Самыя небяспечныя краіны рэгіёну для беларускіх журналістаў. Складаем рэйтынг
Няма абсалютна бяспечных краінаў у свеце. А для беларусаў, асабліва журналістаў з «палітычным» бэкграўндам за плячыма, нават умоўна надзейныя тэрыторыі могуць утойваць дадатковыя рызыкі. Як вызначыць, дзе больш-менш бяспечна, а якія краіны лепш аб’язджаць? Разам з юрыстам, кіраўніком прававога цэнтра БАЖ Алегам Агеевым мы падрыхтавалі своеасаблівы гайд па бяспецы.
З чаго пачаць падрыхтоўку да паездкі
Беларускія журналісты (і ў эміграцыі, і ў Беларусі) перад выездам за мяжу часта пытаюцца: наколькі высокія рызыкі высылкі, экстрадыцыі і дэпартацыі існуюць у той ці іншай краіне? Якія крытэрыі варта ўлічваць, ацэньваючы рызыкі для беларусаў у той ці іншай краіне?
— Многія забываюць, што сама працэдура носіць прававы характар, — падкрэслівае Алег Агееў. Таму, адказваючы на пытанне пра ўзровень бяспекі той ці іншай краіны, трэба ацаніць, ці можна саму краіну аднесці да прававых дзяржаў. Як гэтая краіна ставіцца да сваіх міжнародных прававых абавязкаў і найперш — у галіне правоў чалавека? Калі дзяржава з’яўляецца членам Савета Еўропы, і, адпаведна, ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека і прызнала юрысдыкцыю Еўрапейскага суда — значыць для беларусаў ступень бяспекі ў такой краіне значна вышэйшая, чым у іншых.
Юрыст нагадвае: выбіраючы краіну для паездкі, трэба ўлічваць, ці падпісала гэтая краіна пагадненне з Беларуссю аб дапамозе ў крымінальных справах. Таму што беларускі рэжым выкарыстоўвае прававыя механізмы барацьбы са злачыннасцю для палітычных рэпрэсій. Таму пры ацэнцы ступені бяспекі ці небяспекі трэба ўлічваць наўянасць двухбаковых ці шматбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве па крымінальных справах.
Прававыя механізмы: як яны працуюць па-за межамі Беларусі
І толькі на трэцім месцы стаіць стаўленне той ці іншай краіны да ўнутранай сітуацыі ў Беларусі. Чаму такая чарговасць?
— Таму што любы запыт беларускага боку (аб экстрадыцыі ці выдачы) вырашаецца толькі прававымі механізмамі, якія дзейнічаюць у кожнай канкрэтнай краіне, — тлумачыць спадар Агееў.
Беларусы (дый не толькі) чамусьці перакананыя, што для прыняцця рашэння патрэбна толькі палітычная воля і, як у Беларусі, прэзідэнт тэлефануе старшыні суда і ўказвае: гэтага высылай, іншага не чапай. Прававыя механізмы ў цывілізаваных краінах працуюць інакш. Палітычная сітуацыя на вырашэнне гэтай праблемы аказвае настолькі невялікі ўплыў, што яго нават не варта браць у разлік. Хутчэй, трэба ўлічваць, ці прызнае краіна беларускую ўладу легітымнай, ці адпавядае запыт беларускага боку запыту легітымнага органа дзяржаўнай установы?
Хаця, вядома, палітычная сітуацыя ўплывае на прававое рэгуляванне.
— Разгледзім на прыкладзе Грузіі, якая істотна ўпала ў рэйтынгу бяспечных краін для беларусаў, — прапануе юрыст. — Палітычнае кіраўніцтва ўвяло ўнутранае прававое рэгуляванне так званых «замежных агентаў». Гэта яскравы індыкатар таго, што палітычная воля пайшла па трэку расійскіх уладаў і палітычны ўплыў на правы чалавека відавочны. Гэты індыкатар паказвае, як унутры Грузіі ставяцца да правоў чалавека. Калі бачна, што дзяржава не гатовая выконваць правы ўласных грамадзянаў, тады верагоднасць невыканання правоў грамадзян Беларусі істотна ўзрастае.
Таксама спадар Агееў успамінае падзеі ў Польшчы:
— Адтуль паступалі трывожныя званочкі пасля ўкаранення судовай рэформы, якую распачынала парламенцкая большасць ПіС. Прадпрымалася спроба трансфармаваць судовую галіну ўлады ва ўгоду палітычным сілам. Але на асенніх выбарах 2023 года партыя ПіС страціла параламенцкую большасць, што прывяло да змены ўраду.
Ацаніце ўсе рызыкі
Кожную краіну трэба ацэньваць асобна па 10-бальнай шкале, наколькі высокая верагоднасць, што краіна задаволіць запыт беларускіх улад пра экстрадыцыю ці выдачу.
У краін-членаў Савета Еўропы і прызнаўшых юрысдыкцыю Еўрапейскага суда гэты рэйтынг будзе значна ніжэйшы. Як і ў краін, якія ў нацыянальным заканадаўстве прапісалі павагу да чалавечай годнасці і выконваюць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека. І ў дзяржавах, якія разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, і могуць ацэньваць так званы «палітычны кантэкст».
Журналіст Андрэй Гнёт пераведзены ў Сербіі пад хатні арышт
Не заўсёды проста даць прамы адказ, бяспечна ехаць у тую ці іншую краіну ці не. Часта чалавеку трэба расказваць пра рызыкі і пра мадэлі паводзінаў пры рэалізацыі рызык.
— Любая дэмакратычная краіна, разглядаючы запыт беларускіх уладаў, будзе кіравацца сваімі прававымі працэдурамі. У адных краінаў рашэнне падобных пытанняў адносіцца да кампетэнцыі суда, у іншых — пракуратуры, — тлумачыць эксперт. — Таму не трэба баяцца, калі вас выклікаюць у суд, дзе вам давядзецца даказваць: а) рызыку палітычна матываванага пераследу; б) наяўнасць у Беларусі катаванняў; в) палітычны кантэкст, які сведчыць, што задавальненне запыту беларускага боку прывядзе да негатыўных наступстваў.
Гэта нармальная законная практыка, якая зусім не азначае, што ў гэтай краіне негатыўна ставяцца да ўсіх беларусаў агулам. Калі чалавека выклікаюць у суд ці пракуратуру, яму варта пракансультавацца з юрыстамі той краіны, дзе ён знаходзіцца.
Тры правілы, якія дапамогуць прыняць правільнае рашэнне
Праваабаронцы сфармулявалі агульныя правілы пры прыняцці рашэння, ехаць ці не ехаць у канкрэтную краіну.
Першае: трэба глядзець, наколькі развітая судовая сістэма і ці адпавядае нацыянальнае права крытэрыям і стандартам міжнароднага права, і перш за ўсё ў галіне правоў чалавека.
Другое: ці мае гэтая краіна двухбаковыя пагадненні з Беларуссю альбо ці з’яўляецца ўдзельнікам шматбаковых пагадненняў па супрацоўніцтве ў галіне крымінальнага права. Часам сілавыя ведамствы падпісваюць асобныя пагадненні пра партнёрства і супрацоўніцтва.
Трэцяе: як палітычнае кіраўніцтва краіны ставіцца да падзеяў унутры Беларусі. Умоўна кажучы, ці прызнала кіраўніцтва краіны вынікі беларускіх выбараў, ці павіншавала Лукашэнку з пераабраннем? І як ставіцца да мігрантаў з Беларусі? Стварае спрыяльныя ўмовы для легалізацыі мігрантаў з Беларусі ці наадварот, стварае перашкоды для ўезда ў краіну? Міграцыйныя палітыкі маюць свае асаблівасці: часта бывае, што ў большасці краін палітычныя змены ўнутры краіны ў выніку выбараў могуць уплываць на міграцыйную палітыку.
Гэтыя тры асноўныя фактары неабходна ўлічваць пры прыняцці рашэння.
У якія краіны ехаць не варта. Асабісты рэйтынг Алега Агеева
Цяжка зрабіць рэйтынг найбольш небяспечных краінаў без адмысловых даследаванняў, але можна назваць дзяржавы, якія хутчэй за ўсё выдадуць грамадзяніна Беларусі па запыце беларускіх уладаў.
- Расія.
- Таджыкістан.
- Тукменістан.
- Кыргызстан. Тут праблемы могуць узнікнуць з вялікай доляй верагоднасці.
- Казахстан. Краіна можа пачаць працэдуру разбору, але беларуса хутчэй за ўсё выдадуць.
- Узбекістан. Так, днямі стала вядома, што ГУБОПіК будзе атрымліваць звесткі пра беларусаў наўпрост ад узбекскага МУС.
- Грузія. Па індыкатарах небяспекі краіна набірае балы, страчваючы статус бяспечнай дзяржавы.
- Азербайджан. Хоць Азербайджан, Грузія, Турцыя з’яўляюцца членамі Савета Еўропы, відаць, з якім скрыпам у гэтых краінах рэалізуюцца стандарты Саветы Еўропы.
- Арменія. З постсавецкіх краінаў для беларусаў, у асабістым рэйтынгу Алега Агеева, ўзровень небяспекі тут значна меншы.
- Сербія. Ва ўсіх на слыху кейс Андрэя Гнёта. Няма дэталёвай інфармацыі, якой пазіцыі прытрымліваюцца бакі і які прадмет даказвання. Бачна, што з‑пад варты чалавека перавялі пад «хатні арышт». Аднак Сербія не адносіцца да тых краінаў, якія безумоўна выконваюць свае абавязацельствы ў вобласці міжнароднага права.
- Венгрыя. Яе таксама можна аднесці да краін з павышаным узроўнем небяспекі. Нацыянальнае заканадаўства ўнутры Венгрыі ігнаравала цэлы шэраг міжнародных абавязацельстваў краіны ў сферы правоў чалавека.