Нізкая аплата і ненармаваны працоўны дзень. Толькі траціна нямецкамоўных журналістаў задаволеная працай
Самаацэнка журналістаў адчувальна пахіснулася ў апошнія гады. Да такой высновы прыйшло агенцтва Marketagent.com, апытаўшы больш за 800 журналістаў з Германіі і Аўстрыі.
Гэта пятае аналагічнае даследаванне за апошнія 11 гадоў, якое пацвердзіла тэндэнцыю — толькі трое з дзесяці журналістаў задаволеныя сваімі цяперашнімі ўмовамі працы. “Серыя нашых даследаванняў з 2004 па 2015 год паказвае, што на іміджы журналісцкай прафесіі з’явілася некалькі шнараў. Прынамсі, з пункту гледзішча саміх журналістаў”, — кажа Томас Швабль, генеральны дырэктар Marketagent.com.
Самыя крытычныя галасы гучаць з боку журналістаў, што працуюць у друкаваных і анлайн-медыя. Менш за ўсіх задаволеныя пазаштатнікі.
Аўстрыйская журналістка Ірмгард Вутшэр кажа: “Цяпер я ў прывілеяваным становішчы – працую ў штаце, мне плацяць паводле калектыўнай дамовы, заробкам я задаволеная. Аднак доўгія гады, пакуль я была пазаштатніцай, аплата моцна адрознівалася. Асабліва непрыемна было ўвесь час змагацца за замовы. А калі ты хворы ці ў адпачынку, не аплочваецца не толькі гэты “прапушчаны” час, але і час пасля вяртання, пакуль ты заняты пошукам новых замоўцаў і новых тэм. І, безумоўна, час на збор і даследаванне матэрыялаў не аплочваецца”.
Горшыя паказчыкі аналагічнае даследаванне мела толькі ў 2010 годзе – тады задаволеныя былі толькі 26% апытаных. Сёння 83% нямецкамоўных журналістаў лічаць, што ўмовы працы ў апошнія гады пагоршыліся. 90% рэспандэнтаў заявілі, што ўзрос ціск, звязаны з часавымі рамкамі. Больш чым палова рэспандэнтаў лічыць, што ён нават падвоіўся.
Сучасныя навіны даходзяць да гледача і чытача амаль імгненна, таму журналісты зазнаюць не толькі эканамічныя праблемы, але і цяжкасці, звязаныя з аператыўнасцю. Паводле даследавання, гэтыя тэндэнцыі найперш тычацца тэлежурналістыкі (63,8%). Кожны пяты апытаны пацвердзіў, што ён абцяжараны працай звыш нормы і баіцца згубіць сваё месца — па дадзеных Marketagent.com, гэтыя паказчыкі рэзка выраслі за апошняе дзесяцігоддзе.
Нямецкая журналістка Вера Блок пералічвае пункты, якімі яна не задаволеная ў працы: “Нізкая аплата і, як правіла, несувымернасць высілкаў і ўзнагароды за іх. Ненармаваны працоўны дзень – меншае зло, чым адсутнасць магчымасці спланаваць на тыдзень ці месяц наперад. Усё больш адрозненняў паміж тым, што ты вывучаў для прафесіі, і тым, што фактычна патрабуюць рэдактары. Залежнасць ад недастаткова кампетэнтных у тэхніцы асобаў, якія прымаюць рашэнні. Кепскае сацыяльнае забеспячэнне”.
Але ёсць і станоўчыя тэндэнцыі: напрыклад, нямецкамоўныя журналісты ўсцешаныя новымі магчымасцямі пошуку інфармацыі для расследаванняў. Найбольш задаволеныя ў гэтым сэнсе аўстрыйскія калегі. У цэлым 78% апытаных (Аўстрыя – 82,4%, Нямеччына – 75,5%) ацанілі гэтыя ўмовы як дастатковыя ці нават вельмі задавальняльныя. У параўнанні з 2004 годам задаволенасць у гэтай галіне толькі крыху зменшылася (тады было 83,6%).
Пэўныя змены назіраюцца ў справе выбару крыніц інфармацыі. Напрыклад, усё радзей нямецкамоўныя журналісты карыстаюцца прэс-рэлізамі, прэсавымі рассылкамі і паведамленнямі інфармацыйных агенцтваў. Найважнейшую інфармацыю сёння бяруць з Інтэрнэту (95,2%) і ўласных даследаванняў (93,3%).
У цэлым, большасць апытаных журналістаў у нямецкамоўнай прасторы лічыць, што іх прафесію чакае нялёгкая будучыня. Толькі 16% рэспандэнтаў з аптымізмам глядзіць у заўтрашні дзень. Найменш упэўненасці адчуваюць супрацоўнікі друку і інтэрнэт-журналісты. Тым не менш, 40% апытаных вераць у сваю ўласную светлую будучыню ў журналістыцы, хаця 11 гадоў таму гэтая лічба складала амаль 90%.
“Урэшце застаецца адкрытым пытанне — калі ўсё так змрочна, чаму вы гэта робіце?”, — разважае нямецкая журналістка Вера Блок. “А што яшчэ рабіць?”, – адказ даволі банальны. У журналістыцы застаюцца, бо гэта найлепшая праца для цікаўных людзей з разнастайнымі інтарэсамі. Мець магчымасць задаваць пытанні, даведвацца пра розныя рэчы і з’явы, перадаваць квінтэсэнцыю людскога досведу далей. Гэта выклікае прывыканне. А бясплатны ўваход у музеі – яшчэ адзін аргумент…”