• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашчадкі айцоў БНР. Як сёння жывуць унукі Антона Луцкевіча і Аркадзя Смоліча

    Алеся Луцкевіч і Віталь Моос ніколі не сустракаліся ў рэальным жыцьці. Але добрымі сябрамі былі іхныя дзяды Антон і Аркадзь. 25 сакавіка 1918 году яны абвяшчалі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Пазьней Антон Луцкевіч стане яе прэм’ерам, а Аркадзь Смоліч — ягоным намесьнікам.

    Дзед Алесі Антон Луцкевіч быў ініцыятарам абвяшчэньня і аўтарам праекту Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой БНР абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Дзед Віталя Аркадзь Смоліч быў сябрам Рады БНР, уваходзіў ва ўрад БНР, займаў пасады міністраў і быў віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Луцкевіча.

    Ані Алеся, ані Віталь не змаглі пазнаёміцца са сваімі дзядамі асабіста. Абодвух забілі бальшавікі. Але ўжо з маленства яны ведалі, кім былі іх продкі, ганарацца імі і ўсё жыцьцё захоўваюць памяць пра іх.

    Алеся Луцкевіч: У таты была ідэя-фікс, каб я была беларускай

    Алеся Луцкевіч нарадзілася і жыве ў Вільні. Яна дачка Юркі Луцкевіча, першага з двух сыноў Антона і яго жонкі Зофʼі. Калісьці Алеся расказала пра гэта літоўскаму пісьменьніку Томасу Венцлаву на прэзэнтацыі ягонай кнігі пра Вільню, у якой згадваецца і яе дзед. Жанчына са сьмехам узгадвае, што Венцлава паглядзеў на яе нібыта на афэрыстку і сказаў, што яна замаладая, каб быць унучкай Луцкевіча. Венцлава, бадай, не зьвярнуў увагі на тое, што былы прэм’ер БНР даволі позна стаў бацькам — у 36 год, а ягоны сын Юрка яшчэ пазьней — у 49 год.

    Тата Алесі Юрка Луцкевіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў Вільні. Калі яму было 8 год, маці Зоф’я Абрамовіч скончыла жыцьцё самагубствам. Таму Юрку і ягонага брата Лявона (1922–1997) выхоўваў бацька, які пасьля сьмерці жонкі больш ніколі не жаніўся.

    «У таты былі вельмі цёплыя ўспаміны пра дзеда Антона. Калі ён быў дзіцем, то ў Вільні было яшчэ мала літоўскай мовы, і Антон Луцкевіч слаба яе ведаў. Але калі тата даядаў абед, то дзед казаў па-літоўску geras berniukas — добры хлопчык. Згадваў, як ягоны тата казаў: „Наш Юрка добры хлопец, што ўкусіць, тое і зьесьць“», — згадвае Алеся.

    У Вільні ў той час дзейнічаў Беларускі музэй Івана Луцкевіча, брата Антона. Там экспанаваліся помнікі беларускай даўніны, якія ўсё жыцьцё зьбіраў Іван. Юрка расказваў дачцэ, што дзіцем бываў там ня раз. Згадваў, як гуляўся на поўсьці мядзьведзя, зь пярсьцёнкам Усяслава Чарадзея.

    Юрка вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе працаваў бацька. Луцкевічы жылі вельмі сьціпла, уласнай кватэры ў іх не было, мусілі наймаць. Некаторы час кватэра была нават напалам з банкам.

    Юрка расказваў дачцэ, што падчас гульняў у пакоі часам трапляў у банк.

    «Тата заўсёды казаў: ну якое ў мяне можа быць жыцьцё? Толькі цікавае. Я нарадзіўся ў рэстаране, а пахрысьцілі мяне ў кінатэатры. Справа ў тым, што ў будынку, дзе ён нарадзіўся, быў рэстаран, а хрысьцілі яго ў пратэстанцкай царкве, якая ў савецкія часы стала кінатэатрам. Але тата быў вялікім аптымістам і меў добрае пачуцьцё гумару», — згадвае свайго бацьку Алеся.

    Калі ў 1940 годзе Вільню занялі бальшавікі, Антона Луцкевіча арыштавалі. Яму прысудзілі 8 год лягеру і этапавалі на тэрыторыю Расеі. Апеку над Юркам і Лявонам на некаторы час узяў на сябе Кляўдуш Дуж-Душэўскі, аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга і былы дзеяч БНР.

    Падчас вайны Юрка з братам некаторы час настаўнічаў у Радашкавічах, быў афіцэрам Беларускай Краёвай Абароны. Пасьля вайны яму прысудзяць 25 год лягеру «за здраду і супрацоўніцтва з ворагам». Зьняволеньне сын Луцкевіча адбываў на Калыме. У 1950‑я Юрка вярнуўся ў савецкую Літву. У Вільні яму жыць не дазволілі, таму некаторы час ён жыў у Лентварысе, прыгарадзе сталіцы. Празь некаторы час зь лягеру вярнуўся і брат Лявон.

    «Калі ім дазволілі жыць у Вільні, то яны набылі кватэру на Антокалі, у якой цяпер жыве наша сям’я. Тата працаваў інжынэрам-электрыкам, паколькі ён вучыўся ў тэхнічным вучылішчы. Ён спрабаваў даведацца пра лёс бацькі, калі вярнуўся зь лягеру, але не было як», — кажа дачка Юркі Луцкевіча.

    Пра свайго дзеда і яго ролю ў беларускай гісторыі Алеся даведалася яшчэ ў савецкія гады. Калі яна была маленькай дзяўчынкай, то пра Антона Луцкевіча ёй расказваў тата.

    «Тата расказваў пра гэта яшчэ ў той час, калі такое было небясьпечна. Расказваў ён так, што ты адразу пачынаў ганарыцца продкамі. Толькі не было зразумела, куды з гэтым гонарам ісьці. Не было каму пра гэта расказваць. Мама прасіла яго нічога не казаць, каб я не расказала пра гэта ў школе. Але ў таты была ідэя-фікс, каб я была беларускай», — працягвае Алеся.

    Калі яна толькі нарадзілася, то Юрка спытаў у жонкі-расейкі, ці можа ён запісаць дачку ў пашпарце беларускай. Тая адразу пагадзілася. Як расказвае Алеся, яна заўсёды была на баку прыгнечаных.

    «Тата чытаў мне кнігі Янкі Маўра, хоць я ў тым узросьце мала яшчэ разумела. Казаў мне, што я беларуска, таму для мяне ня было таямніцай, кім быў мой тата і мой дзед», — кажа Алеся.

    Штогод 25 сакавіка, на Дзень Волі, Юрка хадзіў з дачкой на Лукіскі пляц у Вільні, дзе ў 1864 годзе быў пакараны сьмерцю Кастусь Каліноўскі. Луцкевічы заўсёды прыносілі туды бел-чырвона-белыя гвазьдзікі.

    «Тата мне расказваў, што паўстанцаў пакаралі там сьмерцю, але пахавалі на Замкавай гары. Таму, калі гісторыкі і археолягі некалькі гадоў таму пачалі гаварыць, што адкрылі месца пахаваньня каліноўцаў, то для мяне гэта было трошкі дзіўна, бо я заўсёды пра гэта ведала», — расказвае ўнучка Антона Луцкевіча.

    Пасьля арышту Луцкевічаў у іх адабралі практычна ўсё. Не засталося амаль ніводнай рэчы, якая б нагадвала пра мінулае роду. Ліквідавалі і Віленскі беларускі музэй, які стварыў Іван Луцкевіч. Тысячы экспанатаў, сярод якіх была і частка праскай Бібліі Скарыны, трапілі ў музэі Вільні, Менску і Масквы.

    «Калі мне было можа гадоў 7, то тата павёў мяне ў этнаграфічны музэй і паказваў некаторыя экспанаты, кажучы: вось гэтага з нашага музэю, і вось гэта таксама. Я пыталася ў яго: калі гэта наша, то чаму яно ня ў нас? А ён казаў, што гэта наша, але цяпер гэта можа бачыць шмат людзей», — згадвае словы бацькі Алеся Луцкевіч.

    Калі Алеся падрастала, то адзіным, што нагадвала пра славутага дзеда, былі ўспаміны. Нават здымак свайго маладога бацькі яна пабачыла ўжо пасьля ягонай сьмерці, у 1991 годзе, калі трапіла ў Нью-Ёрк. Там яна пазнаёмілася з стрыечнай сястрой свайго бацькі Янінай Каханоўскай, дарэчы, бабуляй сьпевака Данчыка.

    «Яна сказала, што захоўвала гэты здымак для мяне. На ім тату 18 год. Дагэтуль я ніколі ня бачыла яго маладога. У нас нічога не засталося, апрача бюста Івана Луцкевіча, які нехта ўратаваў зь ягонага музэю і падчас вайны захаваў. І гэты бюст аддалі майму тату, калі ён вярнуўся ў Вільню пасьля лягера. Гэты бюст я памятаю зь дзяцінства, і ён у нас да сёньня», — расказвае Алеся.

    Юрка Луцкевіч памёр у 1992 годзе. Ён засьпеў часы адраджэньня беларускай незалежнасьці і беларускага жыцьця ў Вільні, быў актыўным удзельнікам суполкі «Сябрына», наведваў яе імпрэзы разам з Алесяй.

    «Усё сваё дзяцінства я памятаю, як да таты прыяжджалі розныя людзі. Рабілі зь ім інтэрвію, хацелі запісаць успаміны. Гісторык Мікола Іваноў прыяжджаў, Алег Латышонак са сваім бацькам. Я іх слухала зь вялікай цікавасьцю. Пазьней да нас прыяжджаў Анатоль Сідарэвіч зь Менску, і яго расповеды з такой жа цікавасьцю слухаў ужо мой сын Янка, які тады хадзіў у школу», — кажа Алеся.

    Цяпер сыну Алесі і мастка Алеся Поклада, 24 гады. Ён, як і Алеся, нарадзіўся ў Вільні, скончыў там школу, а пасьля вучыўся ў Англіі. Ян таксама цікавіцца гісторыяй роду, гаворыць па-беларуску.

    «Для мяне заўсёды натуральным было размаўляць па-беларуску. І муж мой сьвядомы беларус, ён зь вёскі, і для яго гэта абсалютна натуральная мова. Я сустрэла чалавека, які так жа думае, так жа размаўляе і адчувае сябе беларусам, ганарыцца гэтым. І ясна, што калі ў нас нарадзіўся сын, было б ненатуральна размаўляць на іншай мове. Да трох гадоў мы зь ім размаўлялі па-беларуску, а пасьля ў ягоным жыцьці зьявіліся і іншыя мовы. Але калі мама і тата беларусы, гавораць па-беларуску, то як можа быць інакш?» — кажа Алеся.

    Цягам васьмі гадоў у сям’і была сядзіба на Валожыншчыне, на беразе Бярэзіны. Там яны праводзілі летнія вакацыі, адтуль падарожнічалі па Беларусі, вандравалі па замках і палацах.

    Зрэшты, у Беларусі Алеся вучылася ў 1990‑я. Яна атрымала адукацыю па спэцыяльнай пэдагогіцы і сёньня працуе зь дзецьмі, якія нарадзіліся з дэфэктам слыху. Алеся займаецца іх рэабілітацыяй.

    У Алесі ёсьць малодшы брат Іван. Ён таксама жыве ў Вільні і гадуе з жонкай двух сыноў — Міхася і Юрку. У пошуках праўды пра лёс дзеда Антона, ужо пасьля сьмерці бацькі, Алеся і Іван трапілі ў архіў. Там іх чакала незвычайная знаходка.

    «Там былі некаторыя рэчы, якія Антон меў падчас арышту. Збольшага нейкія паперкі, дробныя рэчы. Але, што незвычайна, там былі валасы яго жонкі. Брат тады яшчэ прыклаў гэта да маіх валасоў і кажа: „Адзін у адзін“. Антон насіў гэтыя валасы з сабою», — расказвае ўнучка пра дзеда, які пасьля сьмерці жонкі больш ніколі не ажаніўся.

    Габрэйскія могілкі ў Вільні, дзе была пахаваная Зофʼя Абрамовіч, пасьля вайны зруйнавалі. Сыны пасьля вяртаньня ў Вільню ўжо не змаглі знайсьці яе магілу. Немагчыма знайсьці і магілу Антона Луцкевіча.

    Паводле дакумэнтаў НКВД, ён пахаваны ў спэцсэктары камунальных могілак Аткарску ў цяперашняй Саратаўскай вобласьці Расеі. Але дзе канкрэтна яго магіла — невядома. На віленскіх могілках Росы ўсталяваная сымбалічная магіла і помнік у гонар Антона Луцкевіча.

    Унук Смоліча: Бабуля чакала яго да самай сьмерці

    Пра тое, што яго дзядуля быў адным з стваральнікаў беларускай дзяржаўнасьці, Віталь Моос дазнаўся ў дзяцінстве ад бабулі — Алесі Ігнатаўны Смоліч, жонкі віцэ-прэмʼера БНР. Рэдкае прозьвішча ўнука Смоліча ад бацькі — расейскага немца, які ажаніўся з малодшай дачкой Аркадзя Смоліча Марыяй. Віталь лічыць сябе напалову беларусам, а напалову немцам. Але нарадзіўся ён у Омску. Гэта вызначыў лёс ягонага дзеда.

    У 1922 годзе Смолічы вярнуліся зь Вільні ў Менск. У савецкай Беларусі былы дзяч БНР рабіў навуковую карʼеру, быў адным з стваральнікаў Акадэміі навук. Але ў 1930 годзе ўсё руйнуецца. Па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» яго арыштоўваюць і высылаюць у Сібір.

    «Уявіце, якой адважнай жанчынай была бабуля. Яна з трыма дзецьмі (Максім, Ганна, Марыя) і старымі бацькамі едзе па яго сьлядах у Сібір. Такое вялікае было каханьне паміж імі. Там зь яго здымаюць арышт, але вяртацца ў Беларусь не дазваляюць. Таму дзед выкладаў геаграфію ў розных навучальных установах. А сям’я была зь ім. Але ў 1937 годзе яго зноў арыштоўваюць у горадзе Ішым Цюменскай вобласьці, дзе яны жылі, і неўзабаве пераводзяць у Омскую турму. Што робіць бабуля? Забірае дзяцей і бацькоў і едзе за ім. Цяпер у Омск, каб быць бліжэй да турмы, а значыць і да яго», — расказвае Віталь.

    З турэмнай перапіскі Смолічаў:

    «Смолічу Аркадзю Антонавічу! Перадаю: кашулю, прасьціну, шкарпэткі, чаравікі. Ці патрэбная коўдра? Я здаровая, рыхтуюся да іспытаў. Горача цалую. Шура. 30.06.37»

    На іншым боку запіскі — адказ.

    «Дарагая Шурачка! Пасылаю 10 штук бялізны. Здаровы і бадзёры. Перадачу атрымаў, прынясі крыху часныку, зубны парашок. Горача цалую. Аркадзь».

    Жонка Смоліча пісала лісты з просьбай дапамагчы выправіць несправядлівасьць — Калініну, Крупскай, у НКВД. Але плёну гэта не дало. Больш сям’я яго ніколі не пабачыць. Апошнім, што ён сказаў дома, былі словы па-беларуску над ложкам дачкі Марыі, мамы Віталя: «Расьці, дачушка, усё будзе добра».

    «Бабуля да сьмерці ня ведала, што насамрэч стала зь яе мужам. Ёй сказалі, што яго асудзілі на 10 год без права перапіскі, хоць яго ўжо не было ў жывых. І бабуля насіла яму перадачы, перасылала грошы ў турму. Пасьля вайны яна атрымала „пахаронку“, што Аркадзь памёр ад інфаркту, але ня верыла і спадзявалася, што ён вернецца, шукала яго па лягерах, — расказвае Віталь. — Пазьней я знайшоў дакумэнт, у якім Сталіна просяць дазволіць расстраляць яшчэ 1000 вязьняў, бо ім не хапала да пляну. І Сталін просьбу падпісаў. Я перакананы, што дзед трапіў менавіта ў гэтую тысячу».

    Унук Смоліча расказвае ўспамін яго мамы, які ён называе містычным. Калісьці Марыя Смоліч, будучы студэнткай Омскага пэдынстытуту, гуляла зь сяброўкамі побач з агрэгатным заводам, на месцы могілак, дзе як пазьней выявілася быў пахаваны яе тата. І там зь ёю пачало адбывацца дзіўнае.

    «Ведаеце, яе кідала з боку ў бок, нібыта нехта яе калашмаціў. Яна нават спытала ў сябровак, ці адчуваюць яны нейкі землятрус? Не, кажуць сяброўкі. А яе падкідала і падкідала. Нібыта зь зямлі нешта штурхае. Але толькі пасьля мы даведаліся, што ён там пахаваны, праз шмат гадоў», — расказвае Віталь.

    Праўду пра лёс Аркадзя Смоліча пасьпее перад сьмерцю даведацца дачка Ганна. У адказе на запыт, ажно ў 1989‑м, ёй адказалі, што Смоліч быў расстраляны яшчэ ў 1938 годзе.

    Знайсьці месца яго пахаваньня ўжо немагчыма, цяпер на месцы могілак будуюцца дзіцячыя пляцоўкі, дамы. А косьці, як расказвае Віталь, вылазяць з‑пад зямлі.

    Так сталася, што Віталя выхоўвала пераважна бабуля Алеся, бо бацькі былі вельмі занятыя. Гэта быў пэрыяд адлігі, таму шмат пра што ўжо можна было гаварыць. «І чым далей, тым было цікавей. Калі я стаў дарослым, то гэта мяне зацягнула напоўніцу», — кажа Віталь.

    Ужо з маленства ў Омску ён чуў беларускую мову. Бабуля вельмі любіла гаварыць па-беларуску. Асабліва падчас сустрэч зь іншымі беларусамі ці знаёмымі.

    «Калі яна званіла да кагосьці, то размаўляла толькі на беларускай мове. Мяне таксама спрабавала прывучаць, яна ж была аўтаркай выдадзенага ў 1919 годзе буквара для беларускіх дзяцей „Зорка“. Але я аказаўся ня вельмі падатлівы», — расказвае Віталь.

    Але гісторыя бабулі і дзеда зацягнула ўнука напоўніцу. Ужо шмат гадоў ён з жонкай зьбірае матэрыялы, прысьвечаныя Смолічам. Частку сямейнага архіву ён і яго цётка, дачка Смоліча Ганна, перадалі ў музэі і ВНУ ў Беларусі. У 1965 годзе Віталь упершыню пабываў на радзіме дзядоў і мамы. Адным з запамінальных момантаў стала знаёмства хлопчыка зь пісьменьнікам Уладзімерам Караткевічам, зь якім сябравала бабуля Алеся. І хоць мінула больш за паўстагодзьдзя, Віталь выдатна памятае, што Караткевіч гаварыў зь яго бабуляй пра Аркадзя Смоліча. Зрэшты, гэтаму была прысьвечаная і перапіска Караткевіча з бабуляй, якую ўнук захоўвае ў сваім архіве да сёньня.

    Праз год пасьля паездкі ў Менск сям’я Віталя разам з бабуляй пераехала з Омску ва Ўкраіну. Пазьней Віталь зноў выяжджаў у Расею, вучыўся ў Омскім пэдынстытуце, ажаніўся, але пасьля ўжо разам з жонкай вярнуўся пад Кіеў, дзе жыве да сёньня. Там жа, паблізу вёскі Немешаева, дзе жыве Віталь зь сям’ёй, на Мікуліцкіх могілках пахаваныя яго мама — дачка Смоліча, яе сястра Ганна і Аркадзева жонка Алеся. Яна чакала мужа да сьмерці і больш ніколі ня выйшла замуж. Памерла ў 1974 годзе. Віталь тады служыў у войску ў Нямеччыне. Як ён не прасіў адпусьціць яго на разьвітаньне з бабуляй, яму не дазволілі.

    У апошнія гады жыцьця яна хацела выдаць свае ўспаміны пад назвай «Кропелькі жыцьця». Унук запісваў успаміны бабулі на магнітафон, але, на вялікі жаль, стужка сапсавалася. І ўсё ж у архіве Віталя захоўваецца багата рэчаў, якія нагадваюць пра бабулю. Гэта здымкі, перапіска з Зоськай Верас, Язэпам Дылам, Уладзімерам Караткевічам, Арсенем Лісам, паштоўка ад Якуба Коласа.

    З Коласам Смолічы ў Менску ня проста сябравалі, яны былі суседзямі. Колас часта заходзіў да іх у госьці, чытаў вершы і прасіў выказаць меркаваньне. Але пасьля арышту мужа Алеся не пісала Коласу ў Менск, бо баялася яму нашкодзіць. Але ў 1949 годзе вучаніцы омскай школы, дзе працавала Смоліч, рыхтавалі імпрэзу, прысьвечаную беларускаму клясыку. Настаўніца параіла напісаць яму ліст у Менск і сама дадала невялікі ліст ад сябе. Неўзабаве прыйшоў адказ, кнігі і лісты — вучаніцам і асобна Алесі:

    «Дарагая Алеся. Шмат вады ўцякло за той час, як мы не ў зусім вясёлых абставінах разышліся ў розныя бакі. Я за вайну згубіў усё, што было ў доме — многія рукапісы, многія неапублікаваныя творы. На вайне загінуў мой сярэдні сын Юрка. Я нават ня ведаю, дзе ён загінуў. 21 траўня 1945 года памерла мая Маруся, так я і не давёз яе ў родную Беларусь. Са мною цяпер жывуць старэйшы сын Даніла і малодшы Міхась. Я ўжо стары. 3 лістапада адсьвяткаваў 67 год. Здароўе маё моцна пахіснулася. За апошнія 3 гады 12 разоў хварэў на запаленьне лёгкіх», — пісаў народны пісьменьнік. Пазьней яны ня раз ліставаліся.

    Вельмі добрае знаёмства ў Смолічаў было і зь Янкам Купалам. Алеся Смоліч дбала пра лісты і захоўвала нават копіі сваіх адасланых лістоў.

    Шмат гадоў Віталь Моос працаваў настаўнікам маляваньня, працы і чарчэньня. Цяпер працуе лябарантам у аграрна-тэхнічным каледжы. Вёска пад Кіевам, дзе жыве Віталь, была ў 2022 годзе пад расейскай акупацыяй. Яна ўсяго за 7 км ад Бучы і Гастомелю. Усе ракеты ў тым напрамку праляталі над вёскай унука Смоліча. А самі расейскія салдаты прыехалі туды на трэці дзень паўнавартаснага ўварваньня.

    «Спачатку была выведка. Сказалі нам, каб мы іх не баяліся, маўляў, мы тут за тры-пяць дзён скінем Зяленскага і ваш урад, як нам і загадалі, і адразу зьедзем. Месяц мы жылі побач зь імі, варылі на вогнішчах, бо не было ані сьвятла, ані газу. Загінула ад іх недзе сем’яў дваццаць. Катаваньняў не было, але стралялі па дахах, бальконах, калі бачылі „сонечныя зайчыкі“. Рабавалі крамы, аптэкі, шукалі наркотыкі, сьпіртное. А пасьля прыехалі больш сурʼёзныя хлопцы, у чорнай форме, здаровыя. Аказалася, што гэта ці то казанскія, ці то краснадарскія казакі. У іх тут быў загрататрад. Яны падганялі першых, як скот», — расказвае Віталь.

    Ягоную вёску абмінуў лёс Бучы. Мясцовыя казалі, што прычына нібыта ў тым, што адсюль родам расейскі генэрал, які кіраваў наступам у тым напрамку. І ў гэтай ваколіцы нібыта жыве шмат яго сваякоў.

    Віталь кажа, што яго паходжаньне проста прасякнутае вайной. Цячэ нямецкая кроў — немцы разьвязалі ІІ сусьветную вайну. Нарадзіўся і выхаваны ў Расеі — Расея напала на Ўкраіну. Мае беларускія карані — расейскія ракеты ляцяць зь Беларусі і войскі заходзілі адтуль ва Ўкраіну.

    «Але хто заходзіў? Расейцы. І расейцы стралялі. Беларусы, на жаль, таксама пад акупацыяй. Расея захапіла Беларусь адным махам», — з сумам кажа ўнук Аркадзя Смоліча.

    Чытайце яшчэ:

    Тое, чаго вы так даўно чакалі! Пачынаем прыём матэрыялаў на конкурс «Вольнае слова»

    «Заканчивалось это тем, что заканчивалась цензура». Историк о прошлом и настоящем

    У Бабруйску ізноў затрымалі журналіста выдання «Коммерческий Курьер» Дзмітрыя Суслава

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці