Пасольства Германіі ў Беларусі запусціла YouTube-канал, на якім будуць выступаць эксперты
На новым канале ў YouTube нямецкія амбасадары плануюць размяшчаць аналітычныя ролікі з удзелам экспертаў, якія будуць каментаваць значныя ў тым ліку для беларускага грамадства тэмы і дыскусіі.
Першы ролік прысвечаны ўзнікненню і актуальнасці ўніверсальных правоў чалавека. Як яны з’явіліся, чаму сфера цяпер перажывае цяжкі крызіс і калі былі зроблены памылковыя крокі — аб гэтым распавядае прафесар, доктар навук Ангеліка Нусбергер.
Раней яна дзевяць гадоў займала пасаду суддзі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу, тры з іх — у якасці віцэ-прэзідэнта. Цяпер спецыяліст па канстытуцыйнаму і міжнароднаму праву працуе ў Кёльнскім універсітэце і кіруе там Акадэміяй абароны правоў чалавека ў Еўропе.
— Мы хочам даць беларусам, як унутры краіны, так і за яе межамі магчымасць падтрымліваць кантакт з Германіяй, нямецкай культурай і нямецкімі экспертамі па тэмах, якія датычацца Беларусі, — падкрэсліў пасол Германіі у Беларусі Манфрэд Хутэрэр. — Пасля вымушанага спынення працы ў Беларусі Інстытута імя Гётэ і Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) мы адкрываем новыя лічбавыя магчымасці для гэтага на YouTube. У нас ужо ёсць станоўчы досвед у гэтай сферы з нашай старонкай у Facebook.
Відэазапісы з удзелам экспертаў будуць выхадзіць на рускай мове з нямецкімі субцітрамі.
Наступнае відэа таксама будзе прысвечана значнай для грамадства тэме, рэлевантнай у тым ліку для Беларусі. Ролік будзе размешчаны ў траўні.
Чытайце яшчэ:
«Калі аб праблеме не гаварыць, то яе нібыта няма». Чаму палітвязьні і арыштаваныя просяць пра іх не пісаць
Адказ на запыт аб пазітыўным кантэнце. Журналісты — пра праект «Беларусы могуць»
«Чарговая спроба адарваць ад аўдыторыі». Чаму на асабістыя старонкі журналістаў у сацсетках сталі чапляць экстрэмісцкі цэтлік?