• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Няўзораў: У беларусаў няма ніякай ганьбы перад Украінай

    У інтэрвію Свабодзе Няўзораў пракамэнтаваў прысуд, а таксама адказаў на пытаньні пра патэнцыйную пагрозу для Ўкраіны з боку Беларусі, будучы суд над Лукашэнкам і Пуціным і вынік барацьбы беларусаў за Ўкраіну.

    Суд у Маскве завочна прысудзіў журналісту Аляксандру Няўзораву восем гадоў калёніі. Па вэрсіі сьледзтва, у сакавіку 2022 году Няўзораў апублікаваў у сацсетках «заведама ілжывую інфармацыю» аб наўмысным абстрэле расейскімі вайскоўцамі радзільнага дома ў Марыюпалі і забойствах мірных жыхароў у Бучы.

    — Пракуратура патрабавала для вас 9 гадоў, а суд даў 8 гадоў. Як вы самі гэта ацэньваеце, чаму пашкадавалі?

    — Зразумейце, гэта спэктакль, і вы цудоўна разумееце, што гэтыя прысуды выносіць ня суд на падставе матэрыялаў справы або экспэртызаў. Яны атрымліваюць пажаданьне з Крамля, і яны гэта выконваюць. Магчыма, выконваюць нават з пэўным тэатральным майстэрствам і шыкам. Абмяркоўваць тэрмін увогуле ня мае сэнсу.

    — У Беларусі апанэнтаў улады таксама судзяць завочна. Былі выпадкі, калі адвакаты не хацелі нават размаўляць з кліентамі і блякавалі іх у мэсэнджары. У выніку фігуранты справы ня ведалі дэталяў суду над імі. Як гэта адбываецца ў Расеі? Вы спрабавалі ўдзельнічаць у гэтым працэсе?

    — Не, я не спрабаваў. Але трэба сказаць, што і працэс не спрабаваў удзельнічаць ува мне, бо мне не задалі аніводнага пытаньня. На мяне ніхто ніколі не выходзіў, я не атрымаў аніводнай смскі, пры тым, што я даволі публічная асоба і мяне вельмі лёгка знайсьці. У мяне процьма адрасоў, і па любым зь іх можна напісаць і дагрукацца. Быў абсалютна нечаканы адвакат, прызначаны мне без майго ведама, Федасеева, дзяжурны, казённы адвакат. Яна павінна была ківаць галавою і з усім пагаджацца. І вось яна ім музыку папсавала. Яна заявіла, што гэта лухта і беззаконьне, што гэта хамства, што гэта зьдзек з правасудзьдзя. Яна аказалася бойкай і кляснай. У мяне зь ёю няма асабістага кантакту, але праз усе свае эфіры я ўпрошваю яе не рызыкаваць сабою і не абараняць мяне так.

    «Лукашэнка ненавідзіць Пуціна мацней, чым яго ненавідзяць разумныя людзі Расеі. Ненавідзіць і баіцца»

    — Вас судзілі за так званыя фэйкі аб расейскім войску. Хутка год, як пачалося поўнамаштабнае ўварваньне гэтага войска ва Ўкраіну. Як вы ацэньваеце, расейскае войска сёньня бліжэй да тых мэтаў, якія ставіў Пуцін, ці далей?

    — Я думаю, што Пуцін сам ня ведае сваіх мэтаў. У яго цяпер проста няма ніякага выхаду. Ён, што называецца, свой стары касьцюмчык міжнароднага прайдзісьвета, спэкулянта нафтай і газам, хітрага шантажыста, Іванушкі-дурня, гэты касьцюмчык з бубенчыкамі ён зьняў і надзеў касьцюм вайны. Калі гэтая вайна ў нейкі момант раптам спыніцца, ён застанецца перад усім сьветам вельмі голы і варты жалю. Ён, вядома ж, будзе намагацца ніколі гэтага не дапусьціць і будзе працягваць вайну. Яго не зьбянтэжыць ані мільён, ані два мільёны нябожчыкаў. Спадзявацца на здаровы сэнс Пуціна абсалютна бессэнсоўна. А што тычыцца вайны, то вы самі цудоўна бачыце, што адзінае, на што хапае патэнцыялу і магутнасьці расейскай арміі — гэта чапляцца бяззубымі сківіцамі аб ускраіны Бахмута і расказваць пра ўзяцьце двух або трох хлявоў. І то мы разумеем, што яны маюць такую магчымасьць толькі таму, што нешта задумаў Залужны. А мы ведаем, што калі Залужны нешта задумаў, то потым паляцяць мазгі па завугольлях.

    — Ужо год, як і беларусы, і ўкраінцы баяцца далучэньня беларускай арміі да расейскай вайны супраць Украіны. А гэта ўвогуле трэба яшчэ Пуціну? Уцягваць Лукашэнку менавіта так?

    — Ня ведаю, ня ведаю. Лукашэнка — гэта як кляксы Роршаха. Гэтыя плямкі можна бачыць і ацэньваць у іх спалучэньнях і ў іх своеасаблівых наслаеньнях любыя абсалютна ўзоры. Лукашэнка, як ні дзіўна, па-мойму, ненавідзіць Пуціна мацней, чым яго ненавідзяць разумныя людзі Расеі. Ненавідзіць і баіцца. І разам з тым Лукашэнка разумее, што гэта Пуцін мае правадкі, ключы, іголкі ад жыцьця Аляксандра Рыгоравіча. Бо ён бы ані сэкунды ня змог пратрымацца і ня змог бы перамагчы нават такую ціхую і мірную рэвалюцыю, якая была ў Беларусі, калі б ня Пуцін.

    «Расеец амаль заўсёды знаходзіцца ў пошуках гора, пакутаў, бо такая подлая і таксычная расейская культура»

    — Ці павінен Лукашэнка, на ваш погляд, адказваць на будучым працэсе, ва ўмоўнай Гаазе, так, як і Пуцін?

    — Я думаю, што так. Акрамя таго, што ён нарабіў, даючы аэрадромы, рэсурсы для вайны, Лукашэнку ёсьць за што адказаць за тыя падзеі. Я вельмі па-прароцку нядаўна пажартаваў, вы пэўна бачылі, зь якой весялосьцю Лукашэнку прымалі ў Зымбабвэ. Вы мусілі гэта бачыць. А вы ведаеце, у чым справа? Нават прэс-служба Лукашэнкі не разумела, бо там прымаюць лідэраў і часам туды прылятаюць цалкам салідныя прадстаўнікі салідных краінаў. Але такога захапленьня ў аэрапорце ніколі не назіралася. Справа ў тым, што ў асноўных народнасьцяў, якія насяляюць Зымбабвэ, існуе цалкам афіцыйны, на дзяржаўным узроўні, культ вампіра, які нават выкладаюць у школах. Зымбабвэ — адзіная краіна сьвету, дзе існаваньне вампіраў прызнанае афіцыйна і ня ставіцца пад сумнеў. Літаральна за дзень да візыту Аляксандра Рыгоравіча па мясцовым радыё было паведамленьне, што адзін з найбуйнейшых вампіраў чалавецтва, які выпіў кроў цэлай краіны (слова Беларусь яны вымавіць не змаглі і чымсьці замянялі), прыбывае ў Зымбабвэ. Менавіта таму было такое захапленьне і радасьць.

    — На пачатку вайны многія казалі, што калі ў Расею пойдуць першыя «пахаронкі» і труны, настрой людзей зьменіцца. Як ён зьмяніўся за год, пасьля дзясяткаў тысяч забітых?

    — Нічога ўцямнага мы сказаць ня можам. Мы разумеем, што сацыялёгія ў Расеі задушаная і што яе мёртвай рукой Адміністрацыя прэзыдэнта малюе любыя лічбы. Мы разумеем, што ўсё, што цяпер адбываецца ў Расеі, не паддаецца аніякаму ўліку і статыстыцы, рэальнай статыстыцы. Мы можам па нейкіх ускосных прыкметах меркаваць, што так, магчыма, ёсьць нейкія зьмены настрояў, але яны не радыкальныя. Ну што там «пахаронкі», што там 120, 130, 180 тысяч чалавек. Узгадайце 1937–1939 гады. Тады ж усе ўсё ведалі. І тады лік ішоў не на сотні тысяч, а на мільёны людзей. Тым ня менш гэтыя мільёны паслухмяна і пакорліва, завязаўшы ў клуначак томік Канта, набор сухароў і любімы падшклянак, ішлі ў ГУЛАГ і паказвалі яшчэ дарогу іншым. Не забывайце, што расеец амаль заўсёды знаходзіцца ў пошуках гора, пакутаў, бо такая расейская культура, якая заўсёды падавала гора і пакуты як сэнс жыцьця. Вось такая ёсьць подлая і таксычная культура. Нездарма за гэтую культуру сёньня так «топяць» зборышча дэбілаў пад назвай Дзяржаўная Дума і ўсе ўрадавыя арганізацыі. Мы разумеем, што ім гэтая культура патрэбная, што яны знайшлі ў гэтай культуры спосаб кіраваньня і ўтаймаваньня народу.

    «Мы ж разумеем, што гэта не беларусы бамбяць»

    — Сёньня ў Беларусі садзяць за колеры нацыянальнага сьцяга, за майкі з патрыятычнымі надпісамі і за беларускую мову. Вы добра ведаеце псыхалёгію расейскай улады. Як вы думаеце, гэта трэба Пуціну і Лукашэнка так перад ім выслугоўваецца, разумеючы запыт? Ці прычына ў іншым?

    — Вы ніколі не заўважалі, што ёсьць два тэрміны — канвэргенцыя і дывэргенцыя? Адзін зь іх азначае разыходжаньне біялягічных прыкметаў, а іншы — сыходжаньне прыкметаў. І мы бачым, што ў абсалютна розных арганізмаў, розных жывёлаў, якія апынаюцца прыблізна ў тым жа асяродзьдзі, адбываецца збліжэньне гэтых прыкметаў. І сысуны набываюць зьнешнія і контурныя падабенствы, напрыклад, з рыбай, так, як гэта адбылося з многімі марскімі сысунамі. І я думаю, што любая дыктатура нараджае прыблізна адны і тыя ж мэтады кіраваньня і карыстаецца абсалютна ідэнтычнымі інструмэнтамі. Адбываецца збліжэньне прыкметаў у такіх розных, здавалася б, структураў.

    «Цісканьне з Лукашэнкам у нейкай ступені суцяшае Пуціна»

    — Ва Ўкраіне ваююць розныя аддзелы беларусаў, самы вядомы — полк Каліноўскага. Ці змогуць гэтыя людзі змыць зь Беларусі ганьбу за тое, што ракеты ва Ўкраіну падалі і зь Беларусі?

    — У беларусаў няма ніякай ганьбы. Мы ж разумеем, што гэта не беларусы бамбяць. Мы ж разумеем, што беларусаў трымае жалезнай рукой за горла Пуцін, нават не за горла, а за глянды. Нават не за глянды, а літаральна за сэрца. У гэтага дыктатара ніякай літасьці да Беларусі няма. Шчыра кажучы, я ня бачу віны беларусаў ні ў чым, акрамя таго, што беларусы вельмі інтэлігентна спрабуюць рабіць рэвалюцыі. Гэта ўжо сур’ёзная памылачка.

    — Аляксандар Глебавіч, а навошта сёньня Пуціну ўвогуле патрэбная яшчэ Беларусь?

    — Патрэбная, таму што ён абсалютна самотны. Акрамя Зымбабвэ, Эрытрэі, у яго не засталося нават ніякіх знаёмых. Яму патрэбнае нейкае прэзыдэнцкае міжнароднае атачэньне, сурагат міжнародных адносін. Цісканьне з Лукашэнкам яго ў нейкай ступені суцяшае. Ну, і плюс яму трэба, бо ён разьлічвае на рэсурсы Беларусі, на магчымасьці Беларусі, якія былі прадэманстраваныя падчас перамогі над беларускай рэвалюцыяй. Ён разумее, што надыдзе момант, калі кожны дэбіл, кожны АМАПавец будуць патрэбныя.

    Чытайце яшчэ: 

    Фактчэкінг у эпоху фэйкаў. Памятка, як журналісту не стаць ахвярай маніпуляцый

    «Суразмоўца медыя павінен разумець рызыку». Дыскусія пра экстрэмізм і этыку

    «Пра людзей, якія змагаліся за волю»: бэкстэйдж са здымак кліпа Кацярыны Ваданосавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці