Незалежнага журналіста Змітра Лупача чарговы раз будуць судзіць за супрацоўніцтва з “Белсатам”
У Шаркоўшчынскім раённым судзе 6 сакавіка будуць судзіць незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача. На яго заведзеная адміністрацыйная справа за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”.
Прыцягваецца журналіст да адказнасці зноў па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП. Шаркоўшчынскім міліцыянтам не спадабаўся сюжэт на тэлеканале “Белсат” пра малыя заробкі на Шаркоўшчыне і выжыванне людзей у такіх умовах.
Праваахоўнікі і на гэты раз праявілі клопат – прывезлі позву ў суд Змітру дамоў, у Глыбокае, папярэдні выклік у шаркоўшчынскую міліцыю таксама даставілі журналісту асабіста пад распіску.
Сёлета гэта будзе ўжо трэці па ліку суд па адміністрацыйнай справе, заведзенай на журналіста па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП за супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам “Белсат”.