Палітвязень Анджэй Пачобут атрымаў залаты лаўр Акадэміі майстроў польскай мовы
У Варшаве 12 чэрвеня адбылася 23 цырымонія ўзнагароджання майстроў сацыяльнай праграмы польскай мовы. Залатыя лаўры Акадэміі майстроў польскай мовы атрымалі палітвязень Анджэй Пачобут і польскі актор Кшыштаф Глобіш, піша «Белсат».
Анджэй Пачобут і Кшыштаф Глобіш атрымалі вышэйшыя ўзнагароды Акадэміі майстроў польскай мовы. За прапаганду лепшых узораў польскай мовы палітвязень і польскі актор атрымалі залатыя лаўры.
Праграма Акадэміі майстроў польскай мовы – гэта агульнапольская кампанія, у якой прыняць удзел можа кожны грамадзянін краіны. Лаўрэатаў выбіраюць паводле народнага галасавання. Палітвязень Анджэй Пачобут набраў найбольшую колькасць галасоў.
Журналіста і актывіста польскай меншасці Анджэя Пачобута асудзілі 8 лютага на 8 гадоў калоніі. Прысуд агучыў суддзя Гарадзенскага суда Дзмітрый Бубенчык. Сам суд быў закрытым – гэтага запатрабаваў пракурор.
У абвінавачанні супраць журналіста гаворыцца, што ў медыях Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу ў 1939 годзе. Яму таксама інкрымінавалі заявы ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкулы ў выданні «Gazeta Wyborcza» пра беларускія пратэсты ў 2020‑м.
16 студзеня 2023 года, калі пачаўся суд, МЗС Польшчы распаўсюдзіла заяву, у якой абвінавачанні супраць Пачобута названыя непраўдзівымі ды палітычна матываванымі. У ведамстве адзначылі, што гэты працэс – «чарговы прыклад інструментальнага выкарыстання сістэмы правасуддзя насуперак усім дэмакратычным стандартам, а таксама адзін з элементаў антыпольскай кампаніі».
Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года ў Горадні пасля ператрусу ў ягоным доме. З таго часу журналіст пабываў у СІЗА Менску, Жодзіна і Горадні. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, яго змяшчалі ў карцар. Таксама яму фактычна блакуюць перапіску, асабліва на польскай мове.
Чытайце яшчэ:
Манипулирование и другие фокусы: как пропаганда редактирует реальность. Рассказывает Анна Мирочник
«Я нават не заўважыла, як стала прычынай усіх мужавых няшчасцяў». Калегі расказалі аб сямейных праблемах у міграцыі
Затрымалі Таццяну Пыцько, жонку палітзняволенага віцебскага відэааператара Вячаслава Лазарава