• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ноччу ты заўсёды дома». Зьняволены журналіст Алег Грузьдзіловіч напісаў, чаму вязьні ня любяць раніцы

    Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч працягвае свае допісы з «Валадаркі», СІЗА нумар 1 гораду Менску.

    У новых лістах да жонкі Мар’яны Алег Грузьдзіловіч падрабязна расказаў, як ладзяць сьняданак, што самае каштоўнае ў прагулках і чаму вязьні так ня любяць раніцу.

    «Кампанія — цярпець можна»

    Алег застаецца ў той жа камэры, куды яго на «Валадарцы» адпачатку засялілі. Тое, што ня трэба пераяжджаць, у турме звычайна маюць за добрае. Зь мінусаў — у камэры няма тэлевізара, да таго ж сярод сукамэрнікаў паболела курцоў, але кураць яны каля прыбіральні, дзе асобная выцяжка, таму дым перашкаджае менш.

    «Кампанія — цярпець можна. Ты сама параўноўвала з касьмічным караблём, дзе мусяць ужывацца розныя характары, звычкі, каштоўнасьці і інтарэсы», — напісаў вязень жонцы.

    Сьпіць Алег на худым матрацы, таму падсьцілае на ложак амаль усё адзеньне, і «бакі раніцай ужо ня так баляць».

    «Абуджэньне — гэта вяртаньне ў рэчаіснасьць»

    Журналіст называе раніцу квінтэсэнцыяй знаходжаньня ў турме.

    «Уяві, у першую раніцу тут, а гэта было ўжо 25-га, я прачынаюся, кажу ўсім „Добрай раніцы“. Яшчэ ўчора ўвечары ўсе былі такія гаваркія, жартавалі, а тут у адказ — цішыня. Усе змрочныя, нават злыя, робяць заўвагі, ня стрымліваюць некаторых эмоцый, якіх удзень не відаць. Што такое?

    Цяпер разумею, чаму гэтак. Ноччу ты сьпіш ці ня сьпіш, але ў думках ты заўсёды дома. А ў некаторых снах дык быццам рэальна дома ці на волі, бачыш родныя твары, размаўляеш зь імі, нават дакранаесься. Але са званком на пад’ём гэтая ілюзія імгненна руйнуецца, і каб перажыць гэты пераход, трансфармацыю, патрэбны час.

    Плюс будучыня тут сьвеціць усім розная. Ёсьць хлопцы па 328 („наркатычны артыкул“. — РС), якім сьвеціць 10 і больш гадоў, і ясна, што для іх абуджэньне — гэта вяртаньне ў такую рэчаіснасьць, якой не пазайздросьціш, ды і іншым не салодка», — апісаў Алег, чаму ў турме ня любяць раніцы.

    «Калі вызваляць, уключу ілюмінацыю на ўсю катушку, каб усе бачылі, што Алег вярнуўся!» — жонка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча

    «Некаторыя кашу не ядуць, адразу яе ва ўнітаз»

    Аднак ратуе тое, што раніца прабягае вельмі хутка. А 6‑й гадзіне пад’ём, умываньне, зарадка. Потым прыносяць белы і чорны хлеб, мяшочак з цукрам, а потым кашу з гарбатай.

    «Але большасьць гарбату ці каву заварваюць сваю. Некаторыя і кашу не ядуць, адразу яе ва ўнітаз, а ў місцы заварваюць сваё, часьцей хуткараспушчальную грэчку. Дастаюць з вакна агульныя прысмакі: сала, каўбасу, сыр, з‑пад стала — „абшчак“: хлеб, печыва, і пачынаецца сьняданак. Гэтак недзе да 7‑й раніцы», — расказвае палітвязень.

    Потым хтосьці яшчэ мыецца, а дзяжурны прыбірае камэры. Астатнія ў гэты час сядзяць на ложках і чытаюць, нехта дасыпае, хоць гэта забаронена і можна атрымаць вымову. Тры вымовы — карцар.

    А 8‑й гадзіне праверка, прыходзіць корпусны дзяжурны. Калі нешта не ў парадку, таксама можна атрымаць вымову.

     

    «Як бачыш белы сьвет, адчуваеш сябе амаль як на волі»

    «А потым чуем з калідора: „Гуляць! Апранаемся!“», — працягвае Алег.

    Гадзінная прагулка можа пачацца а 9‑й гадзіне або пазьней, або пасьля абеду.

    У двары шмат галубоў і шэрых варон.

    «Як нас вядуць на прагулку, дык у адным месцы выходзім на двор на 5 сэкундаў, і там галубы пад вокнамі з кратамі. Відаць, вязьні ім нешта выкідаюць. Як гуляем, бывае, чарада галак ці варон ляціць, нават відаць праз краты над галавой», — працягвае рэпартаж з турмы карэспандэнт.

    Са сваёй камэры яны ня могуць карміць птушак, бо не дазваляе канструкцыя вакна.

    «Я б да вечара гуляў. Як бачыш белы сьвет, адчуваеш сябе амаль як на волі, і потым дзень пад замком ужо ня так цяжка пераносіцца. Як вядуць назад у камэру, яшчэ раз выводзяць на сьвятло, — тады разьвітваюся з днём, хоць ён яшчэ не прайшоў. Але больш сьвятла ня ўбачым да наступнага дня», — піша Алег.

    «Больш ня трэба баяцца»

    «Як прыходзім з прагулкі — кава, прысмакі, больш жартаў, расказаў, людзей ужо не пазнаць, зноў добразычлівыя», — перадае настроі ў камэры журналіст.

    Сярод заняткаў — выклікі ў «кабінэт»: да сьледчых, адвакатаў, на суды. Тады ў камэры зьяўляецца больш навінаў, падзей, «варушняку».

    «Але па вялікім рахунку гэта калі і можна назваць жыцьцём, дык вельмі маральна цяжкім. Бо людзі ня ведаюць свайго лёсу, а дарэмныя спадзяваньні іх толькі мучаць», — падсумоўвае вязень.

    Ён даведваецца навіны з газэты «Белорусы и рынок», прыкладам, пра прысуд журналісту Аляксандру Івуліну, пра тое, што Літва перастала прапускаць калійную прадукцыю зь Беларусі.

    Алег прызнаўся жонцы, што чакаў трэцяга затрыманьня. А калі яго забралі, адчуў палёгку, бо «больш ня трэба баяцца».

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    16 ліпеня 2021 году сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе, выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, якога пазалетась пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

    Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

    Фактычна справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. За гэта ён у 2020 годзе адбыў адміністрацыйны арышт.

    За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога завялі крымінальную справу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці