Памёр пісьменнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка
9 лістапада не стала таленавітага беларускага пісьменніка, драматурга, кінасцэнарыста, супрацоўніка "Беларускага Радыё Рацыя" Уладзіслава Ахроменкі. Яшчэ 29 кастрычніка ў Беластоку ў яго здарыўся цяжкі інфаркт.
Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі. Паходзіў з сям’і інжынера завода РТА і выкладчыцы музычнай вучэльні. Вучыўся ў Гомельскай сярэдняй школе № 26 (1972—1978), сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе фартэпіяна (1978—1981), Гомельскай музычнай вучэльні імя Сакалоўскага (1981—1984), Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1984—1989, клас І. Цвятаевай).
Працаваў выкладнікам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзела часопіса «Бярозка», адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты «Культура». З 1993 года працаваў па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі. Апошнімі гадамі актыўна супрацаваў з нашым Беларускім Радыё Рацыя. Жыў у Чарнігаве і Менску.
Як пісьменнік працаваў ў вострасюжэтных, запатрабаваных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя. Разам з Максімам Клімковічам быў адным з пачынальнікаў у Беларусі жанру кінарамана. Дэбютаваў апавяданнем (1988 год) у часопісе «Бярозка».
Аўтар кніг прозы «Здані і пачвары Беларусі» (1994, у суаўтарстве з М. Клімковічам; пад псеўданімамі Францішак Хлус і Марцін Юр), «Янкі, альбо Астатні наезд на Літве» (кінараман, 2007, сааўт. з М. Клімковічам), «Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша» (2009, сааўт. з М. Клімковічам), «Тэорыя змовы» (2011), «Музы і свінні» (2014), п’есы «Русалка Камсамольскага возера» (2010, суаўт. з М. Клімковічам). Пад псеўданімамі выдаў каля дзвюх соцень камерцыйных раманаў на расейскай мове, некаторыя з іх экранізаваны.
Апавяданні, навелы, эсэ Уладзіслава Ахроменкі друкаваліся ў калектыўных зборніках, альманахах і часопісах. Творы перакладзены на ўкраінскую, чэшскую, расейскую і польскую мовы. Лаўрэат нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў (Мінск, 1977, 1‑я прэмія). Намінаваўся на літаратурныя прэміі “Гліняны Вялес” і прэмію Ежы Гедройця.
У Уладзіслава Ахроменкі засталіся жонка і трое дзяцей. Светлая памяць!