Страты: не ўсе беларускія медыяпраекты перажылі высакосны 2024 год
БАЖ сабраў у адным месцы вядомыя кейсы закрытых медыяпраектаў: сайтаў, друкаваных выданняў, відэапраектаў. Большасць з іх не вытрымалі грузу фінансавых праблем, але гэта не адзіная прычына спынення.
Сайт KYKY замарожаны і перайшоў у сацсеткі
На самым пачатку 2024 года фінансавыя праблемы накрылі папулярны сайт KYKY.org: ён перастаў абнаўляцца. Рэдакцыя аб’явіла пра «перафарматаванне»: сайт быў замарожаны, палова каманды сышла, а выданне засталося толькі ў сацсетках.
Медыямэнэджэрка і дырэктарка KYKY Саша Раманава казала, што «мабільная рэдакцыя не нацэленая на абслугоўванне заблакаванага ў Беларусі сайта — адзіны спосаб выратаваць праект».
У жніўні Саша Раманава паведамляла, што «я пазбавілася медыя бізнесу, які мы з такой цяжкасцю стваралі ў Беларусі, затое самі праекты нікуды не падзеліся, @kyky_org і @thevillagebelarus жывуць у сацсетках, і я люблю іх новыя крэатыўныя каманды».
KYKY існуе з 2010 года і прэзентуе сябе як «разумны лайфстайл-часопіс».
«Каламбур» і «Один дома» спынілі існаванне
У жніўні 2024 года легендарныя дзіцячыя часопісы «Каламбур» і «Один дома» аб’явілі, што зачыняюцца пасля 27 гадоў існавання.
Апошні галоўны рэдактар Гена Алейнік расказаў, што на піку свайго існавання часопіс «Каламбур» выходзіў накладам звыш 220 тысяч экзэмпляраў. Гэты часопіс рабілі самыя дзеці для сябе: кожны мог даслаць свой твор у рэдакцыю.
Прычына — фінансавыя праблемы. У другой палове дзясятых рэдакцыя перайшла ў рэжым выжывання. Апошнія гады выданне рабіла стаўку на касплэерах ды прыхільнікаў коміксаў. Але наклады падалі, бо галоўныя чытачы —дзеці — перайшлі ў TikTok.
Апошні, 400 нумар часопіса, надрукавалі накладам 1200 экзэмпляраў у канцы 2023 года, але з‑за затрымак чытачы здолелі атрымаць іх толькі ў жніўні 2024-га.
Антыфэйкавы праект «Чаго брэшаш?» узяў перадышку
У канцы верасня пра сваё закрыццё аб’явіў антыфэйкавы праект «Чаго брэшаш?», які займаўся разборам прыёмаў дзяржпрапаганды.
Праект праіснаваў трохі больш за год. Аўтары разбіралі фэйкі беларускай дзяржаўнай прапаганды, хаця часам удзялялі ўвагу і крамлёўскім наратывам. Пры гэтым каманда не мела ўласнага сайта, а распаўсюджвала свой кантэнт у сацыяльных сетках: відэа крыху большага фармату выкладаліся на YouTube, а меншага — на TikTok.
Аднак 10 красавіка сацсеткі праекта «Чаго брэшаш?» прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Моцна ўпалі ахопы, асабліва ў YouTube і TiкTok. Напрыклад, YouTube заблакаваў рэкламныя кабінеты праекта. Праблему ўдалося вырашыць, аднак да гэтага інструмента распаўсюду матэрыялаў праект так і не вярнуўся.
Кіраўніца і вядоўца праекта «Чаго брэшаш?» Ганна Лепяшкевіч назвала дзве прычыны, па якіх спыніўся праект.
Каманда з чатырох чалавек «крышачку выдахлася».
«Увесь час глядзець беларускую прапаганду і спрабаваць яе аналізаваць – паверце, гэта цяжка. У нейкі час, нягледзячы на ўсё сваё крытычнае мысленне, нават у цябе прамільгне думка: а можа, не ўсё так адназначна? Напэўна, нашай камандзе трэба адпачыць», — казала Ганна Лепяшкевіч у інтэрв’ю БАЖ.
Другая прычына навізной не адрозніваецца – фінансавыя праблемы.
Каманда не мае дакладных планаў на будучыню: магчыма, праект адновіцца (у ранейшым ці ў змененым фармаце), але, верагодна, і не.
«Ноч з Чалым» сыходзіць. Ці назаўсёды?
Увосень было аб’яўлена пра закрыццё вячэрняга забаўляльнага шоў «Ноч з Чалым».
Комік Дзмітрый Нарышкін, адзін з удзельнікаў шоў, у эфіры «Медиажабы» выказаў надзею, што праект закрыўся не назаўсёды. Аднак сам Сяргей Чалы ў эфіры «Обычного утра» катэгарычна падкрэсліў, што чэрвеньскі выпуск «Ночи с Чалым» стаў апошнім.
А вось прычынай закрыцця шоў магла стаць як стомленасць самога Сяргея Чалага, так і той факт, што праект быў «грувасткім і вялікім». Кошт яго не называўся, але, як сцвярджаў Нарышкін, многія зайздросцілі бюджэту праекта.
Праект выходзіў з кастрычніка 2023 года на ютуб-канале «Чалый LIVE» .
«Ночь с Чалым» пазіцыянавала сябе як вечаровае шоў, якое спалучае жанры аўтарскай палітычнай аналітыкі і інтэрв’ю з запрошанымі гасцямі. У лютым 2024 года кантэнт Сяргея Чалага ў сацсетках прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
З 2022 года Чалы з’яўляецца аўтарам і вядучым праграм Беларускага расследвальніцкага цэнтра «Новости с Чалым» і «Чалый: Экономика».
«Шрайбман больше не ответит»
Напрыканцы года аб’яўлена пра закрыццё праекта «Шрайбман ответит» на ютуб-канале сайта «Зеркало». У рамках праекта палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман адказваў на пытанні пра беларускую і замежную палітыку.
Праект праіснаваў 3 гады, зроблены 73 выпускі, якія прагледзелі больш за 10 мільёнаў разоў на розных пляцоўках. «Зеркало» працягне супрацоўніцтва са Шрайбманам, але падрабязнасці абяцае раскрыць толькі пасля новага года.
— Тут усё вельмі проста. Я магу шчыра сказаць, што ў кожнага праекта ёсць свой цыкл жыцця. Мы вялі гэты праект з «Люстэркам» больш за тры гады. Ну і на мой погляд, час закругляцца. Пра тое, што будзе далей, я пакуль казаць не гатовы, — расказаў Шрайбман.
Медыі, якія апынуліся ў складанай сітуацыі
Напрыканцы 2024 года цэлы шэраг беларускіх медыяў накрыла хваля фінансавых праблем.
З канца лістапада не абнаўляецца сайт Маланка Медыя.
Сайт malanka.media прыпыніў працу на нявызначаны тэрмін яшчэ 15 лістапада з‑за недахопу фінансавання. Telegram-канал не абнаўляецца з 14 лістапада, Youtube-канал і іншыя сацыяльныя сеткі выдання працягваюць працу.
Фонд салідарнасці BySol па просьбе malanka.media аб’явіў збор 20 тысяч еўра на аднаўленне працы выдання.
Заяўленая сума збору дазволіць «утрымліваць сайт цягам пяці месяцаў і выплачваць заробкі чатыром супрацоўнікам». Рэдакцыя спадзяецца, што пасля гэтага донарскае фінансаванне будзе адноўлена.
Кіраўнік Malanka Media і стрымінгавай платформы Belarus Tomorrow Павел Марыніч падае праблему як глабальную для беларускіх медыяў ў выгнанні:
«Скончыліся грошы і калі будзе магчымасць фінансавання — не зразумела… І перспектыў ніхто не ведае. Гэтая сітуацыя пагражае ўсім беларускім незалежным медыям».
Калі сайт Маланка.Медыя не абнаўляецца з 15 лістапада і перспектывы цьмяныя, то іншыя выданні працягваюць працу, хоць і з цяжкасцямі. Спачатку адзіны беларускамоўны незалежны рэсурс Гомеля «Штодзень» аказаўся на мяжы закрыцця і папрасіў дапамогі ў чытачоў, а затым і рэдакцыя «Новага Часу» тэрмінова папрасіла падтрымкі.