Пад Бабруйскам прэзентавалі прыпынак Алеся Адамовіча
Над стварэннем арт-аб’екта працавала ініцыятыўная група, сярод сябраў якой – дзве журналісткі — Марына Маўчанава і Алеся Лацінская.
Першы памятны знак у гонар Адамовіча ў Беларусі
Урачыстае адкрыццё прыпынка адбылося падчас мясцовага фестываля народнай творчасці і рамёстваў “Глушанскі хутарок” 6 кастрычніка ў вёсцы Глуша. Менавіта там правёў дзяцінства і юнацтва Алесь Адамовіч. Сярод гасцей, што завіталі на Бабруйшчыну дзеля гэтай падзеі, былі дачка пісьменніка Наталля, скульптар Гэнік Лойка, які працуе над помнікам Адамовічу, бард Зміцер Бартосік.
Прыпынак Адамовіча стаў першым памятным знакам у гонар пісьменніка ў Беларусі.
Аўтар ідэі арт-аб’екта – бабруйчанін Андрусь Архіпенка. Андрусь усім сэрцам хварэе за тое, што памяць пра Адамовіча сярод беларусаў хутка знікае. Напачатку года ён пачаў збіраць подпісы за ўсталяванне помніка пісьменніку. А ўвесну вырашыў, што яшчэ да з’яўлення помніка можна ўшанаваць памяць больш хутка, танна і незвычайна – аздобіць аўтобусны прыпынак у роднай вёсцы літаратара так, каб ён распавядаў, чыя гэта малая радзіма.
Да Андруся далучыліся іншыя неабыякавыя бабруйчане, сярод якіх кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Марына Маўчанава і сябра філіі, журналістка і вядоўца моўных курсаў “Мова нанова” Алеся Лацінская.
У выніку паўстала ініцыятыва па стварэнні турыстычнай кропкі “Прыпынак Адамовіча”. Сябры групы зладзілі конкурс праектаў па афармленні прыпынка. Найлепшыя ідэі апрацавалі і рэалізавалі менскія мастакі Аляксандр Благій (KONTRA) і Юлія Лазоўская. Цяпер на яшчэ нядаўна пустых сценах прыпыначнага шапіка ў Глушы месцяцца партрэт Адамовіча і ягонае выказванне пра родную вёску з аповесці “Vixi”.
Далей – помнік і віртуальны музей
Цяпер ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча” працягвае працу над наступным крокам па ўшанаванні памяці пісьменніка ў Глушы – усталяваннем бюста. Яшчэ ў траўні Андрусь Архіпенка правёў на краўдфандынгавай платформе “Талака” кампанію па зборы сродкаў на помнік. Сабралі BYN 9600. Папярэдні макет бюста вырабіў Уладзімір Мелехаў. Цяпер над помнікам працуюць Гэнік Лойка і Яўген Білей. Адначасова Андрусь вядзе перамовы з мясцовымі ўладамі, каб атрымаць усе неабходныя ўзгадненні. Актывісты ініцыятывы спадзяюцца, што нічога не перашкодзіць усталяваць і адкрыць помнік ужо ў наступным годзе.
Амаль 25 гадоў вядуцца размовы пра неабходнасць адкрыцця ў Глушы музея Алеся Адамовіча. Упершыню гэтую думку выказалі пісьменнікі – калегі Адамовіча – на ягоным пахаванні пад Глушай 30 студзеня 1994 года. Дачка літаратара лічыць, што ідэальным месцам для экспазіцыі стаў бы будынак былой аптэкі, дзе працавала ейная бабуля, маці Алеся Адамовіча Ганна Адамовіч. Дом добра захаваўся і месціцца ў зручным месцы ўздоўж ажыўленай трасы Слуцк – Бабруйск. Але за ўсе гэтыя гады грошай на музей так і не знайшлося. У лютым 2016 года раённыя ўлады адкрылі дабрачынны рахунак для збору сродкаў на музей. На сёння сабрана крыху меньш за USD 6 000, што не пакрывае і дзясятую частку патрэбнай сумы. Іх не хапае нават на распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі. USD 5000 з ахвяраванняў – гэта ўнёсак Святланы Алексіевіч, які яна зрабіла ў лістападзе 2016 года.
І пакуль да рэальнага музея далёка, сябры ініцыятывы “Прыпынак Адамовіча” думаюць пра віртуальны, распрацоўкай канцэпцыі якога зоймуцца адразу пасля таго, як з’явіцца помнік.
Алесь Адамовіч – беларускі пісьменнік, публіцыст, журналіст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 3 верасня 1927 года (афіцыйна дата, сапраўдная – 3 жніўня 1926 года). Дзяцінства правёў ў Глушы пад Бабруйскам. Там жа на свае вочы пабачыў Другую сусветную вайну. Скончыў філалагічны факультэт БДУ. Вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць. Падтрымліваў стварэнне Беларускага народнага фронта. Намагаўся раскрыць праўду пра Чарнобыльскую катастрофу, быў сустаршынёй Міжнароднага фонда “Дапамога ахвярам Чарнобыля”. Вядомыя ягоныя творы “Я з вогненнай вёскі”, “Хатынская аповесць”, “Вайна пад стрэхамі”, “Апакаліпсіс па графіку” і іншыя. Алесь Адамовіч памёр 26 студзеня 1994 года, пахаваны ў Глушы.