• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Незалежная журналістка з Глыбокага Таццяна Смоткіна атрымала позву ў міліцыю

    Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы незалежная журналістка з Глыбокага Таццяна Смоткіна атрымала позву ў міліцыю. Яе прынёс дадому журналістцы ўчастковы інспектар Докшыцкага РАУС Дзмітрый Юхновіч.

    Таццяне трэба з’явіцца ў Докшыцкі РАУС 4 траўня ў якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс. На пытанне па якой справе і за які артыкул у СМІ, міліцыянт адказаў, што яна пра гэта даведаецца, калі прыйдзе ў міліцыю.

    Паводле Таццяны Смоткінай, такой рэакцыі ўладаў яна чакала, бо нядаўна на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” быў апублікаваны матэрыял пад назвай “Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам” і выйшаў рэпартаж “Страчаны давер”.

    «Улічваючы тыя ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць журналістам-фрылансерам, было загадзя зразумела, што такія матэрыялы не застануцца па-за ўвагай уладаў. Але, хто будзе агучваць набалелыя праблемы простых людзей, калі не незалежныя журналісты. А ў людзей баліць шмат дзе, і звяртаюцца яны да журналістаў недзяржаўных СМІ, як да апошняй інстанцыі», — гаворыць Таццяна Смоткіна.

    Але, вядома, каб не прыцягваць павышанай увагі да такіх праблемных матэрыялаў, улады прыцягваюць да адказнасці журналістаў за іншыя сюжэты і публікацыі, кшталту “Дарогі ў Глыбокім стануць пазітыўнымі” (пра размалёўванне вучнямі мастацкай школы каналізацыйных люкаў). Так і на гэты раз будзе. Калі выклікаюць у Докшыцкі РАУС, то, хучтэй за ўсё, будуць прыцягваць да адказнасці за апошні матэрыял з гэтага раёна: “Вываз смецця — паслуга абавязковая”.

    2 траўня докшыцкія міліцыянты шукалі і Змітра Лупача, каб уручыць і яму позву. Але незалежнага журналіста дома не аказалася. Тады яго па тэлефоне  запрасілі ў Докшыцкі РАУС  і абяцалі прывезці або даслаць позву.

    Дарэчы, Зміцер Лупач таксама займаўся тымі ж тэмамі, што і Таццяна Смоткіна, але для іншага СМІ.  

    У гэтым годзе на Таццяну Смоткіну распачата першая справа, на Змітра Лупача  — ужо пятая. Журналістаў-фрылансераў  судзяць за іх дзейнасць амаль штогод.

    Напярэдадні Сусветнага дня свабоды прэсы Еўрапейская федэрацыя журналістаў выступіла з заявай салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія церпяць пераслед.

    Гэта найбуйнейшая арганізацыя журналістаў у Еўропе, якая прадстаўляе больш за 320 тысяч журналістаў у 44 краінах. Яна заклікае беларускія дзяржаўныя органы неадкладна спыніць беспрэцэдэнтную хвалю пераследу незалежных журналістаў і даць беларускім калегам юрыдычныя гарантыі для іх прафесійнай дзейнасці. 

    Нагадаем, 3 траўня па ініцыятыве ААН адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы. Тэма гэтага дня ў 2018 годзе “Трымаць уладу пад кантролем: СМІ, правасуддзе, верхавенства закона”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці