Праўладныя тэлевізіёншчыкі запісалі «інтэрв’ю» з палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем
На праўладным тэлеканале АНТ працягваецца цыкл перадач «пра супрацоўнікаў амерыканскага медыя». Следам за выпускамі пра Андрэя Кузнечыка і Ігара Лосіка прапагандысты анансавалі відэа з журналістам-фрылансерам Ігарам Карнеем. Яго пакажуць увечары 16 студзеня.
Справа Ігара Карнея
Ігар Карней амаль чатыры дзесяцігоддзі прафесійна займаўся журналістыкай: яшчэ ў студэнцкія гады стаў адным з заснавальнікаў моладзевай аршанскай незалежнай газеты «Лидер». Пазней друкаваўся ў газетах «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Комсомольская правда». З 1991 года працаваў у газеце «Звязда». У 1994–2000 гадах быў карэспандэнтам незалежнага штотыднёвіка «Свободные новости». З 2000 года быў журналістам «Радыё Свабода». У апошнія гады захапіўся краязнаўствам і блогерствам — пісаў артыкулы для краязнаўчага сайта «Крэва.Трэвел».
Ігара Карнея затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Спачатку арыштавалі ў межах адміністрацыйнай справы на 10 сутак. Потым прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў СІЗА.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.
22 сакавіка 2024 года суддзя Мінскага гарадскога суда Сяргей Кацэр прызначыў журналісту тры гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 20 тысяч рублёў, прызнаўшы яго «вінаватым» паводле часткі 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).
Дзяржаўныя СМІ падчас суду над Ігарам Карнеем пісалі, што ён нібыта па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці супрацоўнічаў з «экстрэмісцкай» арганізацыяй «Беларуская асацыяцыя журналістаў», якую ў лютым 2023 года КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем».
13 снежня суд Шклоўскага раёна прызнаў палітзняволенага журналіста Ігара Карнея вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі ПК-17 паводле часткі 1 артыкула 411 Крымінальнага кодэкса.
У якасці пакарання суддзя Аляксандр Тараканаў дадаў Карнею каля 10 месяцаў зняволення.
Хто той прапагандыст, які запісвае «інтэрв’ю» з палітвязнямі?
Прапагандыст Андрэй Аляксандраў нарадзіўся на пачатку 1990‑х ў Столінскім раёне. Яго сапраўднае прозвішча Козел. Як распавядала «Наша Ніва», на журфаку БДУ хлопец вучыўся яшчэ пад сваім прозвішчам.
«Ціхі хлопец, у кампаніі шмат жартаваў. Зусім не крывавы прапагандыст. Але і мэтанакіраванасць у яго была даволі відавочная: ён жадаў працаваць на ТБ, практыку там праходзіў і, здаецца, магчымасць мець месца ўладкавання пры рэжыме мацнейшая за ўласную годнасць. Таму для мяне было дзіўна назіраць гэту трансфармацыю, бо Андрэй не быў дурнем ці зламысным», — гаварылі пра Козела-Аляксандрава яго аднакурснікі.
На АНТ Козел прыйшоў у 2015‑м. У інтэрв’ю праўладнаму выданню спецкарэспандэнт тэлеканала распавядаў, што адной з яго любімых кніг з’яўляецца «Ферма» Джорджа Оруэла. Відавочна, што антыўтопію прапагандыст чытаў няўважліва.
Называючы сябе журналістам, ён ездзіў з сілавікамі на палітычныя затрыманні.
Па інфармацыі некаторых крыніц, у 2020‑м прапагандыст пэўны час «стажыраваўся» ў праўладным тэлеграм-канале «Желтые сливы».