Падчас лекцыі затрымалі выкладчыцу журфака БДУ. 15 сутак арышту
Сёння падчас заняткаў была затрыманая Ксенія Мартуль, выкладчыца журналісцкага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
14 снежня проста з заняткаў сілавікі забралі выкладчыцу журфака БДУ Ксенію Мартуль. Пра гэта распавялі яе студэнты.
Неўзабаве пасля гэтага міліцыя перахапіла кантроль над тг-каналам «Gender_gap». Там з’явілася традыцыйная для такіх выпадкаў аватарка ў выглядзе герба РБ.
«Гендарны прабел» — невялікі і абсалютна бяскрыўдны тг-канал пра сацыяльныя стэрэатыпы. Там увогуле ніколі не пісалі пра палітыку. Калі, натуральна, не бачыць палітыку ў кожнай згадцы слова «гендар».
У «пакаяльным» відэа Мартуль сказала, што ўдзельнічала ў масавых пратэстах 2020-га. «Затрымана за тое, што ў асабістай перапісцы рабіла перасылкі з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў», — дадала яна.
Муж Ксеніі Мартуль Алег распавёў mediazona.by, што падчас заняткаў да жонкі і яе калегі падышлі намеснік дэкана і двое мужчын. Яны забралі Мартуль «на размову». Пазней Ксенія патэлефанавала яму і сказала, што яе вязуць на Акрэсціна, і ёй пагражае арышт або штраф, суд — у сераду.
Таксама муж Ксеніі Мартуль распавёў, што на жонку «яшчэ тыдні два таму» напісалі скаргу ў ГУБАЗіК. У выніку яна ўчора напісала заяву на звальненне, але яе папрасілі дапрацаваць два тыдні.
15 снежня Ксенію Мартуль асудзілі на 15 сутак.