Паротнікаў: Дайце «рэгнумам» свабоду дзейнасці — і працягнеце дыскусію ў акопах ці ў канцлагерах на ўзбярэжжы Белага мора
Справа рэгнумаўцаў выклікала дыскусію вакол права на свабоду выказвання і «я не згодны з вашым меркаваннем, але гатовы памерці за права яго выказваць». Усё гэта вельмі міла і пафасна, але рэальнасць, як звычайна, агідная. Свабода выказвання, вядома, каштоўнасць. Але далёка не найвышэйшага парадку. У дачыненні да гэтай гісторыі для мяне каштоўнасцямі найвышэйшага парадку з'яўляюцца дзве.
Першая: гістарычная перспектыва майго народа. Відавочна, што яна можа быць забяспечана толькі ва ўмовах нацыянальнай незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Сучаснай Беларусі да гэтага ідэалу — як да Месяца пешшу. Але нават тое, што мы маем цяпер — гэта ўжо поле для дзейнасці. Так, магчымасцяў не так шмат, як хацелася б. Але яны ёсць, і нават у сённяшніх умовах я бачу перспектывы. Калі, вядома, прыкладаць намаганні. І гэта адназначна лепш, чым «нічога», да якога нас заклікаюць прыхільнікі зліцця з Расіяй. Ліквідацыя Беларусі як дзяржавы не проста рэзка паніжае перспектывы гістарычнай выжывальнасці нашага народа, але, больш за тое, можа іх папросту абнуліць. І ў гэтым плане любы, хто наўпрост ці ўскосна заклікае / падштурхоўвае / правакуе / падбухторвае да ліквідацыі беларускай дзяржавы — вораг. Вораг не толькі сённяшніх беларусаў, але і тых пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас.
Другая каштоўнасць найвышэйшага парадку: фізічная бяспека нашых людзей. Паглынанне адной дзяржавы другой, да чаго заклікалі рэгнумаўцы (дарэчы, не бясплатна), — гэта мора крыві, патокі ўцекачоў, паламаныя лёсы. Адразу ці потым. Публічнае і паслядоўнае адмаўленне гістарычнай суб’ектнасці беларускага народа, яго культуры і мовы — гэта не бяскрыўднае выражэнне прыватнага меркавання. Гэта маніпулятыўны прыём з мэтай дэгуманізаваць народ, вывесці беларусаў за межы культурнага, цывілізацыйнага і прававога поля. У выніку чаго адмаўляюцца не толькі самастойныя інтарэсы нашага народа, але і яго права на існаванне. Што неабходна толькі ў адным выпадку: калі вы жадаеце ці плануеце фізічнае знішчэнне прадстаўнікоў дадзенага народа. Як гэта працуе? У нас жывы прыклад перад вачыма: спроба ў 2014 годзе знішчыць звонку Украіну. Вынік — 10 тысяч забітых толькі з аднаго боку і больш за 2 мільёны бежанцаў і перамешчаных асоб. А пачыналася ўсё з проста-такі з рэалізацыі права на свабоду меркаванняў. Спачатку на словах адмаўлялі сам факт існавання ўкраінцаў як народа, а праз 20 гадоў сталі на практыцы забіваць тых, хто сябе асмеліўся ўкраінцам лічыць.
І тут я скарыстаюся штампам дзяржпрапаганды: «Хочаце як ва Украіне? Забяспечце «рэгнумам» свабоду дзейнасці на падставе права на выказванне свайго меркавання і атрымаеце». Прычым 20 гадоў не спатрэбіцца: з улікам адпрацоўкі тэхналогій і правалаў у інфармацыйнай і гуманітарнай палітыцы нашай улады хопіць 4—5 гадоў. Пасля чаго ў аматараў паразважаць на тэму свабоднага выказвання ўсялякіх меркаванняў і пазіцый будзе добрая магчымасць працягнуць свае інтэлектуальныя штудыі ў акопах (у лепшым выпадку) ці на нарах у канцлагерах на паўднёвым узбярэжжы Белага мора (у горшым).
Сітуацыя вакол справы рэгнумаўцаў простая да агіднасці і патрабуе простага адказу на простае пытанне: вы гатовыя ахвяраваць будучыняй сваіх дзяцей і іх бяспекай ці не? Я — не. А таму дзяржава ў дадзеным выпадку робіць тую працу, за якую мы ёй плацім. Крыва, але робіць.
І не трэба казаць, што на гэтым кейсе рэжым адпрацоўвае новыя рэпрэсіўныя практыкі. Няма там ніякіх новых практык, усё ўжо даўно адпрацавана. На нас. Пры поўным адабрэнні «Рэгнума» і Масквы.