• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не спыняцца і не апускаць рук!» Распавядаем пра Ігара Ільяша — затрыманага журналіста «Белсату»

    Ліпеньская зачыстка грамадзянскай супольнасці закранула і журналістаў «Белсату». Сярод калегаў, якія апынуліся за кратамі, аказаўся і карэспандэнт, палітычны аглядальнік Ігар Ільяш, жонка якога Кацярына Андрэева знаходзіцца за кратамі з лістапада 2020 года.

    У Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі на прысуд карэспандэнткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Суддзі пакінулі прысуд без зменаў. На фота: Ігар Ільяш, муж Кацярны Андрэевай. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

    «Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей»

    Ігара Ільяша затрымалі 16 ліпеня, у ягонай кватэры прайшоў ператрус. Ягоныя акаўнты ў сацыяльных сетках былі выдаленыя, а аналітычны тэлеграм-канал – захоплены сілавікамі. Самога яго спачатку адвезлі ў Следчы камітэт, а пасля змясцілі ў ІЧУ. 19 ліпеня стала вядома, што журналіст застанецца за кратамі яшчэ прынамсі да 26 ліпеня.

    У чым канкрэтна яго вінавацяць, невядома. 20 ліпеня праваабаронцы прызналі Ігара Ільяша і іншых затрыманых журналістаў ды аналітыкаў палітвязнямі.

    Як распавялі сваякі журналіста, Ігар бадзёры, не зломлены, спакойны і сабраны. Ён сядзіць з палітычнымі, матрацаў і бялізны няма. Ігар перадаў, што лістоў можна не дасылаць, усё роўна не дойдуць. Ён таксама прасіў перадаць калегам:

    «Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей. Не спыняцца і не апускаць рук!»

    Хто такі Ігар Ільяш

    Ігару Ільяшу 33 гады. Свой чарговы дзень народзінаў ён сустрэў ужо за кратамі – 18 ліпеня. Ігар скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт паводле спецыяльнасці «філасофія». З 2008 года працаваў карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок». У 2014 годзе перайшоў працаваць у радыё «Свабода», а з 2017 года з’яўляецца карэспандэнтам «Белсату».

    Ігар Ільяш вядомы сваімі расследаваннямі: пра беларускіх сілавікоў, гаманцы рэжыму, зачысткі ў дзяржаўных установах і гэтак далей. Адной з галоўных тэмаў, над якімі ён працаваў разам са сваёй жонкай — таксама карэспандэнткай «Белсату» Кацярынай Андрэевай, быў удзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны на баку прарасейскіх сепаратыстаў і пра іх апеку з боку беларускіх сілавікоў. У лютым 2021 года, каля Каця ўжо была асуджаная за стрым з плошчы Пераменаў 15 лістапада 2020 года, выйшла іх супольная праца — кніга «Беларускі Данбас».

    Праца над кнігай у Кацярыны і Ігара заняла некалькі гадоў. Яна паказвае людзей, што ваявалі на Данбасе як з аднаго, так і другога боку, а таксама раскрывае шэраг спадарожных пытанняў, якімі тэма абрасла за гады працы над ёй. Гэта, напрыклад, асабістае стаўленне беларускіх спецслужбоўцаў да ўдзельнікаў канфлікту, нелегальны гандаль беларускіх прадпрыемстваў, у тым ліку дзяржаўных, з фірмамі, што паводле СБУ фінансуюць тэрарызм ва Украіне, лёс беларусаў, што ваявалі ў групе Вагнэра, ды іншыя.

    Неўзабаве пасля выхаду кніга была прызнаная беларускімі ўладамі экстрэмісцкай, а за яе ўвоз у краіну людзей пачалі прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці.

    У краіне Ігар працягваў заставацца да апошняга, нягледзячы на затрыманне жонкі і ўласны арышт на 15 содняў у лістападзе мінулага года нібыта за ўдзел у пікетаванні. Таксама ён вёў уласны аналітычны тэлеграм-канал, у якім аналізаваў актуальныя падзеі ў Беларусі. Зараз гэты канал захоплены сілавікамі.

    «Што наогул рабіць у сітуацыі, калі нашыя калегі за кратамі? Для сябе я адказ на гэтае пытанне знайшоў: мы павінны, сашчаміўшы зубы, выконваць свае прафесійныя абавязкі тут і цяпер. І не проста выконваць свае прафесійныя абавязкі – мы павінны працаваць у 2, 5, 10 разоў лепш, чым працавалі раней. Яны абвясцілі нам вайну, бо жудасна баяцца праўды, баяцца фактаў. Значыць, наш адказ павінен быць адзін: яшчэ больш праўды, яшчэ больш фактаў», – пісаў Ігар пасля вынясення прысуду Кацярыне.

    «Самаахвярнасць людзей стварае праблему рэжыму»

    Дзядуля Кацярыны Андрэевай — таксама журналіст Сяргей Ваганаў — у каментары belsat.eu адзначыў, што асабіста не ведаў Ігара, пакуль той «не з’явіўся ў нашай хаце з кветкамі для Каці». Але яшчэ да таго ён сачыў за аналітыкай і артыкуламі Ільяша, і збольшага яму яны падабаліся. Паводле яго, Ігар вельмі настойлівы і ўпарты журналіст, адзін з лепшых аналітыкаў Беларусі, «маральна вытрыманы чалавек».

    Сяргей Ваганаў адзначыў, што разам з бацькамі ўгаворваў Ігара і Кацю з’ехаць з Беларусі дзеля бяспекі, але тыя нават не хацелі размаўляць пра гэта, «адчуваўся ўнутраны супраціў». Раілі Ігару з’ехаць і пасля таго, як Каця ўжо была за кратамі.

    «Не ведаю, ці правільна ён зрабіў, ці не. Але ён прыняў такое рашэнне. Што тут зробіш? Але ж калі так здарылася, то я лічу, што самаахвярнасць людзей, якія трапілі за краты, якія застаюцца тут пад рызыкай, ствараюць для рэжыму больш важкую праблему. Нездарма ж рэжым прапануе пісаць просьбы аб памілаванні», — падкрэсліў Сяргей Ваганаў.

    Зараз Ігар за кратамі. За што канкрэтна — невядома. Пры гэтым былі знішчаныя ягоныя прыватныя старонкі ў сацсетках і аналітычны тэлеграм-канал.

    «Гэта поўнае ігнараванне правоў чалавека. Ён яшчэ не асуджаны, ёсць прэзумпцыя невінаватасці. Але ж чаму пазачынялі такім чынам ягоныя асабістыя каналы?» —  задаецца пытаннем Сяргей Ваганаў.

    Цяпер за кратамі ў Беларусі 4 журналісты «Белсату»: Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Ігар Ільяш, Ганна Галёта.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці