Некалькі соцень чалавек сустракалі Святлану Алексіевіч у Мінску
Некалькі соцень чалавек сустракалі ў аэрапорце нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святлану Алексіевіч, якая вярнулася сёння са Стакгольма ў Мінск.
Пісьменніцу сустрэлі крыкамі «Ура!» і «Дзякуй!», многія прыйшлі з кветкамі. Алексіевіч сказала, што ёй вельмі радасна бачыць так шмат людзей. Паводле слоў пісьменніцы, яна «крышку захварэла» і «крышку стамілася».
Каментуючы па просьбе журналістаў адсутнасць у аэрапорце дзяржаўных СМІ і афіцыйных асоб, Святлана Алексіевіч сказала: «Гэта зразумела». Яна таксама дадала, што не чакала прысутнасці чыноўнікаў. «Мяне сустракае народ», — падкрэсліла Алексіевіч.
У бліжэйшых планах нобелеўскага лаўрэата — «проста адпачыць».
Рашэнне аб прысуджэнні Святлане Алексіевіч прэміі па літаратуры было абнародаванае Нобелеўскім камітэтам 8 кастрычніка. Прэмія ўручана за «шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечванне пакутаў і мужнасці».
10 снежня кароль Швецыі Карл XVI Густаў уручыў беларускай пісьменніцы медаль і дыплом нобелеўскага лаўрэата на ўрачыстай цырымоніі ў Стакгольме.
Ні цырымонію ўзнагароджання, ні прамову Нобелеўскага лаўрэата беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не транслявалі.