• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачаўся суд над горадзенскім блогерам Vadimati, ён адмовіўся даваць паказаньні

    Разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага Вадзіма Ермашука праходзіць у Шчучынскім раённым судзе.

    Вадзіма Ермашука, вядомага як блогер Vadi­mati, абвінавачваюць у «абразе Лукашэнкі» (артыкул 368, пагражае да 4 гадоў калёніі) і за «абразе дзяржаўнага сьцяга» (артыкул 370, пагражае да 3 гадоў калёніі).

    Падставай для завядзеньня спраў паслужылі два выказваньні блогера.

    Як расказала Свабодзе жанчына, якая прысутнічала на судзе над блогерам, паводле матэрыялаў справы,

    Вадзім Ермашук летась у жніўні і верасьні нібыта выкладаў допісы ў сацыяльных сетках, у якіх абразіў Лукашэнку, прыкладам, подпісам пад фота «нелегітымны прэзыдэнт». Яго вінавацяць паводле 368 артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі.

    Другі артыкул, паводле якога Ермашуку выставілі абвінавачаньне: «Абраза дзяржаўных сымбаляў Беларусі» (артыкул 370).

    Паводле матэрыялаў справы, 16 жніўня 2021 году Вадзім Ермашук на аўтазапраўцы ў Скідзелі ўзяў у рукі маленькі дзяржаўны сьцяжок, які прадаваўся ў краме, і назваў яго «анучкай» са словамі, што «надта дорага каштуе кавалачак анучкі».

    На судзе Вадзім Ермашук адмовіўся даваць паказаньні. На пытаньні судзьдзі не адказваў. Сваю віну не прызнаў ні па водным артыкуле.

    Са словаў відавочцы, Вадзім трымаецца бадзёра на судзе. Таксама на судзе выступілі два супрацоўнікі Шчучынскага РАУС у ролі сьведкаў па справе.

    Вадзімаці адзначыў падчас суду, што ніколі не дзяліў беларусаў паводле прыхільнасьці да сьцягоў: дзяржаўнага або нацыянальнага. 17 сьнежня па справе Вадзіма Ермашука адбудуцца спрэчкі ў судзе Шчучынскага раёну.

    Вадзіма затрымалі 16 жніўня падчас паездкі ў Шчучын, дзе ён зьбіраўся паглядзець пляцоўку для ролераў і скейтэраў. Праз некаторы час яго асудзілі за «арганізацыю масавага мерапрыемства» і «хуліганскія дзеяньні».

    Пасьля затрыманьня на яго завялі дзьве крымінальныя справы — за «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» і «абразу прэзыдэнта».

    Агулам Vadi­mati тады атрымаў 60 дзён адміністрацыйнага арышту паводле трох артыкулаў. Спачатку 25 — нібыта за «заклік на несанкцыянаванае спартовае мерапрыемства» (артыкул 24.23 КаАП). У канцы тэрміну дадалі 15 сутак за «абразу работнікаў ЖКГ і гарвыканкаму», калі ён тэлефанаваў на нумар 115. З 16 жніўня гарадзенец у Шчучынскім ІЧУ.

    Нядаўна стала вядома, што на блогера завялі чарговую адміністрацыйную справу, яго абвінавачваюць яшчэ і ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11).

    Вадзім Ермашук гандлюе адзеньнем на горадзенскім рынку. У апошнія гады дамагаўся паляпшэньня інфраструктуры ў горадзе (рамонту асфальту, стварэньня пандусаў), змагаўся з забруджваньнем вады.

    Акрамя таго, наведваў многія «палітычныя» суды, расказваў пра іх у сваім Insta­gram. Здымаў іранічныя ролікі ў вобразе «народнага дэпутата».

    Вадзіму Ермашуку 36 гадоў, паводле адукацыі ён юрыст, вядзе свой інстаграм з 45 тысячамі падпісчыкаў.

     
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці