Падчас Global Media Forum Саюз журналістаў Германіі зладзіў акцыю падтрымкі беларускіх фрылансераў
У нямецкім Боне адбыўся штогадовы Глабальны медыяфорум 2019 (Global Media Forum). Свет цяпер нестабільны, шмат дзе назіраюцца зрухі ў ацэнцы традыцыйных каштоўнасцяў і нормаў, у многіх краінах страчаны давер да міжнародных інстытутаў і дэмакратычных сістэм.
Як СМІ, палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, бізнесу ўзаемадзейнічаюць у перыяд, калі адбываюцца “зрухі асноўных сіл”.
Shifting Powers — так гучала агульная тэма дванаццатага Глабальнага медыяфоруму галоўны арганізатар якога Deutsche Welle.
На пачатку канферэнцыі адбылася размова праз відэасувязь паміж дырэктарам Deutsche Welle Пітэрам Лімбургам і Федэральным прэзідэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам. Суразмоўцы абмяркоўвалі выклікі сучаснасці, калі дэмакратыя і свабода прэсы ў небяспецы, а папулізму становіцца ўсё больш.
“Захоўвайце смеласць паведамляць, нават пра з’явы, якія не падабаюцца ўладам, але якія патрэбныя дэмакратыі”, — звярнуўся да прысутных з Берліна Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Палітык таксама заўважыў, што сацыяльныя сеткі прыносяць грамадству шмат праблем, найперш таму, што там няма месца кампрамісам і дыялогу, затое шмат безапеляцыйных, грубых заяў.
Дырэктар Facebook па партнёрстве з медыя Джэспер Доуб нагадаў, што глабальная сацыяльная сетка Facebook застаецца вернай ідэі Марка Цукерберга: быць платформай, якая аб’ядноўвае, злучае людзей. Усведамляючы сваю адказнасць адміністрацыя Facebook змагаецца з фэйкавымі навінамі і допісамі, якія распальваюць варажнечу. Штодня выдаляецца каля мільёна фальшывых акаўнтаў.
Цікавым быў выступ навукоўца-футурыста са сферы IT Жарона Ланье. Ягоны даклад «Як сацыяльныя сеткі змяняюць грамадства» некалькі разоў выклікаў апладысменты.
Спадар Ланье заявіў, што распрацоўшчыкі ў Сіліконавай даліне дапусцілі вялікую памылку. Яны хацелі стварыць інтэрнэт для кожнага, а ў выніку стварылі платформу, якой кіруюць некалькі манапалістаў.
Ланье мяркуе, што сацыяльныя медыя руйнуюць наша жыццё і спрыяюць таму, што мы жывём у час з непрадказальнай будучыняй. Ланье выступае за ідэю, што інтэрнэт мусіць быць створаны наноў.
Паводле выступоўцы, камунікацыі ў інтэрнэце вядуць да таго, што мы жывём у дзіцячым свеце са злым стылем камунікацыі. А перазапусціць інтэрнэт магчыма, запусціўшы новую бізнес-мадэль, калі вялікія карпарацыі плацяць карыстальнікам за іх дадзеныя, бо менавіта за гэты кошт яны і жывуць. То бок Facebook мусіць плаціць новаму карыстальніку, а Google — за кожны пошукавы запыт.
У межах Global Media Forum адбылася дыскусія пра ўзаемадачыненні палітыкі і СМІ. У ім удзельнічала прадстаўніца ад Беларусі медыяэксперт Галіна Малішэўская.
Адзін з запланаваных удзельнікаў — Леанід Волкаў, паплечнік апазіцыянера Аляксея Навальнага — не змог прыехаць, бо з 22 мая знаходзіцца пад арыштам у Маскве. Суд прызнаў яго вінаватым за YouTube трансляцыю акцыі пратэсту супраць пенсійнай рэформы, якая адбылася ў верасні мінулага года, і прысудзіў да 20 сутак адміністрацыйнага арышту.
Волкаў даслаў відэазварот удзельнікам Форуму.
DW организует международную медиаконференцию Global Media Forum, в этом году на нее пригласили Леонида Волкова (@leonidvolkov). Но он приехать не смог — отбывает в Москве административный арест. Смотрите, как в Бонне встретили его видеобращение из здания суда. pic.twitter.com/aGy0zCzHzo
— DW на русском (@dw_russian) 28 мая 2019 г.
“Шкада, што я не змог прыехаць. Але думаю, што гэтая гісторыя важная, каб лепш зразумець, як СМІ і палітыка звязаныя паміж сабой”, — сказаў Волкаў у сваім звароце.
Ён заклікаў удзельнікаў Форуму працягваць барацьбу за свабоду СМІ і свабоду палітычнага выказвання.
Іншы ўдзельнік гэтай дыскусіі Джан Дзюндар з 2016 года жыве ў Нямеччыне, яму прадастаўлены асабісты ахоўнік. Дюндару давялося эміграваць пасля таго, як улады Турцыі прысудзілі яго да пяці гадоў зняволення за разгалошванне дзяржаўнай таямніцы. У 2015 годзе, узначальваючы рэдакцыю Cumhuriyet, ён апублікаваў рэпартаж, у якім сцвярджалася, што спецслужбы Турцыі пастаўлялі на грузавіках зброю ў Сірыю. У Турцыі яго таксама абвінавачваюць у арганізацыі пратэстаў у Стамбуле ў 2013 годзе.
«Гэта цана, якую нам даводзіцца плаціць, каб абараняць праўду ў такіх краінах, як Расія і Турцыя», — заявіў Дзюндар.
Па словах спадара Дзюндара, улады кантралююць 90 адсоткаў СМІ ў Турцыі, больш за 150 яго калег знаходзяцца за кратамі ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю.
Медыякансультант з Беларусі Галіна Малішэўская падчас дыскусіі сказала, што ў Беларусі медыя не толькі зведваюць ціск з боку ўладаў, але і вымушаныя канкураваць з блогерамі, сацыяльнымі сеткамі. Яна падкрэсліла, што ў любых умовах журналісты мусяць кіравацца адказнасцю ў сваёй прафесіі.
Сёлета Беларусь апынулася на 153 месцы ў штогадовым рэйтынгу свабоды прэсы, які выпускае арганізацыя «Рэпарцёры без межаў”. Расія знаходзіцца на 149 месцы, Турцыя — на 157‑м. Усяго ў гэтым рэйтынгу 180 краін.
Упершыню прэмію Deutsche Welle «За свабоду слова» атрымала жанчына
Мексіканская журналістка Анабель Эрнандэс была ўзнагароджаная прэміяй Deutsche Welle «За свабоду слова» за яе ўнёсак у барацьбу з карупцыяй і за абарону свабоды меркаванняў у сябе на радзіме.
Эрнандэс была ўдастоеная гэтай узнагароды за ўклад у барацьбу з карупцыяй і беспакаранасцю злачынцаў у сябе на радзіме ў Мексіцы.
Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Боне ў межах Global Media Forum.
Саюз журналістаў Германіі (DJV) зладзіў акцыю падтрымкі беларускіх калег-фрылансераў
Саюз журналістаў Германіі (DJV) меў свой стэнд падчас працы Global Media Forum. Апрача іншага на ім можна было знайсці інфармацыю пра пераслед журналістаў у Беларусі.
Калегі з Германіі зрабілі ўлёткі пра найбольш абсурдныя выпадкі: калі журналістаў штрафавалі за матэрыялы з прэс-туру ў фермерскую гаспадарку, а таксама пра праблемы на малочным заводзе. На стэндзе DJV можна было пачаставацца морквай і сырам ды даведацца, як ідуць справы ў журналістаў Беларусі.
Прадстаўнік Саюз журналістаў Германіі Майкл Хіршнер сказаў, што людзі цікавіліся інфармацыяй пра Беларусь.
***
Global Media Forum у 2019 годзе сабраў каля 2000 удзельнікаў са 140 краін.
Global Media Forum — міжнародная канферэнцыя, якую штогод праводзіць Deutsche Welle з 2008 года. Удзел у ёй прымаюць прадстаўнікі СМІ, грамадзянскай супольнасці, палітыкі.
Абмеркаваць тэкст можна на старонцы ў FB
Падпісацца на наш Telegram-канал можна ТУТ