Памёр выдавец і паэт Мікола Трафімчук
Памёр беларускі паэт Мікола Трафімчук, паведамілі ягоныя сябры ў сацсетках. Яму было 74 гады, прычынай смерці сталі двайны інсульт і інфаркт.
Мікола Трафімчук нарадзіўся 3 студзеня 1950 года ў вёсцы Восаўцы Драгічынскага раёна. У 1975 годзе скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.
Пасля працаваў у рэдакцыях раённых газет, на брэсцкім тэлебачанні, у газетах «Мінская праўда», «Звязда», «Наша доля». Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1994 года.
У 2005 годзе Трафімчук стаў заснавальнікам і галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага альманаха «Гоман».
Друкаваўся з 1970 года. Першая асобная кніга паэта «Трыванне» выйшла ў 1990 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». пасля былі яшчэ зборнікі вершаў «Траекторыя» (1992), «Фэст, альбо Трыяда» (1993), «Нішта не вернецца ніколі» (1995), «Любіць Бог Беларусь» (1996) і іншыя.
Многія вершы Мікалая Трафімчука пакладзеныя на музыку: «Драгічынскі вальс», «Павуцінка», «Бацькоўскі сад», «Слуцкі казачок» і інш. Дарэчы, і сам паэт акрамя пісання вершаў умеў граць на гармоніку, які заўсёды браў на аўтарскія сустрэчы, выконваючы пад яго аўтарскія песні.