• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Настасся Зелянкова: На Купалле, дзе голымі сягалі ў рэчку, мяне не пусціла рэдакцыя

    Журналістка інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Настасся Зелянкова, якая піша пра палітыку ды грамадства, падрыхтавала да выдання кнігу "В постели с белорусом: из истории национального секса". Замовіць асобнік можна тут. Мы ж паразмаўлялі з Настассяй пра свабодныя норавы беларускіх жанчын ды ейны досвед у полавым выхаванні дзяцей.

    Настасся Зелянкова

    “Кніга таму і па-руску, што мне хацелася паказаць не надта зацікаўленым людзям нашу гісторыю праз такую вострую тэму. У нацыянальна свядомых людзей нічога абуджаць не трэба, яны і так усё ведаюць. Гэтая кніга для тых, хто пасля прачытання можа сказаць: “Ого, беларусы крутыя, а мы і не ведалі”, — аўтарка пачынае размову адказам на абвінавачванні ў інтэрнэце патэнцыйных чытачоў, падкрэслівае, што ў кнізе сабраныя толькі факты, але ніяк не фантазіі і прыдумкі.

    Ці шмат у беларускай гісторыі было канфліктаў, звязаных з пачуццямі?

    — Нямала. Тыя ж дынастычныя шлюбы былі звязаныя з такімі адносінамі. Напрыклад, Ягайла спрабаваў ажаніцца з Ядвігай, калі яна была заручаная з герцагам Аўстрыйскім Вільгельмам. Кажуць, Ядвіга нават з сякераю кідалася да варот Кракаўскага замка, каб сустрэцца з каханым. А потым усё ж яе неяк угаварылі на шлюб з Вялікім каралём літоўскім. Ці апошні Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст Станіслаў Панятоўскі — ён быў каханкам Імператрыцы Кацярыны, а да таго ж меў вялікую колькасць палюбоўніц і пазашлюбных дзяцей, якія пасля бралі шлюб з прадстаўнікі еўрапейскай знаці.

    — Якое амплуа у беларускіх жанчын у нашай гісторыі, бо ў падручніках прадстаўленыя досыць прагрэсіўныя асобы — Рагнеда, Еўфрасіння, Бадунова?

    — Жанчыны з нашых зямель заўсёды лічыліся актыўнымі і больш свабоднымі. А польскія гісторыкі, напрыклад, увогуле пісалі пра ліцвінак як пра распусных жанчын, якія маюць і мужоў і палюбоўнікаў. Нельга сказаць, што тут адбываліся Садом і Гамора. Проста для палякаў з іх моцным касцёлам, які істотна ўплываў на жыццё, тутэйшыя норавы здаваліся неймавернай распустай. Канешне, няма дыму без агню: былі і пазашлюбныя стасункі, і разводы.

    Цікава, што нашыя продкі разводзіліся і з такіх прычын, як халоднае стаўленне жанчыны да мужа ці бяссілле мужа ў ложку.

    Настасся Зелянкова

    Вядомы выпадак, калі жанчына сышла ад мужа, бо той быў геем. Размова пра Канстанцыю Сангушку-Рагалінскую, гэта пачатак 18 стагоддзя. Яе першы муж Януш Сангушка быў гомасэксуалам і, нягледзячы на ​​ўсе намаганні сям’і, застаўся абыякавым да прыгажуні жонкі. Усе бацькоўскія грошы Януш марнаваў на палюбоўнікаў, адорваючы сваіх фаварытаў маёнткамі і каштоўнасцямі. Дайшло да таго, што ягоны бацька Павел Сангушка нават загадаў пабіць дубцамі аднаго з кавалераў сына, але дамогся толькі таго, што Януш перастаў відавочна дэманстраваць свае схільнасці.

    Канстанцыя пакрыўдзілася на такое абыходжанне і вярнулася дадому. А спроба прымірэння не мела поспеху, бо, вярнуўшыся да мужа, жанчына так і не дачакалася ад яго выканання шлюбных абавязкаў. Жывучы ў асобных пакоях і не атрымліваючы ад мужа нічога, акрамя «добрай раніцы» і «добрай ночы», Канстанцыя ў выніку канчаткова з’ехала і жыла асобна. Пазней яна выйшла замуж за маладога прайдзісвета, ды так і не зведала сямейнага шчасця.

    Шматлікія сведчанні пра інтымнае жыццё шляхты можна знайсці ў тагачаснай перапісцы. Эпісталярныя помнікі, якія дайшлі да нашых дзён, — проста скарбніца такой інфармацыі. Да прыкладу, лісты караля Яна Сабескага (17 стагоддзе) да сваёй жонкі Марысенькі. 40 гадоў палкай страсці, 13 дзяцей і 4000 лістоў, у якіх муж і жонка даволі адкрыта апісвалі свае пачуцці.

    Напрыклад, ліст караля, дзе ён паведамляў сваёй жонцы пра калмыка, які ў яго служыў і ведаў шмат любоўных пазіцый. Кароль пісаў, што гэты «найраспутнейшы гультай пераўзышоў усіх у мастацтве любові, і французаў, і італьянцаў, і іспанцаў, і туркаў» і рабіць гэта можа на «дванаццаць розных ладоў, чаму навучыўся ў калмыкаў». Далей Сабескі дадаваў: «Гэта ж табе, мая Спадарыня, на добрую ноч, каб было пра што падумаць, чаму вучыцца і да чаго рыхтавацца, і са свайго боку што новага прыдумаць, калі мяне Гасподзь Бог здаровым да сэрца Твайго прывядзе».

    Адзначу, я карысталася адкрытай інфармацыяй, падрыхтаванай нашымі гісторыкамі, фалькларыстамі. У кнізе няма маіх фантазій. Мая праца заключаецца ў тым, што я сабрала матэрыялы ды структуравала іх паводле эпох. Напрыклад, пра сэкс грунтоўныя працы пісалі гісторыкі Аляксандр Гужалоўскі — “Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919—1929 гг.)”, Наталля Сліж — “Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стст”. 

    — Этнографы адзначаюць, што каталіцкая частка Беларусі стала больш «стэрыльнай», у той жа час як на праваслаўнай тэрыторыі паганства квітнее і дагэтуль.  Ці адбіўся канфесійны падзел на інтымным баку жыцця людзей?

    — Калі глядзець па розных перыядах, то ў 16 стагоддзі пра сэкс пісалі і гаварылі нашмат больш, было шмат нявенчаных шлюбаў, у літаратуры было больш фізіялагічных, а не рамантычных апісанняў . У 17–18 стагоддзі, калі царква пачала больш кантраляваць жыццё людзей, момант прыстойнасці стаў больш важным. Я кажу найперш пра дэклараваную культуру. Але тое ж 18 стагоддзе лічылася векам распусты, бо гісторыкам вядома пра рэдуты, якія ладзіла шляхта. Гэта спецыяльныя платныя балі з танцамі і пачастункамі, часам маскарадамі. Пакуль адны балявалі, іншыя маглі сустрэцца і правесці час у асобных пакойчыках, ключ ад якіх выдаваў за грошы гаспадар дома. Муж не ведаў, што рабіла жонка, тая — чым займаецца ў гэты час муж.

    Нездарма Сімеон Полацкі ў сваім вершы “Цуды свету”, узгадваючы пра дасягненні эпохі, разам з адкрыццём Амерыкі, прыдумкай компасу называе лекі ад сіфілісу. Гэта шмат пра што кажа.

    — А што адбывалася ў жыцці вяскоўцаў? Грамада была лаяльнай ці наадварот строга кантралявала жыццё людзей?

    — Трэба разумець, што шмат што залежала ад культурных традыцый, мясцовасці і гэтак далей. Калі ў адной вёсцы нешта было зафіксавана, то не значыць, што аналагічная традыцыя была і за 300 кіламетраў. Але ў цэлым грамадства жыло ў адным кантэксце.

    Мяркуючы па фальклорным крыніцам, побыт нашых продкаў не зводзіўся выключна да функцыі працягу роду. І хай сваю «Камасутру» беларусы не стварылі, але тэхнікай сэксу валодалі не горш за індусаў, пра што не прамінулі згадаць у песнях.

    Сядзіць свацця на елі,

    Распусціўшы калені.

    Або:

    Ой, цешча мая, буду развадзіцца —

    Твая дочка пада мной плоха шэвяліцца.

    Ой, зяць дарагі, штой-та мне не верыцца:

    Пад харошым мужыком і браўно шавеліцца.

    Але трэба разумець, што такія саромныя прыпеўкі не спявалі ў побыце, пры дзецях, а звычайна сярод дарослых, падчас нейкага радзіннага рытуалу і гэтак далей.

    —  Купалле проста сімвал эратызму ў беларускай культуры, у вас былі прыгоды на Купалле?
    — Я замужам ужо 17 гадоў! (Смяецца. — Заўвага аўт.). Калі я хадзіла ў школу, то ў народным калектыве мы ладзілі спевы, выступы, вяночкі запускалі, але гэта, канешне, моцна адрознівалася ад таго, пра што я даведалася пазней. А вось на Купалле, дзе голымі сягалі ў рэчку, мяне не пусціла рэдакцыя — пакінулі працаваць.

    — А што пісала дарэвалюцыйная прэса датычна тэмы сэксу?

    — Газеты актыўна пісалі «пра ГЭТА», хоць не заўсёды так маляўніча і вынаходліва, як аўтары «Мінскага слова» і «Мінскага кур’ера». Напрыклад, прыводзіліся афіцыйныя дадзеныя гарадской управы па пытанні нагляду за прастытуцыяй, у крымінальнай хроніцы распавядалася пра злачынствы на сэксуальнай глебе. Дарэчы, паведамленні аб згвалтаваннях тады былі даволі рэдкімі. Газеты пісалі пра адзінкавыя выпадкі, і то часцей з вёскі. У горадзе ж драматычныя сюжэты звычайна абмяжоўваліся спакушэннем пакаёвак.

    Газета «Наша ніва» пісала пра вярбоўку дзяўчат за мяжу для працы прастытуткамі. У №7 за 1913 год у артыкуле пад загалоўкам «Гандляр жывым таварах» паведамлялася пра раскрыццё канала паставак прастытутак з Віцебска ў ЗША:

    «У мэбляваных пакоях (гасьцініцы) арэштавалі невядомаго маладога чэлавека, каторы вышуківаў прыгожых маладых дзеўчат нагаварываючы іх на выезд у Амэрыку. Як пасьля ўдалося выкрыць паліціі, ён атпраўляў дзеўчат у Амэрыку у дамы распусты».

    Стракацелі газеты і адпаведнай рэкламай. «Голас правінцыі» ў 1907 годзе заклікаў: «Патрабуйце “Спермін” — найлепшы сродак для тых, хто пакутуе палавым бяссіллем, старэчай нямогласцю, істэрыяй». А газета «Окина» 30 кастрычніка 1907 года на першай старонцы змясціла рэкламу прэзерватываў:«Атрыманыя з Парыжа прэзерватывы — самыя найноўшыя, не рвуцца, без шва, а таксама пласцінкі (засцерагальнікі). Пытацца ў аптэкарскай краме Е.Г. Левітаса па вул. Губернатарскай. Добрыя прэзерватывы («без шва») каштавалі дорага — аж тры рублі за тузін. За гэтыя грошы можна было купіць пару выдатных скураных чаравікаў.

    У Мінску існаваў прыватны радзільны прытулак Бенцыона Ёльсана і Майсея Поляка на рагу Падгорнай і Каломенскі вуліц насупраць сучаснага будынка цырка. Там прымалі «сакрэтных» парадзіх, туды багатыя распуснікі, якія закруціць неасцярожны раман з прыслугай, з радасцю сплаўлялі ахвяраў сваіх захапленняў, будучы ўпэўненымі ў ананімнасці.

    Што тычыцца парнаграфічнай друкаванай прадукцыі, то на тэрыторыі Беларусі падобныя выданні не выпускалі. Аднак «без клубнічкі» беларусы не заставаліся. Часопісы і паштоўкі, як тады казалі, «у французскім жанры» альбо замаўлялі поштай, альбо куплялі з‑пад крыса: у кнігарнях ці ў прадпрымальных дзялкоў. Парнаграфічныя фотаздымкі таго часу адрозніваюцца ад сённяшніх хіба што абстаноўкай і спецыфічнай на сённяшні густ знешнасцю мадэляў. Нічога новага з тых часоў у гэтай вобласці не адкрыта.

    Вясной 1908 года праз гарадскую прэсу распаўсюдзіліся чуткі пра існаванне «Лігі вольнай любові». Газета «Минский курьер» расказвала чытачам, як адбываюцца сустрэчы таварыства: «Обширная комната. По сторонам у стен 5 кроватей. Разбросанное грязное постельное белье валяется по всей комнате. Посреди ее за столом, уставленным внушительной батареей пивных бутылок, — обширная компания. Все — гимназическая молодежь: юноши и девушки лет 17−19. Как видно, чувствуют себя здесь все прекрасно. Пиджаки и куртки поскиданы, кофточки расстегнуты. Одна молоденькая девушка совсем сбросила свою блузку, и сползшая рубаха обнажила ее худенькие белые плечи и грудь. Во главе стола — гимназист Алексей. Благодарная внешность помогла ему вовлечь доверчивую молодежь в свой кружок „свободной любви“. Кружок организован и делает все, о чем мечтал Алексей… Разговоры смолкли. Стало тихо.

    — Ну, деточки мои, — прервал тишину Алексей, — за дело, а то уже поздновато. Возьми себе каждый пару!»

    — У вас двое сыноў. Хто займаецца іх выхаваннем? Як адказвалі на першыя пытанні: «Мама, адкуль я ўзяўся?».

    — У нашай сям’і няма выразнага падзелу абавязкаў, бо кожны працуе, хоча развівацца. Таму ўсе выхоўваюць. Увогуле дзіцяці нічога нельга “прышчапіць”. Ён паўтарае тое, што бачыць і чуе. Я не помню, каб адмыслова расказвала дзецям пра слупкі і тычынкі. А вось мае бацькі мне расказвалі. Увогуле ў той час — 1990-ыя гады — пра гэта ўжо было шмат інфармацыі, мама мне прыносіла і кнігу, у якой расказвалася пра развіццё хлопчыкаў і дзяўчынак. А недзе ў маіх 15 год мама павяла на фільм кшталту “Дзікай архідэі”. Магчыма, таму я спакойна стаўлюся да тэмы сэксу.

    Тут можна падтрымаць выданне кнігі «В постели с белорусом: из истории национального секса».

    Фота Вольгі Хвоін

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці