«Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»
Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.
«Навошта рабіць другога Дудзя?»
Чаму вы наогул пачалі ствараць «ТОК» і пайшлі ў Youtube?
— «ТОК» з’явіўся ў 2018 годзе. У той час Youtube толькі развіваўся ў Беларусі. Не было яшчэ разнастайнасці, да якой мы ўжо прывыклі. На той момант з такіх праектаў былі расійскія.
Канешне, тады нам здавалася: божа, з кім можна будзе гаварыць у Беларусі? У нас няма людзей і на першы сезон, каго мы будзем запрашаць? Было шмат пытанняў, страху і выклікаў. Таму што на той момант сітуацыя ў краіне і ў Youtube была іншая. Звычкі «ютубаглядзення» толькі пачыналіся ў людзей. Мы былі аднымі з першых, хто рызыкнуў і пайшоў гэта рабіць.
Канешне, мы атрымалі кучу крытыкі і хейту. Што Дудзь ужо ёсць, навошта рабіць другога Дудзя. І мы, канешне, гэтага чакалі. Нават у Расіі тады ў Дудзя не было канкурэнтаў.
Ужо пасля з’явілася куча такого кшталту праектаў. Сваёй агромнай разнастайнасцю мы даказалі, што інтэрв’ю не належыць Дудзю. Гэта жанр, шырока папулярны ва ўсім свеце. І кожны журналіст, які пачынае рабіць інтэрв’ю, робіць яго па-рознаму. Вельмі шмат залежыць ад каманды, якая рыхтуе інтэрв’ю, ад чалавека, які праводзіць інтэрв’ю, ад яго тэмпераменту, характару, падыходаў і яшчэ безлічы фактараў.
«Размова двух людзей пра тое, што баліць». Ірына Новік — пра шчырасць, эмоцыі і гарызантальныя стасункі ў падкастах
У Беларусі тады жыло 9 мільёнаў. І, канешне, дзіўна, што беларускі Youtube фактычна належаў расейцам. І, натуральна, гэта абсалютна ненармальна для незалежнай краіны, ў якой ёсць свае героі, свае праблемы, свае пытанні, глядзець на ўсё праз прызму расійскага светапогляду. Таму што якім бы класным ні быў Дудзь, ён застаецца расейцам і думае пра Расію, а не пра Беларусь. І калі ён робіць штосьці пра Беларусь, то гэта погляд расейца на Беларусь, спачуванні беларусам.
Ясна, што гэта не тое, як бы мы хацелі, каб беларусы глядзелі на саміх сябе. Наша задача — ствараць беларускіх герояў, размаўляць з беларусамі пра беларускія пытанні, беларускія праблемы, каб уздымаць тое, што важна для нас.
Ну, і аказалася, што гэта было своечасова. Таму што праект існуе шэсць гадоў — і героі не сканчаюцца. Больш за тое, праз колькі гадоў цікавасць да Беларусі вырасла. Таму што адбыліся выбары, 20‑ы год, выбух унутры грамадства. І мы сталі вельмі запатрабаваныя. Пасля з’явіўся Мікіта Мелказёраў. Мы бачым, што ёсць агромны попыт на такога кшталту размовы.
Мы не можам думаць рэпартажамі, фільмамі, спецпраектамі, дзе нам трэба ездзіць па Беларусі. І вось такі фармат інтэлектуальных размоваў пра важныя пытанні рэалізабельны і магчымы. Нам усім трэба думаць, што з намі адбывацца, рэфлексаваць. І гэта тое, чым мы займаемся ў гэтым праекце.
«Для Youtube важна пра што, а не як»
Як вы выбіралі твар праекта?
— З тварам праекта было вельмі складана. У тым сэнце, што ў нас няма ніякай моцнай школы такога кшталту, у нас няма незалежнага тэлебачання. Таму ўсе спробы ісці ў Youtube — гэта шмат у чым пошукі сляпога кацяняткі. Мы звярнуліся да моцных журналістаў, якія ў нас былі. Першы сезон вяла Адар’я Гуштын. З другога сезона ў кадр села я. У першым я была за кадрам — менеджэрам праекта.
З аднаго боку, важна, каб чалавек не баяўся працаваць у кадры, каб разумеў, як гэта робіцца. Іншая справа, што далёка не кожны журналіст у Беларусі хоча гэтым займацца — быць публічным. Мне дапамагло, што была вера каманды ў мяне і просьба — на той момант мы не знайшлі нікога іншага.
А як ты вучылася? Шукала «працоўны бок» твару? Чытала парады?
— Вельмі інтуітыўна. Мы арыентаваліся на праекты, што былі, на першы сезон. Трэба проста шукаць свой уласны стыль, сваю уласную падачу і не імкнуцца быць кімсьці іншым. Таму галоўная парада — проста шукаць сябе. Задача была — расслабіцца і думаць пра тое, як зрабіць класную гутарку, а не пра тое, як ты будзеш выглядаць.
У нас было разуменне, што Youtube — гэта не тэлебачанне, у яго няма такіх стандартаў. Ютубу не трэба мадэльная знешнасць, суперпастаўлены дыктарскі голас, суперпрычасанасць, гладкасць, тоны танальніка. Тут вельмі трэба натуральнасць, шчырасць, адкрытасць, уменне зымправізаваць, паказаць нейкую эмоцыю, быць жывым чалавекам. Гэта цэніцца найбольш. Тут важна пра што, а не як. Важна, каб ўнутры былі класныя пасылы, класныя сэнсы.
«Паміж адным аператарам і пяццю я выбяру аднаго»
Раскажы пра вашу каманду, наколькі гэта магчыма.
— Асноўная частка працы ляжыць на мне. Я сама шукаю герояў, дамаўляюся з імі. У мяне няма менеджэра, хто робіць гэтую працу за мяне. Сама шукаю лакацыю, сама вырашаю, як мне апранацца. У мяне няма стыліста і нават візажыста. Я сама раблю мэйк-ап сабе і дапамагаю героям. Так што гэта вельмі аўтаномная каманда.
Я лічу, што ва ўсім гэтым працэсе самае галоўнае — гэта прадумванне пытанняў. Вось тут я карыстаюся інтэлектуальным патэнцыялам «Нашай Нівы». Над гэтым працуе каманда рэдактараў. Я збіраю ўсіх на мазгавы штурм, і мы разам прыдумляем, пра што і як мы хочам гаварыць з чалавекам. Таму нам удаецца амаль што кожную гутарку рабіць даволі глыбокой і цікавай. Пасля я яшчэ з адным дадатковым вонкавым рэдактарам адточваю фармулёўкі і дапісваю свежыя пытанні.
Канешне, ёсць аператар, ёсць мантажор. Мантажныя лісты апошні год стварала я сама — сама адглядала сябе. Але зараз я хачу дэлегаваць гэтую працу іншым рэдактарам. Мне здаецца, будзе лепш, калі хтосьці з боку будзе рэдагаваць мяне.
Чаму закрылі праект «Ноч з Чалым»
Мне вельмі зручна працаваць з малой колькасцю людзей. Паміж адным аператам і пяццю я выберу аднаго. Не толькі таму, што гэта фінансава выгадна. Мне прасцей скаардынаваць аднаго чалавека, дамовіцца з ім, што нам трэба, як здымаць.
Чым больш камерная абстаноўка ў інтэрв’ю, тым лягчэй чалавеку раскрыцца. Тады ствараецца ўражанне, што вы сам на сам размаўляеце.
Выбар пляцоўкі — важны этап? Пра што варта падумаць, выбіраючы пляцоўку?
— Гэта важна, таму што карцінка важная. Самы даступны варыянт — знайсці фотастудыю. З іншага боку, у фотастудый вельмі часта няма душы. Атрымліваецца, што яны аднолькавыя, пустыя, нецікавыя. Калі есць магчымасць, то лепш шукаць штосьці больш насычанае: нейкія галерэі, кафэ, атмасферныя бары, бібліятэкі, музеі.
Многія з такіх лакацый не заточаныя ўвогуле пад інтэрв’ю. «У нас тут свае планы, і ўвогуле мы працуем па графіку, і нам там гэта не трэба». А з іншымі атрымліваецца дамаўляцца.
У нас, напрыклад, праект «падарожны», мы можам запісвацца ў розных краінах. Калі гэта краіна, дзе мы не ведаем мясцовую мову і там усё дорага, ёсць складанасць з лакацыямі. Таму трэба заўжды працаваць над імі. Куды б вы ні хадзілі, трэба прыглядвацца, ці можна тут здымаць.
Я куды ні трапляю, мая першая думка: «Ага, а ці можна тут здымаць?». А калі я скролю Instagram: «О, прыкольная фотка, а дзе гэта знята? Можа быць, там можна будзе паздымаць?»
«Тры інтэрв’ю за дзень — гэта здзек»
Якая праца застаецца за кадрам?
— Звычайна выстаўленне ўсёй гэтай апаратуры займае ад гадзіны да двух. Калі няма часу, то мы павінны ўкласціся ў гадзіну — і задача аператара, як умудрыцца ўсё паставіць. Так, могуць быць касякі: крывавата стаіць, у цябе там нейкі цень непрыгожы на твары. Такія штукі вылазяць рэгулярна. З гэтым трэба змірыцца, калі ты працуеш у такіх сціплых умовах.
Само інтэрв’ю можа доўжыцца тры-чатыры гадзіны. Самы кароткі варыянт — дзве. Мы апошнім часам практыкуем змену лакацыі ўнутры інтэрв’ю. Таму трэба яшчэ час на перастаноўку ракурсаў — ну, паўгадзіны, калі мы можам, папіць вады, патыкацца ў тэлефонах, паразмаўляць, пахадзіць. І пасля ўжо другую частку інтэрв’ю запісваць. І пасля паўгадзінкі — сабраць апаратуру пасля інтэрв’ю. Апошнім часам дзесьці шэсць гадзін на ўсё пра ўсё.
Зараз мы робім больш грунтоўныя размовы і імкнемся максімальна пра ўсё пагаварыць. У часы, калі мы рабілі кароткія версіі, мой рэкорд — запіс трох інтэрв’ю ў дзень. Але мы скончылі ў 10 вечара і галава была проста ніякая. Аператар таксама быў выматаны.
Мы яшчэ забылі батарэйкі ад камеры ў першай студыі, дзе здымаліся. А гэта выходны дзень. Мы званілі ў тую студыю, а яны закрыліся, кажуць, прыязджайце ў панядзелак. Аператар бедны паехаў дахаты браць запасныя камеры. І гэта ўсё яшчэ зацягнулася, і мы, напэўна, стартавалі ў 8 вечара. Гэта было эпічна.
«Еду на лекцыю і шыю панталоны». Кацярына Ваданосава расказала пра новы аўтарскі праект
Я вырашыла, што тры інтэрв’ю за дзень — гэта здзек з сябе, з аператара. Эмацыйна гэта таксама шмат сіл забірае. Пакуль я інтэрв’ю не запісала, я ўвесь час у напружанні. Ты павінен заставацца сабраным, думаць пра героя, пра тэмы, сачыць, куды ён павёў, думаць пра тое, што яшчэ можна спытаць. Пасля інтэрв’ю я звычайна ўжо выціснуты лімон.
«Часта пытаюцца ў каментарах, дзе я апранаюся»
Як людзі ставяцца да грыму? Можа, хтосьці хоча лепш у кадры выглядаць ці наадварот, супраць?
— Не, звычайна ніякіх праблемаў няма. Калісьці ў Беларусі ў нас быў візажыст, які грыміраваў людзей для інтэрв’ю. Але ў эміграцыі гэта вельмі дорага і фінансава немэтазгодна. Перад ад’ездам з Беларусі візажыстка паказала мне ўсё, што трэба рабіць, пэндзлікі, якія трэба купіць. Мы сабралі пакет усяго, што мне трэба.
Мужчынаў яна таксама грыміравала — слой танальніка, таму што — школа целека. На целеку ўсіх грыміруюць, вельмі моцна, незалежна ад пола. Я так не запарваюся з Youtube. Для мужчын дастаткова проста прыпудрыць твар, каб не блішчаў у камеры. З жанчынамі складаней, але ў нас большаць гераінь самі добра робяць мэйк-ап, таму я загадзя паперэджваю, што візажыста ў нас няма.
Стыліста ў нас няма, таму што я давяраю сабе. Для мяне шопінг — гэта антыстрэс. Мяне часта пытаюцца ў каментарах на Youtube, дзе я апранаюся. Апошнім часам ўсе мае вобразы — з цяпер ўжо майго любімага брэнда COS. У меня зараз прыкладна ўсё ў адным стылі — склаўся гардэроб.
[Героям] абсалютна парад не даю. Толькі калі я ведаю, што мы здымаемся ў белай студыі, папрашу белае не апранаць. Ці наадварот.
Я стараюся падгадаць, каб адэкватна глядзецца побач з чалавекам. Калі я ведаю, што чалавек будзе апранацца проста, таму што ў яго такі стыль, то я таксама не хачу выпендрывацца — шпількі, нейкія гламурныя блузкі. Калі ў нас цяжкая размова, я буду старацца не выглядаць як весёлка.
«Будзе страляць ці прозвішча, ці нейкая унікальная тэма»
Што будзе з відэа пасля запісу? Як гэта рэзаць? Колькі прадукта застаецца па выніку?
— Нейкай задачы перада мной не стаіць. Напрыклад, пакінуць паўтары гадзіны. Трэба пакінуць усё, што цікава, і выразаць усё, што не цікава. І гэта залежыць ад героя. Хтосьці гаворыць чыста, асабліва выкладчыкі універсітэтаў, палітолагі, аналітыкі, хто працуе языком. Гэтыя людзі — лёгкія героі для рэдактуры.
«Паглядзіце, што нарабілі мужчыны». Марына Ментусава — пра жанчын, што выратуюць свет, працу ў Расіі, асабістае жыццё і «Обычное утро»
Канешне, вельмі шмат герояў, для каго гэта не з’яўляецца прафесіяй. Людзям можа быць складана, калі гэта вельмі доўгая размова і трэба вельмі ўзважліва, хутка на ўсё адказваць без падрыхтоўкі — мы не дасылаем пытанні на агляд.
Мы стараемся, каб чалавек выглядаў максімально добра. Мы выразаем агаворкі, паўзы, паўторы. Выразацца можа ад 5 да 50 працэнтаў. Гэта залежыць толькі ад таго, ці ўдалося мне выцягнуць штосьці цікавае, новае, адметнае.
Як вы выбіраеце герояў?
— Мы арыентуемся на тое, што мы ведаем, публікуючы кожны дзень навіны для беларусаў на «Нашай Ніве». Мы глядзім, хто людзім цікавы, што людзям цікава, і з гэтыга сыходзім ў выбары героў і тэмаў. Таксама звяртаем увагу, хто глядзіць праект і спрабуем сабе ўявіць, хто яшчэ можа быць ім цікавы.
Канешне, нам важна, каб чалавек быў пазнавальны альбо з цікавай унікальнай гісторыяй. Тут можа быць два варыянты: будзе страляць ці прозвішча, ці нейкая унікальная тэма, гісторыя, штосьці, што працягне шырокую аўдыторую.
«Для гледачоў ты член сям’і»
Аудыторыя «Нашай Нівы» і «ТОК» перасякаюцца?
— Мне цяжка сказаць. Канешне, у нейкай ступені яны перасякаюцца. Я ведаю тых, хто і глядзіць «ТОК», і чытае «НН». Але сам па сабе Youtube – гэта абсалютна іншая прастора. Агромная колькасць тых, хто глядзіць Youtube, не чытае сайты. І мы гэта бачам па тым, што прамыя пераходы з сайта, з Telegram — мізэрныя. Аўдыторыя знаходзіць праект праз Youtube, а не праз знешнія платформы.
Як вы вывучаеце аўдыторыю?
— Унутраныя метрыкі і тыя водгукі, якія я атрымліваю ад гледачоў. Вельмі многія падыходзяць да мяне і кажуць, што «я гляджу, а мне тое падабаецца». І гэта вельмі важна. Часам абсалютна незнаёмыя людзі, на вуліцы, у краме да мяне падыходзлі і казалі, што «я гляджу, оч прыкольна».
Я злавіла сябе на думцы, што калі да мяне падыходзяць людзі, якія глядзяць мой праект, яны са мной загаворваюць так, нібыта мы ўжо даўно знаёмыя.
То-бок паколькі ты чалавек з целіка, то ў людзей, каторыя цябе слухаюць, ствараецца адчуванне, што яны цябе ўжо добра ведаюць. Яны цябе рэгулярна бачаць, ты для іх член сям’і! Яны цябе дома на целіку ўключаюць, і ты там ім дома, ў іх дамашняй абстаноўцы штосьці вяшчаеш. Ёсць адчуванне такой вось блізкасці.
Я прам кайфую ад гэтага адчування, што няма вось гэтага бар’ера, які звычайны ёсць з незнаёмымі людзьмі. Можна шмат цікавых рэчаў пачуць, пра жыццё пагаварыць.
І вы ў каментарах у Youtube актыўна перапісваецеся з каментатарамі.
— Я ўсе каментары прачытваю. Альбо стаўлю лайкі там, дзе неабавязкова адказваць, альбо адказваю там, дзе трэба адказаць. Мне гэта таксама вельмі важна, таму што я хачу адчуваць фідбэк. Я рэфлексую. Калі чалавек штосьці піша пра падумаць мне, праекту, пра героя, пра тэматыку, я гэта прымаю да ведама. Усё ж такі мы гэта робім не для сябе, мы гэта робім для людзей, якія глядзяць гэты праект.
Ці шмат адмоў ад герояў?
— Вельмі шмат. Ну, гэта натуральна. Якія плюсы чалавеку ісці ў праект? Мы за гутаркі не плацім — фінансавай выгады нуль. Магчымасць выказацца? Гэта важная рэч. Але ў цяперашняй сітуацыі людзі не асабліва гараць жаданнем выказвацца. Таму ахвотных мала. Звычайна многія гатовы гаварыць з тых, хто выяжджае, каму ёсць чым падзяліцца, у каго якія эмоцыі. Будзем спадзявацца, што будзе станавіцца больш людзей, хто гатовы гаварыць.
«На сайце працуюць самадастатковыя публікацыі»
У вас ёсць TikTok, Instagram «ТОК». Гэта асобныя прадукты ці спосабы прасоўваць Youtube?
— Гэта спосабы быць папулярнымі. Пазнавальнасць брэнда важная, і нават калі чалавек выпадкова пабачыць адну цытату на месяц двуххвілінную, і пабачыць, што гэта мы зрабілі, на падкорцы ў яго гэта застанецца.
Нават калі ён не прыйдзе на Youtube, кавалачкі, якія мы выразаем, самадастатковыя. Калі чалавеку гэта падсунула, ён гэта паглядзеў, можа быць, ён пра гэта парэфлексуе. Тут адны плюсы. Тым больш, што гэта асабліва нічога не вымагае, бярэцца той кантэнт, які мы ўжо наздымалі, і рэжацца.
І, як ты сказала, публікацыі на сайце кепска працуаюць для пераходу?
— Я мела на ўвазе лінк «Выйшаў новы «ТОК», ідзіце, паглядзіце». А на сайце працуюць самадастатковыя публікацыі. Калі нейкія цікавыя кавалкі рэдактары забіраюць, расшыфроўваюць, ставяць на сайт самадастатковымі артыкуламі. І можна сабраць яшчэ кучу праглядаў проста на самадастатковых урыўках. Таму што аўдыторыя розная. Камусьці прасцей хутка за 30 секунд прачытаць нейкую думку, якую чалавек данёс праз «ТОК».
Многія людзі не маюць столькі часу глядзець Youtube. Больш за тое, мы канкуруем з мільёнамі праектаў у Youtube, з Netflix, з плейстэйшэнам… З морам іншых спраў, яшчэ дом, сям’я, праца. Таму калі чалавек знайшоў час паглядзець — ура-ура-ура.
«Мы ўкладалі кучу фізічных рэсурсаў у тое, што не прыносіць эфекту»
Раз на тыдні – гэта аптымальная перыядычнасць?
— У Youtube хателася б больш. Перыядычнасць [зараз ТОК выходзіць 1–3 разы на месяц — БАЖ] сыходзіла з таго, што магчыма фізічна і з наяўнасці герояў. Кожны тыдзень — складана, таму што патрэбны героі. І сам псыходзіла з таго, што магчыма фізічна і з наяўнасці герояў. Кожны тыдзень — складана, таму што патрэбны героі. І сам працэс вырабу інтэрв’ю займае ў лепшым выпадку тыдзень.
Дарэчы, у які дзень вы выходзіце?
— У нядзелю. Мы абралі нядзелю, каб большая колькасць людзей мела магчымасць выдаткаваць дзве гадзіны на прагляд інтэрв’ю. Менавіта раніца, калі ты ў выхадны дзень прачынаешся, валяешся ў ложку да 12, але не спіш, можна ўжо штосьці фонам уключыць. Гэта павольны фармат — таму выхаднага дня.
Кацярына Кулакова: «Маладыя журналісты ў незалежных медыях ёсць! І я ўпэўнена — яны сябе пакажуць»
Яшчэ пра фарматы: у вас быў фармат «ТОК-шортс», але пасля ён знік. Чаму?
— Мы перыядычна эксперыментавалі. Нейкі час рабілі фільмы. Гэта было вельмі часазатратна, суперпрацаёмка і эфект не давала. Іх глядзелі менш, чым звычайныя інтэрв’ю. Атрымлівалася, што мы ўкладаем кучу фізічных рэсурсаў у тое, што не прыносіць столькі эфекту. Таму мы, паэксперэментаваўшы, вырашылі адмовіцца ад гэтага фармату.
У нейкі момант у нас была тэорыя, што будзе заходзіць фармат кароткіх інтэрв’ю, каторыя мы зможам рабіць часцей, каб павысіць рэгулярнасць на Youtube. Мы зразумелі хутка, што не, гэта не працуе, і нашай аўдыторыі не трэба. Гэта не тое, за чым яна прыходзіць на «ТОК».
Таму, трошачку паэксперыментаваўшы, мы зразумелі, што гэта не для нашай аўдыторыі. Гэта нармальна. Не трэба баяцца эксперыментаў, не трэба баяцца сказаць сабе, што мы гэта паспрабавалі, а гэта не спрацавала. Калі штосьці не працуе, трэба на працягу кароткага перыяду часу ад гэтага адмовіцца.
«Калі відэа збірае 100 тысяч праглядаў — гэта топ»
Што для вас добры выпуск? Якія у вас метрыкі? Прагляды, каментары, расшары, розгалас, скандалы?
— Усё разам. Мне важна, каб проста было цікава глядзець, цікава слухаць. З апошняга: я была ўпэўнена, што гэта афігеннае інтэрв’ю — з Дзімам Лукшам. Інтэрв’ю страшна захейцілі, асабліва першую частку, дзе ён распавядае пра працу на БТ у «Зона X». І атрымлівацца, што з‑за таго, што ён гаворыць, людзі не хацелі ставіць яму лайкі, таму што ён апісвае персанажаў БТ, міністра інфармацыі Маркава, сям’ю Эйсмантаў.
Больш за тое, яны яшчэ хейцілі сам факт, што пра гэта ўсё гаворыцца. Для мяне гэта было нечакана, таму што гэта ўнікальная магчымасць пагаварыць з чалавекам, які доўгі час знаходзіўся ўнутры сістэмы і зразумець яго мысленне, стаўленне да гэтых людзей, зразумець нейкія ўнутраныя інсайды, пра якія яшчэ ніхто не разказваў.
Мне здавалася — і дагэтуль так лічу, — што гэта вялікая ўдача, што ён менавіта «ТОК» даў інтэрв’ю, што ён раскрыўся, што ён не пабаяўся. Але я перажываю за яго, што агромную кучу хейту атрымала інтэрв’ю. Гэта адзінае інтэрв’ю, якое столькі хейту атрымала.
Я думаю, што яму таксама балюча. Чалавек адсядзеў, выйшаў, і на яго яшчэ зараз палілася куча гаўна. Але гэта таксама пра тое, чаго хоча аўдыторыя. Я пасля вельмі доўга разважала сама з сабой, што аўдыторыя зараз, як я бачу, хоча аўтарытэтных людзей для сябе — каго яна лічыць аўтарытэтамі, такімі маральными арыенцірамі, якія класна гавораць, якія даносяць свежыя думкі, якія не баяцца.
З такіх, хто быў суперпазітыўна ўспрыняты: Аляксандр Мілінкевіч. Мілінкевіча людзі слухалі б, напэўна, кожны тыдзень. Там яго проста ўзнеслі. Сам Мілінкевіч пасля мне пісаў, што ён у шоку, што, напэўна, ў яго гэтае інтэрв’ю адзінае, якое так шырока разыйшлося.
«Хейту ў маім жыцці было шмат». Што за дзяўчына здымае беларускіх артыстаў і папулярнае беларускае ютуб-шоу «О(б)суждаем»
Яшчэ адзін цікавы кейс, якім я была вельмі-вельмі ўсцешана — гэта інтэрв’ю з Розай Турарбекавай. Таму што гэта было першае партрэтнае інтэрв’ю. Аказалася, што літаральна апошні год-два Роза ўжо напрацавала аўдыторыю сваіх «фанатаў». І гэта інтэрв’ю акурат стала адкрыццём. Для многіх яе гісторыя была невядомая. Яна ўжо склалася як эксперт, як публічны аналітык, а вось як асобу яе мала хто ведаў. І дзякуючу «ТОКУ» яна раскрылася і для аудыторыі, і для публікі. І таксама куча захопленых водгукаў, агромная даўжыня прагляду.
Пра герояў — зразумела, а ёсць лічбы, на якія вы арыентуецеся?
— Няма такога. Я магу сказаць, што калі відэа збірае 100 тысяч праглядаў — гэта топ. «Сотка» – тое, да чаго мы імкнемся. Больш за 100 тысяч — супер.
«Людзі самі расказваюць вельмі многае, а я ім не замінаю»
У чым ваша унікальная гандлёвая прапанова? Чаму вас павінны глядзяць?
— Тое, што мне пісалі людзі, якія глядзяць праект: ім падабаецца, што ў гэтых інтэрв’ю мала мяне і многа героя. Прафесар універсітэта да мяне падыйшла і кажа: «Я калі слухаю вашыя інтэрв’ю, адчуванне, што вы ж нічога не робіце, а людзі вам ўсё самі расказваюць. Як вам так удаецца?».
Мая фішка — што часта людзі самі расказваюць вельмі многае, а я ім не замінаю расказаць іх версію. Я ведаю, што ў журналістыцы таксама вельмі цэніцца сярод іншых, калі журналіст атакуе. Гэта лічыцца топ-журналістыкай — што ты умееш нападаць, падкалваць, падсцёбваць, чапляць, тыкаць носам у тое, што чалавек сказаў, такая агрэсіўная манера. Я разумею чаму. Гэта складана, гэта маральна, напэўна, няпроста. Гэта цікава глядзець — такія дуэлі атрымліваюцца журналіста з героем.
Мне ў такім стылі было б некамфортна. Мой стыль абсалютна іншы. Я — мяккі чалавек. Больш за тое, я разумею: хто ў нашай сітуацыі будзе гатовы прыходзіць ў праект, калі апроч таго, што ты павінен раскрыцца, ты яшчэ прыходзіш і цябе змешваюць з гаўном і паказваюць ў самым непрыемным святле? Плюс гэта назаўжды застанецца ў гісторыі Youtube і ты назаўжды застанешся такім у памяці многіх людзей.
Мне здаецца, што гэты жанр патрэбны і ён правільны, але гэта хутчэй жанр для свабоднага свету, калі ёсць свабодная інформ-прастора і людзі не рызыкуюць многім, калі гавораць з табой.
Я думаю, што задача «ТОКА» зараз — раскрываць людзей, а не знішчаць. Мне здаецца, няма нічога заганнага ў тым, каб данесці пазіцыю чалавека. І калі пазіцыя чалавека не супадае з маёй, гэта нармальна. Мне важна паказаць, як думае чалавек, нават калі гэта непапулярная думка.
Ці праўда, што доўгія фарматы — гэта неэфектыўна і прасцей зрабіць 50 ціктокаў, чым вялікае відэа?
— Гэта эфектыўна, таму што платформы розныя, звычкі спажывання розныя. Тыя, хто глядзіць Youtube, могуць не глядзець TikTok і наадварот. Youtube — для доўгіх разважлівых праектаў. Там фарміруецца лаяльная пастаянная аўдыторыя. Гэта тое, што ты не спажываеш на хаду -—не свайпаеш кожныя дзве секунды ў нейкім патоку інфармацыі неўсвядомлена.
У нашым регіёне не папулярныя падкасты, і многія слухаюць Youtube як падкаст. Гэта таксама ок — пра такое спакойнае спажыванне. Калі ты можаш рабіць нейкую неінтэлектуальную работу, ну, кшталту, смажыць яечню, паралельна твой мозг заняты нейкім карысным дзеяннем. Бо калі мы пачнем жыць паўтарахвіліннымі інтэрв’ю… У такім мысленні ты не можаш сканцэнтравацца на чымсьці, падумаць, паразважаць. Гэта як есці на хаду — таксама ок, але адрознае.
Як ты думаеш, ці яшчэ не позна ісці ў вялікія відэа, ісці ў Youtube?
— Адназначна яшчэ не позна. Толькі праблема, што трэба штосьці цікавае прапанаваць.
Праблема беларускіх праектаў зараз, што мы ходзім па адных і тых жа героях. І асабліва не прыдумляем новых фарматаў.
Мне падабаецца беларускі праект «О(б)суждаем», таму што яны выйшлі з абсалютна новым фарматам, новым падыходам. І так класна з душой гэта ўсё робяць. Калі будуць з’яўляцца новыя «О(б)суждаем», калі людзі нечым гараць і могуць з гэтага рабіць класны прадукт, гэта супер.
Парады ад Насты Роўды для тых, хто пачынае праект
- Не шукайце чалавека пад праект, ідзіце ад асобы.
- Рабіце тое, што вам падабаецца рабіць, а не тое, што «трэба».
- Працуйце над сабой, каб быць цікавым чалавекам і суразмоўцам.