Новая крымінальная справа за дыфамацыю (Абноўлена + гісторыя)
Бабруйскага блогера Алега Жалнова абвінавачваюць у знявазе супрацоўніка міліцыі ў блогу.
Пракуратура Бабруйска 7 лютага ўзбудзіла справу па арт. 369 КК РБ – «публічная знявага прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».
У паведамленні УУС Магілёўскага аблвыканкама гаворыцца, што «на працягу 2012–2013 гадоў на персанальным сайце «Блог Алега Жалнова», размешчаным у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, і іншых рэсурсах быў апублікаваны шэраг абразлівых матэрыялаў у дачыненні да супрацоўніка міліцыі».
Алег Жалноў паведаміў службе маніторынгу ГА «БАЖ», што ён даведаўся пра рашэнне бабруйскай пракуратуры ўчора – з інтэрнэту. Паводле яго слоў, ніякіх працэсуальных дзеянняў у дачыненні да яго пакуль не рабілася.
Сам факт узбуджэння крымінальнай справы ён расцэньвае як ціск на яго за блогерскую актыўнасць.
«Я лічу, што асноўная задача міліцэйскіх чыноўнікаў – пазбавіць мяне магчымасці што-небудзь пісаць у інтэрнэце», – кажа Жалноў.
Нагадаем, 4 верасня 2013 года блогер разам са сваім сынам выпадкова стаў сведкам парушэння правілаў дарожнага руху работнікамі міліцыі – няправільнай паркоўкі на тратуары. Ён зафіксаваў гэты факт на відэакамеру і звярнуўся з заявай да супрацоўнікаў ДАІ, якія знаходзіліся побач. У выніку парушэнне ПДР работнікамі ДАІ не было зафіксавана, а на блогера склалі пратакол – нібыта за парушэнне адміністрацыйнага кодэкса. Пагрозы прыцягнуць Желнова да адказнасці па крымінальнай справе гучалі з боку міліцыянтаў ўжо тады.
24 кастрычніка 2013 г. міліцыя правяла ў яго кватэры сямігадзінны «агляд месца здарэння».Падставай для яго стала заява маёра ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама Яўгенія Сероштанова, якога нібыта абразіў у інтэрнэце Алег Жалноў.
З кватэры блогера тады былі вынесеныя ўсе электронныя носьбіты інфармацыі. Але следчы камітэт, які праводзіў праверку, крымінальнай справа тады не ўзбуджаў.
Артыкул 369. Абраза прадстаўніка ўлады: Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў караецца грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.
Кароткая гісторыя «крымінальнай дыфамацыі» ў Беларусі
Першыя справы па артыкулах 367–368 КК, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і знявагу прэзідэнта краіны, былі ўзбуджаныя ў 2002 годзе, пасля чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Галоўны рэдактар газеты “Пагоня” Мікола Маркевіч і яе карэспандэнт Павел Мажэйка атрымалі адпаведна 2 і 1,5 гады абмежавання волі за артыкулы, якія нават не дайшлі да чытача, бо нумар газеты быў арыштаваны яшчэ ў друкарні падчас вытворчасці. “Пагоню” закрылі; журналісты адбывалі пакаранне ва ўстановах адкрытага тыпу –“на хіміі”. Паводле закона “Аб амністыі” тэрмін абодвум быў скарочаны на год.
У гэты ж час вінаватым у паклёпе і знявазе прэзідэнта (праз перадрукоўку артыкула з інтэрнэту і калаж) быў прызнаны рэдактар газеты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Вырак – два гады абмежавання волі. Праз год Івашкевіч таксама вызваліўся па амністыі.
У наступным, 2003‑м, годзе за крытыку мясцовых уладаў пацярпеў галоўны рэдактар газеты “Вечерний Столин” Аляксандр Ігнацюк. Суд прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады (арт.369 КК). Найвышэйшая санкцыя па гэтым артыкуле — да трох гадоў абмежавання волі. Ігнацюку прысудзілі штраф у памеры 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў.
Самай гучнай у звязку з публічнай абразай прэзідэнта ў 2004 годзе стала справа прадпрымальнікаў В.Леванеўскага і А.Васільева: за фразу, надрукаваную ва ўлётцы, абодва атрымалі па два гады пазбаўлення волі. (Гэты выпадак і шэраг іншых не тычацца наўпрост журналістыкі – таму пакінем іх пакуль па-за ўвагай.)
Калі ж казаць аб інцыдэнтах, звязаных менавіта з журналістамі ды СМІ, то ў 2005‑м да крымінальнай адказнасці быў прыцягнуты рэдактар газеты “Борисовские новости” Анатоль Букас, прызнаны вінаватым у паклёпе на рэдактара мясцовай дзяржаўнай газеты. Букасу прысудзілі выплаціць 40 базавых велічыняў штрафу, а таксама тры мільёны рублёў на карысць пакрыўджаную рэдактарку – у якасці кампенсацыі яе маральных страт.
У 2006‑м годзе, ізноў пасля электаральнай кампаніі, за свае публікацыі атрымалі афіцыйныя папярэджанні ад пракуратуры журналістка Ірына Халіп і палітык Андрэй Клімаў. У красавіку 2007-га Клімаў быў арыштаваны, а ў верасні — асуджаны. За артыкулы, апублікаваныя ў Інтэрнэце, ён атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Клімаў датэрмінова выйшаў з турмы ў адпаведнасці з прэзідэнцкім указам аб памілаванні.
Таксама ў 2007 годзе па факце знявагі дырэктара мясцовага прадпрыемства была ўзбуджана крымінальная справа супраць выдаўца і рэдактара незарэгістраванай маланакладнай газеты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака. Яна была спыненая ў судзе з прычыны замірэння бакоў; Шчарбак папрасіў у пацярпелага прабачэння і абавязаўся сплаціць яму 500 тысяч рублёў маральнай шкоды.
У вядомай справе аб паклёпе на генерала КДБ І.Каржа (2010 год) журналісткі Марына Коктыш, Святлана Калінкіна, Ірына Халіп і Наталля Радзіна праходзілі як сведкі. Але, хоць журналістак тут і не вінавацілі ў паклёпе ці абразах, падчас свайго “ўдзелу ў справе” яны перажылі розныя формы ціску: допыты, ператрусы, выняцце тэхнікі і абсталявання… Наталля Радзіна была збітая міліцыянтам.
У 2011 годзе за паклёп на прэзідэнта да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады быў асуджаны гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. У 2012 г. супраць яго была зноў распачата справа па тым жа артыкуле. Паколькі тэрмін адтэрміноўкі пакарання яшчэ не скончыўся, у выпадку паўторнага асуджэння журналіст мусіў быць накіраваны ў месцы пазбаўлення волі. Аднак у 2013 справа супраць яго была спынена.
У 2012 годзе распачалі крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Мікалая Петрушэнкі. Падставай для абвінавачання стала яго публікацыя на сайце nash-dom.info, якая нібыта ўтрымлівала публічныя знявагі на адрас намесніка старшыні Аршанскага гарвыканкама. Пасля лінгвістычнай экспертызы справа была закрыта ў кастрычніку 2012 г. праз адсутнасць ў дзеяннях Петрушэнкі складу злачынства.