• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гісторыя ў слухаўках: 9 падкастаў пра беларускую гісторыю

    Цікавіцеся гісторыяй, але не маеце часу чытаць кнігі? Не праблема, калі можна паслухаць! Агульная гісторыя і мікрагісторыя, сэкс, вандроўкі, археалогія і этнаграфія — знойдзецца на любы густ і інтарэс. Усе падкасты можна слухаць бясплатна, на зручных для вас платформах і ў любы час.

    Budzma.org распавядае пра 9 беларускіх гістарычных падкастаў.

    «Так склалася гістарычна»

    Падкаст ад кандыдаткі гістарычных навук Ганны Дзягель. Адзін з самых вядомых і трывалых у беларускай медыяпрасторы — першы запіс з’явіўся яшчэ ў жніўні 2021 года. Дзеліцца на шэсць сезонаў, сёння можна паслухаць ажно 60 выпускаў падкасту.

    Фармат — інтэрв’ю. Ганна запрашае беларускіх гісторыкаў, якія распавядаюць як і пра сябе, так і пра тэму падкасту. Сярод гасцей шмат пазнавальных імёнаў: Таццяна Валодзіна, Іна Калечыц, Зміцер Скварчэўскі, Аляксандр Гужалоўскі, Дзяніс Лісейчыкаў, Наталля Сліж і многія іншыя. Кожны выпуск абмяркоўваюць асобную тэму альбо пытанне, звычайна звязаныя з навуковай дзейнасцю госця.

    Для пачаткоўцаў і навічкоў у гісторыі падкаст можа здацца спачатку трохі складаным, бо ўсё-ткі размаўляюць прафесійныя гісторыкі. Але якасць запісу вельмі добрая, а з удакладненнямі і пытаннямі ад Ганны можна і варта спрабаваць разабрацца. Працягласць эпізодаў у сярэднім 30–40 хвілін. Карацей, слухаць і слухаць!

    Таксама раім звярнуць увагу на сацсеткі праекта, асабліва — Tik­Tok старонку і Іnsta­gram — там не толькі кароткія фрагменты з гутарак, але і анонсы будучых выпускаў. Ну а на сайце падкасту можна паслухаць любы з эпізодаў, альбо перайсці на любы з папулярных сервісаў — ад Youtube да Яндэкс.Музыкі.

    Старонка падкасту

    Youtube 

    Тры спецпраекты ад 34mag&34travel

    Інтэрнэт-часопіс 34mag&34travel у калабарацыі з МТС мае тры невялікія праекты, прысвечаныя гісторыі. Кожны спецпраект уключае да 8 серый працягласцю прыкладна 10 хвілін, таму расказваем пра ўсе разам.

    «Шляхецкія сем’і Беларусі» — экспрэс-курс для тых, хто ганарыцца сваёй гісторыяй і хоча бліжэй пазнаёміцца з яе яскравейшымі прадстаўнікамі — шляхецкімі родамі.

    Можна паслухаць эпізоды пра Радзівілаў, Агінскіх, Сапег, Тызенгаўзаў, Пуслоўскіх, Тышкевічаў, Храптовічаў і Друцкіх-Любецкіх. Не толькі сціслыя біяграфіі, але й малавядомыя цікавосткі. Падкаст часткова расшыфроўваецца тэкставай версіяй і багата ілюструецца якаснымі фотаздымкамі з дадатковымі каментарыямі.

    «Ежа» — падкаст па гісторыі беларускай кухні, прысвечаны беларускім стравам і культуры харчавання. Пакуль апублікавана толькі пяць выпускаў, але абяцаюць болей.

    Можна паслухаць эпізоды пра дранікі, калядны стол, шляхецкую кухню, хлеб і беларускія супы. Нават з рэцэптамі! Будзьце ўважлівыя: як трапна заўважана ў апісанні, «слухаць пажадана не на пусты страўнік».

    «Гісторыя мастацтва Беларусі» — курс з 8 выпускаў, з дапамогай якога «можна скласці ўяўленне пра тое, што адбывалася на беларускай арт-сцэне ад старажытных часоў да сучаснасці».

    Сапраўды, можна ахапіць усё самае базавае — ад ікон і мастацтва сарматызму, і праз барока, рамантызм, супрэматызм дайсці да савецкага і сучаснага беларускага мастацтва.

    Ва ўсіх праектах аўтары вельмі адказна падышлі да афармлення як візуальнага, так і музычнага. Атрымаліся сапраўдыя аўдыясерыялы, хоць і больш падобныя да кніжнай агучкі, чым звыклага падкасту.

    Важнае ўдакладненне — варта не проста выбраць цікавую тэму і слухаць, але і выдзяліць трохі часу, каб паразглядаць партрэты тых асоб, пра каго гаворка, альбо фота архітэктурных ці мастацкіх помнікаў. Таму зручна слухаць падкаст на сайце медыя, бо з кожным выпускам ідзе суправаджальны тэкст і выявы.
    Сярод плюсаў — вельмі добрая якасць запісу, прыемная агучка і ненавязлівае музычнае суправажэнне. Бонус — прыгожае ілюстратыўнае афармленне.

    Усе падкасты можна знайсці на сайце часопіса, там жа ёсць і спасылкі, дзе можна паслухаць падкаст на стрымінгавых платформах

    Vandra

    Ідэальны варыянт на «паслухаць» для тых, хто любіць вандраваць і хоча рабіць гэта асэнсавана, з разуменнем, куды і для чаго ён едзе і што там паглядзець. Van­dra — праект з 2017 года, мэта якога «павысіць лакальную турыстычную граматнасць праз розныя, у тым ліку не тыповыя, напрамкі дзейнасці».

    Праект мае свой сайт, на якім не толькі выкладзеныя 44 выпускі падкасту, але таксама можна знайсці фірмовую краму, спецпраект пра Чучавіцкі край і старонку са скрэтч-картай Беларусі.

    Аўтар і вядоўца — Раман Клеўжыц.

    Сваю мэту праект акрэслівае так: «Мы маем сапраўды багатую гісторыю, але ж не так шмат пра яе ведаем. Таму будзьма пашыраць веды і прасоўваць спадчыну: ад архітэктунрных да прыродных і этнаграфічных каштоўнасцей.

    Ствараем, каб абудзіць грамадства!»

    Выпускі падкастаў пабудаваныя ў фармаце інтэрв’ю, госці Рамана — эксперты і энтузіясты ў сваіх сферах дзейнасці — Глеб Лабадзенка, Кастусь Шыталь, Сяргей Лескець, Сцяпан Стурэйка, Вольга Барышнікава, Уладзіслаў Чаховіч і іншыя.

    З плюсаў — шырокі ахоп тэм, разнастайнасць пытанняў і цікавыя суразмоўцы, а таксама прыемнае музычнае суправаджэнне. Шмат цікавостак асобна ідзе ў Insta­gram, звярніце ўвагу.

    Старонка падкасту

    «Гісторыя беларускага сэксу»

    Падкаст «Гісторыя беларускага сэксу» ад праекта «Альтэрнатыўны музей» распавядае пра тое, як беларусы размаўлялі пра сэкс раней і як яны робяць гэта цяпер:

    «У гэтым падкасце мы распавядзем пра эротыку ў беларускім фальклоры. Пра тое, як займаліся сэксам нашыя продкі. Развянчаем міф аб іх бязгрэшнасці і параўноўваем з тым, як беларусы займаюцца сэксам сёння:
    — па-беларуску
    — з пошлымі жартачкамі
    …і з фалічным сімвалізмам!»

    У сеціве можна знайсці тры сезоны падкасту. Першыя два закранаюць вострасацыяльныя пытанні (прастытуцыя / сэксуальная арыентацыя / самаідэнтыфікацыя / гвалт), запісаныя на рускай мове. Трэці — больш занураецца ў гісторыю і этнаграфію, запісаны па-беларуску.

    На старонцы праекта можна знайсці і паслухаць усе выпускі альбо выбраць спасылку на камфортную платформу.

    Па-беларуску апублікавана восем выпускаў: пра кантрацэпцыю, вяселле, гінекалогію, цяжарнасць, цноту і менструацыю.

    Таксама раім звярнуць увагу на Іnsta­gram праекта — там і анонсы, і асобныя допісы, і нават валянцінкі. Ну і асобны бонус — стылістычнае афармленне праекта.

    Старонка падкасту 

    Youtube 

    «Гістфак» на Palatno media

    Падкаст «Гістфак» — адзін з аўдыяпраектаў маладога медыя Palat­no. На Youtube-канале можна знайсці сціплую пазнаку, што гэта «Падкаст пра гісторыю Беларусі і беларусаў»

    На сайце медыя апублікаваны 24 выпускі. Тэматыка ў эпізодаў шырокая — ад мікрагісторыі БНР ці паўстання 1863 года да этнаграфіі і гісторыі ХХ стагоддзя.

    Фармат падкасту — гутарка. Вядоўцы размаўляюць жывой (і не заўсёды літаратурнай) мовай і дазваляюць сабе жартаваць, а часам нават і спрачаюцца.

    Выпускі пабудаваны на абмеркаванні нейкага канкрэтнага пытання ці праблемы: ці то шляхецкія забавы, ці то асоба Расціслава Лапіцкага, ці то партызанская дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны, ці то пытанне ліцвінства і літвінаў у беларускай медыяпрасторы і іншыя.

    Працягласць выпускаў — у сярэднім 30 хвілін. Фармат навукова-папулярны, таму падыдзе для любога ўзроўню слухачоў.

    «Палатно» мае яшчэ некалькі падкастаў, таму на стрымінгавых пляцоўках выпускі «Гістфака» трэба шукаць сярод іншых

    Сайт

    Youtube 

    Tik­Tok 

    Natatnik

    Шыкоўная серыя падкастаў ад берасцейцаў: можна не толькі слухаць, але і глядзець. Лакацыі здымак кожны раз мяняюцца — студыі, кватэры і нават хаты.

    «Здымаем таямнічую і прыгожую Беларусь. Запісваем падкасты», — лаканічна пазначаюць аўтары праекта.

    Падкаст ахоплівае як этнаграфічна-краязнаўчыя вандроўкі па Беларусі, так і размовы-інтэрв’ю з запрошанымі гасцямі, сярод якіх Віктар Сямашка, Віктар Малышыц, Алена Браніславаўна, Вольга Трубач, Нэля Крэйн, Сяргей Лескець і іншыя. Як лепш вандраваць, з гідам ці без? Якое яно, традыцыйнае пчалярства? Што такое відзікі? Якія яны, беларуская музыка, ці балоты, ці зоркі?.. І многае-многае іншае. 

    З адназначных плюсаў — якасць запісаў і прыгажосць карцінкі, а таксама пазнавальны дызайн у афармленні. Гэтаксама раім звярнуць увагу на Tik­Tok і Insta­gram старонкі праекта. Там шмат прыгожага.

    Youtube

    «Байкі ля вогнішча»

    «Байкі ля вогнішча» — падкаст ад праекта (альбо як пазначаюць аўтары — карпарацыі) «Крывіцкі Край». І гэта пакуль адзіны падкаст, які цалкам прысвечаны беларускай археалогіі.

    Можна паслухаць 10 выпускаў. У камфортным суправаджэнні трэску вогнішча вядоўца падкасту зачытвае ўспаміны і нататкі вядомых археолагаў — Мікалая Улашчыка, Мікалая Плавінскага, Сяргея Тарасава і іншых. Напрыклад, самы першы выпуск — успаміны ўдзельніцы археалагічнай экспедыцыі 1928 года па даследаванні палеалітычнай стаянкі Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці Іны Рытар.

    Суполка «Крывіцкі край» пазначае сваю дзейнасць як «археалогія/раскопкі/валанцёрства» і падкаст характарызуе так: «Тут вы зможаце пачуць успаміны валанцёраў з розных археалагічных экспедыцый, іх уражанні ад раскопак і археолагаў!»

    Вельмі раім звярнуць увагу і на Іnsta­gram-старонку праекта — класны дызайн, шмат карыснага і цікавага для тых, хто цікавіцца археалогіяй, старажытныя нюдсы і нават коміксы.

    Старонка падкасту 

    «Без доктара навук не разабрацца»

    Самы свежанькі з гістарычных падкастаў — аўтарскі праект «Без доктара навук не разабрацца» ад гісторыка Алеся Краўцэвіча, які ён запусціў разам са сваёй дачкой Юляй.


    ««Без доктара навук не разабрацца» — гэта Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, і Юля Краўцэвіч — мае так многа талентаў, што не ўлезе ў падкаст. Тут мы гутарым аб Беларусі, беларусах і беларускасці як тата і дачка. Успамінаем нашую гісторыю і прыпамінаем мае дзіцячыя траўмы. Дыскутуем, хто быў важнейшы, Кейстут ці Альгерд, і чаму я павінна быць улюбёнай дачкой спадара прафесара», — пішуць аўтары праекта.

    Гісторыю Беларусі ад Алеся Краўцэвіча таксама можна паслухаць у 2‑гадзінным аўдыяпадкасце «Кароткая гісторыя Беларусі», якую агучыў Уладзімір Лісоўскі.

    Першы ж выпуск сустрэў хвалю розных водгукаў у сацсетках, як пазітыўных, так і негатыўных. Серыя падкасту называецца «Чаму Беларусь такая небеларуская. Шляхецкі пачатак», дзе вядоўцы разважаюць, як з’явілася і перастала быць беларускай беларуская шляхта, і прадстаўляюць сваё бачанне ролі сялянства ў нацыянальнай гісторыі краіны.

    Знайсці падкаст можна на платформах Pod­BeanYouTubeApple Pod­castsGoogle Падкасты і на Spo­ti­fy.

    «Гісторыя на Свабодзе»

    Падкаст «Гісторыя на Свабодзе» — адзін з праектаў медыя «Радыё Свабода». У анонсе да падкасту аўтары акрэслілі сваю мэту так:

    «Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Расея страляе ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі вачыма беларусаў — асноўная тэма падкасту «Гісторыя на Свабодзе».

    Першы эпізод апублікаваны ў студзені 2023 года, новыя выпускі рэгулярна з’яўляюцца па некалькі разоў на месяц. Можна слухаць у фармаце аўдыя, можна глядзець як ТВ-праграму на Youtube.

    Падкаст пабудаваны таксама ў форме інтэрв’ю. Журналіст Сяргей Абламейка размаўляе з беларускімі і замежнымі інтэлектуаламі, якія разважаюць пра самыя актуальныя пытанні гісторыі Беларусі і суседніх краін.

    Плюсы — экспертнасць выступоўцаў, перавага сацыяльна-палітычнай тэматыкі ў эпізодах. Аднак фармат аўдыязванкоў дрэнна ўплывае на якасць у некаторых эпізодах, плюс для неспрактыкаванага слухача сама падача інфармацыі можа падацца складанай.

    Сайт 

    Youtube 

    Apple Pod­casts 

    Spo­ti­fy 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці