Ніводзін з буйных беларускіх апэратараў не ўключыў украінскі тэлеканал UATV. «У многіх прарасейская пазыцыя»
Дагэтуль ніводзін з трох найбуйнейшых кабэльных апэратараў не ўключыў у свае пакеты ўкраінскі тэлеканал UATV, які ў канцы студзеня атрымаў дазвол на вяшчаньне ў Беларусі.
Кіраўніцтва дзьвюх краінаў узгадняла вяшчаньне ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу ў Беларусі з 2014 году.
UATV — украінскі дзяржаўны тэлеканал замежнага вяшчаньня, мае эфіры на ўкраінскай, расейскай, крымскататарскай, ангельскай і арабскай мовах. 24 студзеня міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч падпісаў загад, які дазволіў тэлеканалу распаўсюджвацца на тэрыторыі Беларусі.
Агулам у Беларусі дзейнічаюць амаль паўтары сотні кабэльных тэлеапэратараў, якія абслугоўваюць 3,5 мільёна абанэнтаў. Лідэрамі рынку ёсьць тры кампаніі:
- МТІС (Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі) — каля 600 тысяч абанэнтаў;
- «Вэлком» (Voka) — 250 тысяч;
- «Космас Тэлекам» — 120 тысяч.
Мы пацікавіліся, хто зь іх плянуе ўключыць ва ўласныя пакеты ўкраінскі тэлеканал UATV.
МТІС: ідуць перамовы
Генэральны прадусар прадпрыемства «Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» Аляксей Гурскі сказаў Свабодзе, што ўкраінскі тэлеканал пакуль ня ўключаны ў сетку, бо «ідуць тэхнічныя перамовы».
«Тут няма ніякай палітыкі. Гэта бізнэс. Да нас яны зьвярнуліся каля тыдня таму».
«Вэлком»: каналу няма
У кампаніі «Вэлком» паведамілі, што каналу UATV на іхным кабэльным сэрвісе Voka няма.
На пытаньне, ці будзе, адказалі, што, на жаль, пакуль ня могуць пацьвердзіць.
«Космас ТВ» яшчэ не прыняў рашэньня
«Космас ТВ» «яшчэ не прыняў рашэньня» аб уключэньні для распаўсюду ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканалу UATV. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў службе тэхнічнай падтрымкі апэратара. Хоць, паводле інфармаванай крыніцы Свабоды, кампанія ўжо адказала адмовай на гэтую прапанову.
«Космас ТВ» на 50% зьяўляецца часткай расейскага тэлекамунікацыйнага холдынгу «АКАДО». Генэральным дырэктарам кампаніі з 2013 году працуе экс-кіраўнік КДБ Беларусі Вадзім Зайцаў.
UATV паказваюць толькі тры менскія апэратары
Пакуль у Беларусі ўкраінскі тэлеканал UATV уключылі для распаўсюду толькі тры менскія апэратары кабэльнай тэлевізіі. Пра гэта Свабодзе паведаміў Вадзім Ціхановіч, дырэктар кампаніі «Навігатар ТВ», якая зьяўляецца афіцыйным дыстрыбутарам тэлеканалу ў Беларусі.
«Па стане на 8 лютага было падпісана 14 дамоваў з апэратарамі. Зь іх тры апэратары ўжо ўключылі канал. Гэта УП «СЭТ», ЗАТ «Эфір» і «Німфадора».
Кожны з апэратараў павінен паведаміць Міністэрству інфармацыі Беларусі пра сваё жаданьне ўключыць канал для распаўсюду і атрымаць адпаведны адказ.
«Астатнія 11 апэратараў пераважна зь Берасьцейскай і Гомельскай абласьцей, якія бліжэй да Украіны», — сказаў Вадзім Ціхановіч.
«У многіх прарасейская пазыцыя»
Вадзім Ціхановіч кажа, што цікавасьць да UATV вялікая, але «ўсё залежыць ад кіраўніка кабэльнага апэратара». Паводле яго, «у многіх зь іх прарасейская пазыцыя».
«Ініцыятыва павінна ісьці ад абанэнтаў апэратара, каб яны патрабавалі ўключэньня гэтага каналу ў сетку апэратара, — кажа Вадзім Ціхановіч. — Каналы бываюць дарагія, такія як Discovery ці „НТВ плюс“. Украінскі ж фактычна бясплатны. То бок з эканамічнага гледзішча апэратару выгадна яго ўключыць. Нехта хоча, каб былі прадстаўлены розныя пазыцыі: і расейская, і ўкраінская. І гэта правільна, калі інфармацыя падаецца з усіх бакоў. І ўжо тэлеглядач сам вызначае, якой інфармацыі ён давярае больш».
Вадзім Ціхановіч прагназуе значнае пашырэньне вясной зоны вяшчаньня UATV.
«Мы вядзём перамовы», — сказаў дырэктар «Навігатар ТВ»