Ад філасофскай перапіскі да псіхалагічнага трылеру. Падборка кніг для вашай восені
Другая палова восені нібыта створана для павольных разважанняў і ўдумлівага чытання. «Новы Час» склаў падборку твораў, якія стануць ідэальнымі спадарожнікамі ў гэтыя чароўныя дні.
«Восень патрыярха». Габрыэль Гарсія Маркес
Паэтычны і змрочны раман Габрыэля Гарсія Маркеса, які апавядае пра апошнія дні кіравання выдуманага дыктатара. Перапляценне магічнага рэалізму і палітычнай алегорыі непазбежна пагружае чытача у атмасферу восеньскай меланхоліі і роздумаў аб адзіноце, уладзе і смерці.
«Чаму, чорт падзяры, нічога не змянілася ў гэтым свеце пасля маёй смерці? Як гэта можа быць, што сонца па-ранейшаму ўзыходзіць і заходзіць і нават не спатыкнецца? Чаму, о маці мая, нядзеля засталася нядзеляй, а спякота той жа невыноснай спякотай, што і пры мне?»
«Лісты да брата Тэо». Вінцэнт Ван Гог
Зборнік лістоў, якія Вінцэнт Ван Гог пісаў свайму малодшаму брату Тэо на працягу многіх гадоў. Геніяльны мастак прадстае перад намі філосафам, надзвычай тонка разважаючы аб прыродзе мастацтва, чалавечых стасункаў і пачуццяў. Тэксты лістоў, поўныя незвычайнай шчырасці, то ўздымаюць чытача на вяршыні, то апускаюць на самыя нізіны чалавечага быцця.
«Чалавек адчувае патрэбу ў немалым — у бясконцасці і дзівосах — і слушна паступае, калі не здавольваецца меншым і не пачуваецца ў свеце, як дома пакуль гэтая патрэба не задаволена».
«Таемная гісторыя». Дона Тарт
Атмасферны раман Доны Тарт перанясе вас у элітны каледж Новай Англіі, дзе група студэнтаў – аматараў антычнай культуры – аказваецца ўцягнутай у свет таямніц, інтрыг і маральных кампрамісаў. Гэта гісторыя пра тое, як інтэлектуальныя амбіцыі могуць прывесці да разбуральных наступстваў.
Філасофскія разважанні герояў, унутраныя дэманы складаных персанажаў, нарастанне напружвання — словам, цудоўны выбар для восеньскіх вечароў.
«Прыгажосць рэдка нясе спакой і суцяшэнне. Наадварот. Сапраўдная прыгажосць заўсёды ўстрывожвае».
«Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Ян Баршчэўскі
Бадай што самы чароўны твор беларускай літаратуры — непераўзыходны выбар для чытання і перачытвання позняй восенню.
Запаленая свечка на падваконні гасціннага шляхціца, нячысцікі, дамовы з сумленнем, вечныя пытанні і шчымлівая настальгія па родным краі — усё там.
«Людзі ганяюцца за багаццем не дзеля таго, каб рабіць бліжнім дабро, а каб нічога не рабіць або – што яшчэ горш – каб шкодзіць».
«Дзяўчына з Брукліна». Гіём Мюсо
У захапляльным псіхалагічным трылеры Гіёма Мюсо пераплятаюцца таямніцы мінулага і напружанае расследаванне.
Галоўны герой Рафаэль, паспяховы пісьменнік, сутыкаецца з шакавальным прызнаннем сваёй нявесты Ганны, пасля чаго яна знікае. У адчайнай спробе знайсці яе, Рафаэль разблытвае складаную сетку падзеяў, звязаных з цёмным мінулым Ганны. Раман уздымае пытанні пошукаў праўды аб мінулым, кахання і здрады. Змрочная атмасфера за акном узмоцніть напругу гэтай драматычнай гісторыі.
«У кожнага чалавека тры жыцця: публічнае, асабістае і таемнае».
«Лісце каштанаў». Уладзімір Караткевіч
Кожны з твораў Уладзіміра Караткевіча — цудоўнае рашэнне для чытання і перачытвання ўвосень. Але прапануем не абмінуць увагай гэтую кранальную, поўную антываеннага пафасу і жалобы па знявечаным вайной юнацтве аповесць беларускага класіка, дзеянне якой адбываецца ў тoлькi штo вызвaлeным aд фaшыcтaў Kieвe.
«Што зробіш? Змагары за справядлівасць часта гінуць».
«Забіць перасмешніка». Харпер Лі
Пранікнёная гісторыя сталення ў маленькім паўднёвым мястэчку ЗША у 1930‑х гадах. Праз вочы юнай Скаўт Фінч чытач бачыць, як яе бацька, адвакат Атыкус Фінч, абараняе несправядліва абвінавачанага чарнаскурага мужчыну. Раман уздымае тэмы маралі, справядлівасці і чалавечай годнасці.
Восеньская атмасфера рамана стварае адчуванне ціхага, але напружанага чакання перамен.
«Амаль усе людзі добрыя, калі іх урэшце зразумееш».
«Адрынутыя». Віктор Гюго
Непераўзыходны раман французскага класіка распавядае гісторыю катаржніка Жана Вальжана, які правёў 19 гадоў у зняволенні за крадзёж хлеба для дзяцей сястры. Віктор Гюго выкрывае злачынствы пенітэнцыярнай сістэмы, паказвае сутнасць сапраўднага кахання, сапраўднай дабрыні і падштурхоўвае нас да адназначнага адказу на вечнае пытанне – што больш істотна, міласэрнасць альбо справядлівасць?
«Найперш трэба ведаць шлях, якім ішла правіна».
Дарэчы, калі кніга вамі ўжо неадаразова прачытаная, раім для прагляду экранізацыю рамана 2000 года — Жан Вальжан у геніяльным выкананні Жэрара Дэпард’ё.