• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Панк, шахматыст, сядзеў за абразу Лукашэнкі: хто такі Андрэй Пачобут, якога затрымалі за «распальванне нацыянальнай варажнечы»

    Ранкам 25 сакавіка сілавікі прыйшлі ў кватэру да журналіста Андрэя Пачобута, актывіста непрызнанага ўладамі Саюза палякаў. Тры гадзіны доўжыўся ператрус у рамках крымінальнай справы па частцы 3 артыкуле 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай варажнечы». Паводле гэтага артыкула, абвінавачанаму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў.

    Пачобута пасля ператрусу забралі на допыт, яму дазволілі з сабой сабраць рэчы. Незразумела, ці Андрэй будзе змешчаны пад варту ў рамках крымінальнай справы, ці адміністрацыйнай, як старшынька Саюзу палякаў Анжаліка Борыс (асуджаная на 15 сутак), ці яго вызваляць.

    «Наша Ніва» ўспамінае, хто такі Андрэй Пачобут. Гэта дастаткова яркая і неардынарная для Беларусі асоба.

    Андрэй Пачобут. Фота з фэйсбука. 

    Андрэй Пачобут нарадзіўся ў 1973 годзе ў мястэчку Вялікая Бераставіца, на самай мяжы з Польшчай. Але дастаткова хутка сям’я пераехала ў Гродна. Бацькі працавалі настаўнікамі: Ванда Андрэеўна выкладала хімію, Станіслаў Іосіфавіч — фізкультуру і працу.

    Бацька ўсё жыццё цікавіўся гісторыяй свайго рэгіёну, Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў, месцаў, дзе перасякаюцца Нёман і Свіслач. Ён папрацаваў журналістам на Сахаліне, у іншых рэгіёнах Расіі.

    «У мяне такая разумная жонка — хімік, я заўсёды ёй зайздросціў, а я проста пісака. Таму і марыў, каб Андрэй стаў эканамістам ці інжынерам, але ён выбраў шлях журналіста. Сын вучыўся добра і ў школе, і ва ўніверсітэце. Паступіў на юрыдычны факультэт у Гродне. Ледзь-ледзь яму не хапіла, каб атрымаць «чырвоны дыплом», толькі ў апошні экзамен яму паставілі «чатыры», і тое гэта было не праз веды, а праз паводзіны. Потым ён спрабаваў трапіць у адвакатуру. Не ўзялі. Біўся лбом аб сценку, але нічога не дало», — расказвае спадар Станіслаў.

    Станіслаў Пачобут. Фота з live­jour­nal.

    «Андрэй з дзяцінства адчувальны да справядлівасці. Ён заўсёды баіцца кагосьці пакрыўдзіць, таму кар’ера — гэта не пра яго. Ён заўсёды любіў чытаць кніжкі, увесь час у бібліятэках праводзіў», — дзеліцца тата нашага героя.

    У пачатку 1990‑х Андрэй разам са сваім малодшым братам Стасам засноўвае гурт Devi­a­tion. Гурт мае выразна анархічную афарбоўку, чаго вартыя толькі назвы песняў «Забі мяне, мент», «Твой бацька фашыст», «Тэлепузік Лу-Лу». Гурт спяваў у асноўным па-беларуску. Стас быў франтмэнам гурта, а Андрэй — бас-гітарыстам.

    Стас і Андрэй Пачобуты на «Басовішчы-1997». Фота baj.by.

    «Я несур’ёзна да гэтага паставіўся. Мне мядзведзь на вуха наступіў, ды і жонка ў мяне на баяне не грае», — смяецца Станіслаў Іосіфавіч. Андрэй дастаткова хутка завязаў з музыкай, а вось Стас працягвае граць на гітары па сёння, цяпер ён жыве ў Санкт-Пецярбургу.

    Андрэй пісаў вершы па-беларуску, хаця бацька кажа, што і не памятае такога. «Малодшы дык пастаянна ўсё напаказ усё дэманстраваў», — гаворыць Пачобут-старэйшы.

    Вось адзін з вершаў Андрэя Пачобута, на музыку яго паклаў Алесь Дзянісаў з гурта «Дзецюкі»:

    Зброя

    Надзеі няма, як ніколі
    Навокал пакора і палон
    Але захвалася зброя
    І вусны ўсё шэпчуць праклён

    Са зброяй у руках!
    Са зброяй!
    Са зброяй у руках!
    Са зброяй

    Зрабіць гэты крок — вось мара!
    І першым націснуць на спуск.
    Адзін раз не быць ахвярай.
    Адзін раз пазбегнуць пакут.

    Што будзе потым — усё роўна,
    Што потым — гэта лухта!
    І смерць — як узнагарода.
    Не скончыцца барацьба!

    У 1990‑я Пачобут шмат камунікуе з беларускімі арганізацыямі, ён часты госць на тусоўках БНФ і «Маладога фронту», але да гэтых арганізацый ён не далучаўся. Больш за тое, Пачобут становіцца заўважнай асобай у Канфедэрацыі дзеючых суполак «Разам», якая аб’яднала анархістаў, зялёных, эколагаў. Дарэчы, праз «Разам» прайшоў ужо згаданы лідар «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў.

    Злева направа: Андрэй Пачобут, Ігар Банцар, Алесь Зарамбюк. Фота baj.by.

    «Андрэй часта заходзіў у рэдакцыю газеты «Пагоня», дзе я працаваў, — кажа журналіст Анджэй Пісальнік. — Так мы і пасябравалі. Потым працавалі разам у выданні «Дзень», якую выдаваў нядоўгі час Мікола Маркевіч. Здаецца, у 2005 годзе нам прапанавалі займацца выданнямі польскай меншасці «Глосам з‑над Немна» і «Магазінам Польскім». Я стаў рэдактарам першага, а Андрэй — другога. У Саюзе палякаў мы з пачатку 90‑х».

    «У сям’і мы заўсёды размаўлялі па-польску. Плюс было польскае тэлебачанне, таму Андрэй добра ведаў польскую мову, глядзеў жа «Пчолку Маю», «Лёлека і Болека». У нашым рэгіёне ўсё так намяшана, што цяжка сказаць, хто паляк, хто беларус. Для мяне гэта ўсё адно. Усе павінны быць на роўных», — кажа бацька.

    Свой род сям’я Андрэя Пачобута выводзіць ад вядомага роду Пачобутаў-Адляніцкіх, у сям’і вісіць вялікае генеалагічнае дрэва.

    Калі Андрэй актыўнічаў у Саюзе палякаў, то ціск уладаў на яго толькі ўзмоцніўся. Былі шматлікія затрыманні, арышты, ператрусы. Андрэй Пачобут прайшоў праз крымінальны пераслед за паклёп на прэзідэнта.

    У красавіку 2011 года на Андрэя Пачобута было заведзена адразу дзве крымінальныя справы «Абраза прэзідэнта» і «Паклёп на прэзідэнта». Гэтыя артыкулы крымінальнага кодэкса (368 і 367) праваабаронцы часта называлі сярод тых, якія варта дэкрыміналізаваць, адмяніўшы за іх крымінальную адказнасць. Што тычыцца той справы Пачобута, то ён правёў у СІЗА два месяцы, пасля чаго быў асуджаны да трох гадоў з адтэрміноўкай. Праз год на журналіста завялі яшчэ адну крымінальную справу па абразе Аляксандра Лукашэнкі, але яна так і не дайшла да суда і была спыненая за адсутнасцю складу злачынства. За час знаходжання ў турме журналіст страціў больш за 20 кілаграмаў вагі.

    «Чаму Андрэя Пачобута трымаюць за кратамі? Таму што ўлады ў Мінску баяцца ягонай адвагі, нязломнасці і цвярозай ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, якую выказваў на старонках «Газеты», — гаварылася ў рэдакцыйным матэрыяле польскай «Газеты выборчай», з якой у той час супрацоўнічаў Пачобут.

    Кажуць, што падчас спаткання з сынам у турме бацька Станіслаў прасіў сына не звяртацца да ўладаў з просьбай аб памілаванні, як гэта рабілі тады многія палітыкі.

    «Ягоны інтарэс як гісторыка — гэта Другая сусветная вайна і пасляваенная польская партызанка. Гэта ведаюць усе. Гэта яго хобі. Калісьці Андрэй вельмі годна прайшоў праз турэмнае выпрабаванне, спадзяемся, і гэтым разам ён будзе весці сябе годна», — кажа Анджэй Пісальнік. Яшчэ адным хобі Пачобута з’яляюцца шахматы, ён кандыдат у майстры спорта.

    Андрэй Пачобут жанаты, гадуе сына Яраслаў і дачку Яну. З жонкай Аксанай ён знаёмы яшчэ з старэйшых класаў школы. «Ён адналюб, ніколі не помню, каб ён мог пашкадаваць за свой выбар. Аксана — беларуска, выпускніца беларускай філалогіі. Гэта паказвае, што нацыянальнае не настолькі для нас важнае, што мы можам ствараць сем’і не толькі з полькамі», — расказвае бацька.

    Аксана Пачобут. Фота радыё «Свабода».

    «Калі б толькі Андрэй захацеў, то адразу б з’ехаў у Польшчу. Знайшліся б і людзі, і цэлыя арганізацыі, якія б яго падтрымалі, але ён ніколі гэтага не хацеў», — кажа Пісальнік.

    «Нават я казаў: ды кінь ты ўсё, з’язджай. «Мне там няма чаго рабіць», — адказваў сын», — гаворыць Станіслаў Пачобут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці