арганізацыі Канады па развіцці СМІ Jour­nal­ists for human rights  Рэйчал Пулфер, дырэктарка еўрапейскіх праграм JHR Джанін Дэ Врыс, дырэктар вядучай канадскай платформы маніторынгу і выкрыцця дэзінфармацыі за мяжой Dis­in­foWatch Маркус Колга і іх канадскія каляжанкі. Побач з замежнікамі выказалі сваю салідарнасць з калегамі, якія зараз знаходзяцца за кратамі, беларускія незалежныя журналісты ў выгнанні і прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі Віталь Малчанаў.

    Эрык Гамзееў — галоўны рэдактар (справа), і Эрык Калда — выканаўчы рэдактар газеты «Северное побережье», з партрэтамі беларускіх палітвязняў. Фота: БАЖ

    Да Марафону салідарнасці, які ладзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў, таксама далучыліся прадстаўнікі адзінай штотыднёвай рускамоўнай газеты ў Эстоніі «Северное побережье». Папяровае выданне выходзіць ва ўездзе Іда-Вірумаа, што месціцца на паўночным усходзе краіны. У гэтым рэгіёне пражывае каля 130 тысяч чалавек — практычна 10 адсоткаў насельніцтва Эстоніі. 

    Галоўны рэдактар газеты Эрык Гамзееў і выканаўчы рэдактар Эрык Калда падкрэсліваюць: недапушчальна, калі ў нашыя дні журналісты трапляюць за краты толькі з‑за таго, што добрасумленна выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

    Эстонія стала 25‑й краінай, якая падтрымала беларускіх журналістаў у няволі.

    БАЖ заклікае калег ва ўсім свеце падтрымаць акцыю салідарнасці! Вы можаце раздрукаваць партрэты зняволеных калег, сфатаграфавацца з імі ў пазнавальных месцах вашага горада (не ў Беларусі) і апублікаваць у сацыяльных сетках з тэгамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseThe­Jour­nal­ist, а таксама даслаць нам на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці