Выпускны ў Школе маладога журналіста (ШМЖ) / Строчыцы, 25.06.2011 г.
Напрыканцы чэрвеня юнакі і дзяўчаты з пяці рэгіёнаў Беларусі адсвяткавалі заканчэнне навучальнага года ў Школе маладога журналіста (ШМЖ).
Напрыканцы чэрвеня ў Строчыцах, што пад Мінскам, у атачэнні помнікаў беларускай драўлянай архітэктуры юнакі і дзяўчаты з пяці рэгіёнаў Беларусі адсвяткавалі заканчэнне навучальнага года ў Школе маладога журналіста (ШМЖ).
З верасня 2010 пры рэдакцыях рэгіянальных газет у Брэсце, Барысаве, Лунінцы, Слуцку, Віцебску па агульнай праграме ва ўсіх ШМЖ пачаліся заняткі. Маладыя людзі 16–25 гадоў, якія жадалі пазнаёміцца з рамяством журналіста, наведвалі трэнінгі мясцовых
Сярод тых, хто дзяліўся сваім майстэрствам з пачаткоўцамі, — сябры арганізацыі (БАЖ) і вядомыя беларускія журналісты Таццяна Мельнічук, Марына Загорская, Эдуард Мельнікаў, Аляксандр Коктыш, Аляксандр Зянкоў, Юры Стаюнічаў, Андрэй Бастунец, Святлана Гарда, Таццяна Гусева, Алена Аўтушка, Наталля Партоліна, Жанна Сідарук і іншыя.
Вялікую працу па напісанні агульнай праграмы навучання і метадалогіі выкладання асноваў журналістыкі зрабіў кіраўнік Грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар» (Г. Гродна) Вітаўт Руднік разам з камандай экспертаў БАЖ. У Вітаўта за плячыма — паўтара дзесятка выпускаў Гродзенскай ШМЖ.
Супольна са Шведскім інстытутам павышэння кваліфікацыі журналістаў (FOJO) з ліку сябраў БАЖ была падрыхтаваная каманда трэнераў, распрацаваныя спецыяльныя навучальныя курсы па жанрах журналістыкі і іншых аспектах прафесійнай дзейнасці.
— Сёння ў пяці рэгіёнах Беларусі налічваецца 48 выпускнікоў ШМЖ, якія цікавяцца журналісцкай прафесіяй, гатовыя працаваць у СМІ і працягваць навучанне ў ВНУ.
— З’явілася больш за тры сотні публікацый і матэрыялаў у беларускіх газетах і на сайтах не толькі рэгіянальнага, але і рэспубліканскага ўзроўню.
— На працягу 10 месяцаў навучэнцы 660 гадзін кантактавалі з прафесіяналамі, набываючы веды.
— Самыя настойлівыя і таленавітыя ўвайшлі ў лік 10 пераможцаў конкурсу публікацый маладых журналістаў у намінацыях: «Навіна», «Інтэрв’ю», «Рэпартаж» і «Спецыяльны прыз».
Вынікам усе засталіся задаволеныя. Мабыць, таму так бадзёра танчылі на выпускным і тыя, каго навучалі, і тыя, хто навучаў. А музычны гурт «ХэндМэйд» з удзелам нашага калегі Яўгена Валошына прыйшоўся вельмі да месца і даспадобы ўдзельнікам святочнай імпрэзы.