Найлепшы бізнес, ініцыятыва, артыст, валанцёр і герой публікацыі. MOST Media запускае ўласную прэмію
Сёлета ў Беластоку прайшлі дзясяткі беларускіх мерапрыемстваў, запусціліся новыя бізнесы беларусаў, беларусы дапамагалі тым, хто меў у гэтым патрэбу. Рэдакцыя MOST з гэтай нагоды запускае першую прэмію, якая ўганаруе намаганні беларусаў у Беластоку.
— Мы запускаем гэтую прэмію, каб адзначыць тых, хто апынуўся за мяжой. На жаль, пакуль што мы можам бяспечна расказваць толькі пра тыя актыўнасці, што адбываюцца не ў Беларусі. Але мы лічым важным падтрымаць тых, хто захоўвае Беларусь і за яе межамі, — гавораць у рэдакцыі.
У першай «Прэміі MOST» будзе пяць намінацый:
-
Бізнес года. Апошняя хваля эміграцыі з Беларусі прынесла ў Беласток шмат бізнесаў, якімі карыстаюцца штодзень.
-
Ініцыятыва года. Акцыі, шэсці, мерапрыемствы — у Беластоку жывуць шмат беларусаў, якія могуць арганізоўваць самыя розныя актыўнасці і аб’ядноўвацца ў важныя і патрэбныя ініцыятывы.
-
Валанцёр года. Вайна ва Украіне і працяг міграцыі з Беларусі выклікалі неабходнасць у адданых людзях, якія дапамагаюць тым, каму гэта трэба.
-
Артыст года. Цягам апошніх гадоў у Беласток прыехалі дзясяткі творчых беларусаў. Некаторыя з іх працягваюць займацца кар’ерай і выступаць, некаторыя адкрываюць творчыя майстэрні, хтосьці працягвае маляваць альбо спяваць. У гэтай намінацыі мы адзначаем тых, хто знайшоў у сабе сілы працягваць ствараць.
-
Герой публікацыі MOST. У гэтай намінацыі пераможцу вызначае рэдакцыя MOST. «Герой публікацыі MOST» — гэта той або тая, пра каго журналісты MOST рабілі тэксты або відэа. Імя пераможцы мы агучым пасля заканчэння галасавання ў папярэдніх намінацыях.
Таксама можна прапаноўваць намінантаў ва ўсе катэгорыі ТУТ.