Пачаўся завочны суд над Антонам Матолькам — паводле 13 крымінальных артыкулаў
Стваральніка «Беларускага Гаюна», а некалі блогера-урбаніста Антона Матольку вінавацяць сярод іншага і ў спробе захопу ўлады, і ў экстрэмізме, і ў здрадзе дзяржаве.
27 снежня ў Гродзенскім абласным судзе пачаўся працэс у парадку так званай спецыяльнай вытворчасці над блогерам і грамадскім актывістам Антонам Матолькам. Справу вядзе суддзя Ігар Собалеў.
Антона Матольку вінавацяць паводле наступных артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- часткі 1 артыкула 357 — змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
- часткі 1 артыкула 293 — арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;
- часткі 1 артыкула 342 — арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
- часткі 3 артыкула 130 — распальванне расавай, рэлігійнай або сацыяльнай варожасці ці варажнечы;
- часткі 3 артыкула 361 — заклікі да захадаў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
- часткі 2 артыкула 366 — гвалт або пагроза ў дачыненні да пасадовай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак (у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);
- часткі 2 артыкула 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- частак 1 і 2 артыкула 368 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
- артыкула 369–1 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
- частак 1 і 2 артыкула 361–1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
- часткі 2 артыкула 361–2 — фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
- артыкула 361–2 КК (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 20.04.2016 №358‑З);
- часткі 2 артыкула 361–4 — садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці;
- часткі 1 артыкула 356 — здрада дзяржаве.
Па двух з вышэйзгаданых артыкулах Антону Матольку пагражае да 15 гадоў зняволення.
Справа Антона Матолькі
Справа была распачатая Следчым камітэтам у ліпені 2024 года ў парадку так званай спецыяльнай вытворчасці, то-бок у адсуднасць абвінавачанага. На сёння блогер знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Асцерагаючыся палітычна матываванага пераследу, ён быў вымушаны з’ехаць з радзімы яшчэ ў 2020 годзе.
У сакавіку 2021 года Следчы камітэт паведаміў, што блогера абвяшчаюць у міждзяржаўны вышук. На гэта Матолька заявіў, што «гатовы адказаць за ўсе свае дзеянні перад судом. У новай Беларусі».
У красавіку 2021 года КДБ Беларусі ўключыў Антона Матольку ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».
16 сакавіка 2022 года МУС Беларусі ўключыў у спіс экстрэмісцкіх фармаванняў «групу грамадзян, аб’яднаных вакол Telegram-канала «Беларускі Гаюн» і Telegram-чата «Беларускі Гаюн Chat».
17 сакавіка 2022 года ў пералік экстрэмісцкіх фарміраванняў унеслі «групу грамадзян, аб’яднаную вакол Telegram-канала «МотолькоПомоги».
У 2016 годзе за аператыўнае асвятленне працы няўрадавага сектару Антон Матолька атрымаў прыз у намінацыі «Медыя/журналіст года» на конкурсе «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці», які праводзіла Асамблея недзяржаўных арганізацый.