«…А не то сядзеш на доўга-доўга. Зразумеў?» Блогеру Андрэю Павуку ізноў пагражаюць
Новая правакацыя супраць блогера Павука.
Увечары 3 красавіка відэаблогеру, сябру ГА “БАЖ” Андрэю Павуку патэлефанаваў незнаёмец з мабільнага нумара +375333104920, які назваўся Аляксандрам Фарыдавічам. Сувязь абарвалася. Праз тры хвіліны той жа незнаёмец тэлефанаваў ужо з нумара +79677314403 і заявіў, што ён намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама Файзулін Аляксандр Фарыдавіч, — паведаміў Андрэй Павук карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Невядомы ад імя Файзуліна стаў выказваць на адрас блогера пагрозы: “Перастань запускаць ужо свае ролікі, уладкуйся на працу… Мы ж будзем супраць вас шукаць нейкія іншыя рычагі ўздзеяння. Ну штосьці, напрыклад, ад вашага імя замініраваць альбо знайсці забаронены які-небудзь прадмет у вас”.
Паводле слоў блогера, голас у мабільніку з кожнай хвілінай рабіўся ўсё больш жорсткім, адкідваліся ўсялякія сантыменты: “Давай, сынок, заканчвай усялякай ерундой займацца і бярыся за галаву, а не то сядзеш на доўга-доўга. Зразумеў?”
Андрэй Павук наважваўся задаць некалькі пытанняў “суразмоўцу”, кшталту, што ён парушае ці робіць няправільна? Але незнаёмец абрываў яго: “Таму што, бл… Не трэба пытанняў! Тут я пытанні задаю! Калі ты ўжо сядзеш туды, куды трэба, тады і будзеш ведаць, што парушыў”.
Адразу пасля размовы Павук патэлефанаваў на першы нумар, але на другім баку мужчына адказаў, што адбылася нейкая памылка — ён не тэлефанаваў блогеру. І параіў званіць на нумар 102 у міліцыю.
Андрэй Павук запісаў пранкера і выклаў размову на YouTube, а яшчэ падрыхтаваў электронныя звароты ў пракуратуру, УУС і УКДБ з просьбай правесці праверку па згаданым факце, знайсці тэлефоннага хулігана і пакараць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Нагадаем, што гэта ўжо не першая падобная пагроза на адрас вядомага блогера, заснавальніка суполкі ў сацыяльных сетках “Рудабельская паказуха” і відэаканала на YouTube з такой жа назвай, дзе блогер мае звыш 13 тысяч падпісчыкаў. З прычыны пагроз і правакацый у дачыненні Андрэя Павука ГА “БАЖ” накіроўвала ліст міністру ўнутраных спраў Беларусі Юрыю Караеву з просьбай вызначыць зламысніка і прыцягнуць да адказнасці. Аднак органы ўнутраных спраў яго так і не выявілі.