• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Ніякая прафесія за апошнія 20 гадоў не змянілася так моцна, як прафесія журналіста”

    У Мінску гэтымі днямі знаходзіцца намеснік старшыні Нямецкага саюза журналістаў (DJV) Вольфганг Грэбенхоф. На запрашэнне ГА «БАЖ» і Фонда імя Фрыдрыха Эберта ён прыехаў падзяліцца досведам працы сваёй арганізацыі ў якасці прафсаюза, што бароніць інтарэсы журналістаў і рэдактараў.

    У сустрэчы бяруць удзел актывісты ГА “БАЖ”, якія бачаць неабходнасць у развіцці прафсаюзнага накірунку дзейнасці журналісцкага аб’яднання.

    Вольфганг Грэбенхоф распавёў пра мэты, структуру, фінансаванне DJV, сервісы, якія арганізацыя прадастаўляе сваім сябрам. Нават з улікам розніцы ва ўмовах існавання недзяржаўных структур у Германіі і Беларусі многія факты зацікавілі беларускіх удзельнікаў.

    DJV – адна з 6 журналісцкіх арганізацый Германіі, упаўнаважаных выдаваць пасведчанне адзінага ўзору. Узор вызначаюць гэтыя самыя арганізацыі, без якога-кольвек удзелу дзяржавы. Для іх сябраў пасведчанне – бясплатнае, для астатніх журналістаў яно каштуе 70 еўра. (Разам з тым, існуе шмат структур, якія робяць бізнес на продажы ўласных журналісцкіх пасведчанняў, што не толькі ўскладняе высвятленне рэальных паўнамоцтваў іх уладальнікаў, але і зніжае аўтарытэт прафесіі ў цэлым.)

    DJV прапануе сваім сябрам шэраг сервісаў. Журналісцкае аб’яднанне рэгулярна ладзіць у розных рэгіёнах Германіі кангрэсы з лекцыямі і дыскусіямі на самыя розныя тэмы – ад гендэрнай роўнасці ў прафесіі да засваення новых тэхналогій.  

    – Наўрад ці якая яшчэ прафесія за апошнія 20 гадоў змянілася так моцна, як прафесія журналіста. Мы бачым новыя выклікі, якія нясе пранікненне лічбавых тэхналогій, але спрабуем не зацыклівацца на праблемах, а акцэнтуем увагу на шанцах, якія гэтыя тэхналогіі даюць, – кажа Вольфганг Грэбенхоф.

    Павышэнне кваліфікацыі журналістаў DJV таксама лічыць адной са сваіх задач: “Працадаўцы займаюцца гэтым занадта мала, і таму мы як прафсаюзнае аб’яднанне бярэм гэта на сябе таксама”.

    Штомесяц на федэральным узроўні выдаецца чаcопіс “Der jour­nal­ist”, кошт падпіскі на які для сябраў DJV уключаны ў сяброўскі ўнёсак. Гэта адно з трох найбуйнейшых выданняў па тэматыцыі СМІ ў Германіі, таму бадай ўсе медыйныя кампаніі лічаць патрэбным аформіць на яго падпіску.

    –  Мы пішам пра самыя розныя з’явы, у тым ліку і пра адмоўныя – кепскія ўмовы працы ў нейкай рэдакцыі, парушэнні этыкі з боку пэўных журналістаў. Спрабуючы падаць сябе як ідэальную супольнасць, мы б гублялі давер аўдыторыі, – перакананы намеснік старшыні DJV.

    Пры інтэрнэт-версіі часопіса працуе Біржа вакансій, на якой сёння прадстаўлена больш за 900 актуальных прапаноў.

    Яшчэ адзін анлайн-сервіс – Базы дадзеных для рэдактараў, фрылансераў, фотажурналістаў, кожны з якіх можа стварыць свой уласны профіль. Мэта сервіса – дапамагчы выданням і журналістам у пошуку адно аднога і патрэбных матэрыялаў.   

    Прывабныя бонусы даступныя сябрам саюза DJV праз спецыяльна створаную пры ім сервісную кампанію Vertags und Ser­vice GmbH – скарыстаўшыся яе паслугамі, журналісты могуць набыць са зніжкамі спецыялізаваную літаратуру, фотатэхніку, апаратнае і праграмнае забеспячэнне і нават арандаваць аўто.  

    Нямецкі саюз журналістаў заклапочаны тым, каб пратэстныя настроі яго сябраў, з нейкіх прычын не задаволеных умовамі працы, не засталіся без увагі.

    – Калі страйкуюць супрацоўнікі адной рэдакцыі – гэтым нікога не здзівіш, і гэта вартае жалю відовішча. А вось пару гадоў таму мы звезлі з усёй Германіі ў Франкфурт у падтрымку калегам каля 1000 чалавек і зладзілі буйны страйк на плошчы горада. З таго часу мы дакладна ведаем: лепш адно буйное мерапрыемства, якое трапіць у СМІ, чым невялікія акцыі з удзелам некалькіх дзясяткаў чалавек, – дзеліцца досведам сп. Грэбенхоф.  

    DJV з’яўляецца сябрам Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ), як і ГА «БАЖ».

    – У межах Еўрасаюза многія законы прымаюцца не на ўзроўні асобных краін, а на ўзроўні ЕС. Паколькі палітычнае лабіяванне – адзін са складнікаў нашай дзейнасці, трэба мець падтрымку ў еўрапейскіх структурах – у тым ліку з боку ЕФЖ, – кажа намеснік старшыні Нямецкага саюза жуналістаў.  

    – Нас непакояць нападкі на свабоду прэсы як у Еўропе, так і за яе межамі. Традыцыі свабоды слова, на жаль, не толькі не ўзмацняюцца, але ўсё больш церпяць страты. У нашых інтарэсах – падтрымліваць стандарты прафесіі, да якіх мы прывыклі. Гэта не толькі салідарнасць, але і імкненне своечасова абараніць уласныя інтарэсы. Кепскія прыклады бываюць заразныя, – канстатуе сп. Грэбенхоф.

    Другая палова дня 31 сакавіка вярнула ўдзельнікаў сустрэчы на “беларускую глебу”. Яны прыгадваюць ды мадэлююць канфлікты ўнутры журналісцкай супольнасці ці асобных рэдакцыйных калектываў, вызначаюць тыпы гэтых канфліктаў і разам шукаюць шляхі іх цывілізаванага вырашэння. Будзе абмяркоўвацца ідэя стварэння групы медыятараў канфліктных сітуацый. Мадэруюць гэтую сесію старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец, а таксама кардынатарка адукацыйных праграм ГА «БАЖ» і сябра Камісіі па этыцы Марына Загорская. Нямецкі эксперт выступае з каментарамі і заўвагамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці