У Барысаве памёр ветэран беларускай незалежнай журналістыкі Алесь Мікалайчанка
Пра смерць 76-гадовага журналіста і паэта паведамілі ягоныя колішнія калегі ў сацсетках. У 1995 годзе Алесь Мікалайчанка стаў адным з 38-мі сузаснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам праўлення арганізацыі.
Да нацыянальнай ідэі Мікалайчанка прыйшоў яшчэ ў студэнцкія гады. Пісьменнік Іван Ласкоў (1941–1994) згадваў у сваёй аўтабіяграфіі пра сваё асабістае ўсведамленне:
«Паварот да свайго, роднага адбыўся натуральна. У нейкай ступені гэтаму паспрыяла і тое, што ў нашым пакоі на колішняй Паркавай магістралі [цяпер праспект Пераможцаў. — Рэд.] жыў Алесь Мікалайчанка. Вучыўся ён на рускім аддзяленні і пісаў вершы таксама па-руску, але да беларушчыны быў прыхільны. Ягоны бацька працаваў першым сакратаром Бялыніцкага райкама партыі. Алесь, не афішуючы сваіх нацыянальных арыенціраў, спакваля пераходзіў у размовах у пакоі, а потым і ў творчасці на родную яму бацькоўскую мову…»
Іншы вядомы пісьменнік, аўтар гістарычных раманаў Леанід Дайнека (1940–2019) таксама згадваў у сваіх успамінах:
«Мы заўсёды хадзілі ўтраіх: Ласкоў, Саша (Алесь) Мікалайчанка і я; прычым, Ласкоў ішоў паперадзе, а мы, высакарослыя бамбізы, шпарылі за ім. Нас аб’ядноўвала тое, што мы пачыналі пісаць па-руску, а потым перайшлі на беларускую мову, і было гэта не ў часы так званага Адраджэння, Народнага Фронту і Пазняка, а яшчэ ў 1968 годзе, за 17 гадоў да ліберала Гарбачова».
Гэтыя нацыянальныя арыенціры Мікалайчанка пранёс праз усё жыццё, нездарма ягонае прозвішча ў 1989 годзе прысутнічала сярод сяброў Мінскай гарадской рады новастворанага Таварыства беларускай мовы, у працы якога ён актыўна удзельнічаў і ў наступныя гады.
У 1990‑я гады Алесь Мікалайчанка быў сустаршынёй Асацыяцыі свабодных сродкаў масавай інфармацыі. У 1995 годзе стаў адным з 38-мі сузаснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябрам праўлення арганізацыі.
Пасля працаваў карэспандэнтам «Радыё Свабода» па Мінскай вобласці, у незалежных газетах «Салідарнасць» і «Борисовские новости».
«Працавалі разам у «Барысаўскіх навінах». Мікалайчанка такія добрыя адносіны з барысаўскімі мянтамі наладзіў, што ўвесь эксклюзіў злівалі яму, а не ў дзяржаўную раёнку. Рэдактарку «раёнкі» гэта дужа бясіла, штораз патрабавала спыніць даваць Мікалайчанку інфармацыю», — успомніў пра супрацу з ім журналіст Зміцер Панкавец.
Акрамя журналісцкай працы, Алесь Мікалайчанка пісаў вершы, з 2006 года быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 2014 годзе выдаў зборнік вершаў «Скрыжалі».