• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Навіны ад журналістаў-палітвязняў: Фядута 2 гады ў няволі, Мажэйка ў чаканні апеляцыі, Сацук застаўся без дакументаў

    Больш за тры дзясяткі супрацоўнікаў незалежных медыя ўжо адбываюць пакаранні за прафесійную дзейнасць альбо яшчэ ў чаканні прысудаў. Сувязь з бальшынёй аднабаковая, з-за кратаў — мінімум інфармацыі. 

    Фядута: ужо два гады за кратамі і яшчэ восем у «запасе»

    12 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай «спецаперацыі» ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту быў затрыманы Аляксандр Фядута — медыяменеджар, палітолаг, літаратуразнаўца.

    Разам з палітыкам Рыгорам Кастусёвым і юрыстам Юрасём Зянковічам яму прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам». Ад таго часу, то бок ужо два гады, фігуранты за кратамі.

    Разгляд справы пачаўся летась 29 ліпеня ў Мінскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі бокам абвінавачання матывамі. Тым не меней, праз месяц пасяджэнняў пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення. 5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка не знайшоў прычын паставіць прапанову пад сумнеў і пакараў журналіста 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 29 лістапада Вярхоўны суд пакінуў прысуд у сіле.

    9 снежня Міністэрства ўнутраных спраў дадало Аляксандра Фядуту ў пералік грамадзян Беларусі, замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да «экстрэмісцкай дзейнасці».

    У канцы 2022 года вязня этапавалі з СІЗА №1 Мінска ў магілёўскую калонію № 15. 

    Сацук: у калоніі «зніклі» даведкі аб хранічных хваробах

    Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, нягледзячы на медыцынскія абмежаванні на падставе хранічнай хваробы сэрца, асуджанага на 8 гадоў зняволення рэдактара інтэрнэт-партала «Ежедневник» Сяргея Сацука прымушаюць займацца цяжкай фізічнай працай. 

    10 лютага Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю адваката палітвязня на неабгунтаваны жорсткі прысуд, пасля чаго яго этапавалі ў папраўчую ўстанову № 15 Магілёва. Адразу пасля карантына арыштанта пачалі размяркоўваць на пераборку і пагрузку металалому, што пры ягоным фізічным стане супрацьпаказана. 

    Аказалася, што па дарозе з турэмнага ізалятара ў калонію з асабістай  справы «зніклі» медыцынскія прадпісанні, а таму як «абсалютна здаровага» яго задзейнічалі ў працэсе «перавыхавання праз пакуты». Сваякі падрыхтавалі дублікаты даведак, але пакуль невядома, ці дайшлі яны да адрасата.

    Сяргея Сацука затрымалі 8 снежня 2021 года на падставе трох крымінальных артыкулаў: «атрыманне хабару» (арт. 430 КК), «распальванне варажнечы» (арт. 130 КК), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт. 426 КК).

    Судовы працэс пачаўся толькі летась 23 сакавіка, які потым шматразова ставіўся на паўзу. 19 кастрычніка адбыліся спрэчкі бакоў, а на наступны дзень дзяржабвінаваўца папрасіў прызначыць журналісту 8 гадоў зняволення. Яшчэ праз тыдзень суддзя Святлана Бандарэнка пагадзілася з пракурорам і прызнала фігуранта вінаватым у інкрымінаваных «злачынствах». Дадаткова яму прызначылі штраф у эквіваленце 16 тысяч беларускіх рублёў, таксама суд спагнаў у даход дзяржавы 12 тысяч рублёў.

    Залатых: здольнасць самаарганізавацца ў экстрэмальных умовах  

    Яшчэ не мінуў і тыдзень, як Мінскі гарадскі суд пакараў 4 гадамі калоніі дырэктара эканамічнага выдання «Белорусы и рынок», вопытнага медыяменеджара Канстанціна Залатых. 

    Як удалося высветліць БАЖ, цяпер юрысты працуюць над тэкстам апеляцыі, каб у адведзеныя тэрміны зарэгістраваць яе ў канцылярыі Вярхоўнага суда. У чаканні канчатковага вердыкта ён пакуль што застаецца ў СІЗА № 1 Мінска, хоць часцяком асуджаных пераводзяць у іншыя месцы, каб вызваліц «Валадарку» для шматлікіх іншых «палітычных». 

    Адразу пасля прысуду Канстанцін Залатых атрымаў магчымасць сустрэцца з роднымі. Цешыць, што журналіст не адыходзіць ад свайго фірмовага стылю: захоўвае аптымізм, дэманструе бадзёрасць, падтрымлівае тых, хто на волі.

    Фігуранту інкрымінавалі шэраг артыкулаў, пераважна дыфамацыйнага характару: арт. 368 ч. 1 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 130 ч. 2 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці); арт. 426 ч. 2 — перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў. 

    У працэсе агучвання аргументаў, атрыманых ад следства, бок пракуратуры прыйшоў да высновы: дырэктар газеты «Белорусы и рынок» актыўна выказваў «уласную тэндэнцыйную пазіцыю» на падзеі ў краіне, што, сярод іншага, выявілася ў абразлівых каментарах на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы, пакінутых у сацыяльных сетках. Акрамя таго, ён нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэбаў.  

    На гэтай падставе Канстанціна Залатых пакаралі 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму.    

    Мажэйка: давёў да слёз судовую залу і цяпер у чаканні апеляцыі

    Карэспанэнт беларускай рэдакцыі «Комсомольской правды» в Беларуси» Генадзь Мажэйка пасля агалошвання несуцяшальнага для сябе вердыкту яшчэ застаецца ў мінскім следчым ізалятары.

    Абарона журналіста падала апеляцыйную скаргу, у лепшым выпадку Вярхоўны суд прызначыць пасяджэнне на май — прынамсі ў  красавіцкім графіку ягонае прозвішча адсутнічае.   

    Нагадаем, Мінскі гарадскі суд 23 сакавіка агучыў вырак у дачыненні журналіста, абвінавачанага ў «распальванні варажнечы». Як і запатрабаваў перыд тым прадстаўнік пракуратуры, суддзя Таццяна Фалькоўская пакаралі Генадзя 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму.

    Удзельнікі фінальнай часткі працэсу, якую зрабілі адкрытай, дзяліліся, што апошнім словам Генадзь Мажэйка настолькі расчуліў прысутных, што мала хто стрымаў слязу.  

    Рэзанансны працэс заняў амаль 4 месяцы. Зацягнутасць тлумачыцца перадусім перапынкамі на экспертызы, якія ініцыявалі як бок абвінавачання, так і абарона вязня. Спачатку журналісту інкрымінавалі «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці» паводле ч. 1 арт. 130 КК, а ўжо ў следчым ізалятары з’явіўся эпізод на падставе ч. 1 арт. 368 КК — «абраза прэзідэнта». Менавіта апошняе «злачынства» і стала прадметам жорсткіх спрэчак.

    У выніку непацверджаную з боку журналіста «абразу» вынеслі ў асобную вытворчасць, над ідэнтыфікацыяй патэнцыйнага «злодзея» зноў працуюць следчыя.

    Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў «распальванні варожасці» і «абразе прадстаўніка ўлады» (пазней замянілі на «абразу прэзідэнта»). Падставай сталі падзеі ў Мінску 28 верасня, калі ў кватэру да праграміста EPAM Sys­tems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца байцы спецпадраздзялення КДБ. Адбылася страляніна, падчас якой гаспадар забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога.

    У нататцы пра надзвычайнае здарэнне карэспандэнт «Комсомольской правды» спаслаўся на аднакласніцу Андрэя Зельцэра, якая прыязна згадала пра сябра дзяцінства. За «гераізацыю тэрарыста» Міністэрства інфармацыі неадкладна заблакавала сайт выдання (kp.by), у адказ расійскія заснавальнікі заявілі пра немагчымасць дзейнасці беларускай рэдакцыі. 

    Чытайце яшчэ: 

    «Яны жывыя, а ня проста лічбы ў справаздачах». Як вядомыя беларусы і журналісты ўзялі апеку над палітвязьнямі

    Класкоўскі: Сістэма імкнецца запалохаць грамадства, каб ніхто не мог узняць галаву, каб не было альтэрнатыўнай думкі

    «Нужно на хлеб зарабатывать». Беларусские уличные художники — о рождении стрит-арта, протестах и сотрудничестве с государством после 2020-го

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці