Наклад папяровай «Советской Белоруссіі» зменшыўся яшчэ на 20%, да 150 тысяч
За апошні час наклад галоўнай дзяржаўнай газеты «СБ. Беларусь сёння» істотна знізіўся: цяпер у выходных дадзеных пазначана лічба 365 тысяч, хоць некалькі месяцаў таму было больш за 400 тысяч.
Але гэтыя лічбы — не сапраўдныя, «Наша Ніва» ўжо пісала пра тое, што «СБ» фокуснічае і для прыгожай карцінкі пазначае аб’яднаныя наклады асноўнай газеты і ўкладыша «Союз. Беларусь — Россія».
Рэальны ж наклад складаў каля 190 тысяч (ён трохі вагаецца ў розныя дні тыдня).
Рэальны наклад па-ранейшаму можна выявіць па лічбах з укладыша «Саюз» (гэтыя аркушы укладаюцца ў кожны нумар «СБ» за чацвер). Дык вось, цяпер для Беларусі друкуецца 150 866 «Саюзаў».
Такім чынам, за паўгода чацвярговы наклад упаў на 20%. І гэта з улікам прымусовай падпіскі.
«Наша Ніва» спыталася ў галоўнага рэдактара «СБ» Дзмітрыя Жука, з чым ён звязвае падзенне накладаў і што рэдакцыя думае з гэтым рабіць.
«Сапраўды, тэндэнцыі да зніжэння накладу ёсць, але не сказаць, што адбываецца катастрофа — растуць наклады іншы газет, напрыклад, «Знамя юності». Апошняя за год вырасла на 20% — захапляюся галоўным рэдактарам, цяпер там наклад 48 162 асобнікаў. Чытач стаў звяртаць увагу на штотыднёвыя выданні!
Агулам жа будзем прыкладаць намаганні, каб захаваць папяровы наклад, цалкам у інтэрнэт сыходзіць не збіраемся, хоць развіваем і яго: Similarweb ні ад каго статыстыкі не хапае, сярэдняя лічба — каля 200 тысяч унікальных наведванняў штодзень на нашым сайце, летась было ўдвая менш (па выніках лістапада 2019 года Similarweb налічыў для Sb.by 3,7 мільёна візітаў, гэта ў сярэднім па 123 тысячы на дзень — Рэд.). А ва ўсіх сацыяльных сетках мы выраслі агулам на 70 тысяч падпісантаў, сярод лідараў — УКантакце і Аднакласнікі», — сказаў Дзмітрый Жук.