• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Паспрабаваць сябе ў абсалютна розных журналісцкіх ролях

    Слонімец Антон Трафімовіч свае першыя крокі ў журналістыцы распачынаў у “Газеце Слонімскай”. Адным з першых яго матэрыялаў для “ГС” быў артыкул “90 дзён за акіянам”, дзе юнак распавядаў пра сваё жыццё ў Штатах і сваю першую заробленую там тысячу даляраў. Цяпер Антон Трафімовіч працуе журналістам на "Радыё Свабода". Сёння Антон сам аказаўся ў ролі інтэрв’юяванага і расказаў пра тое, як склаўся яго прафесійны лёс.  

    — Антон, у 2007 годзе ў “Газеце Слонімскай” быў надрукаваны Ваш матэрыял пра жыццё за акіянам. Ці “пашчасціла” Вам яшчэ раз пабываць у Штатах?

    — Так, у 2011 годзе я выйграў стыпендыю на вучобу ў ЗША, і год правёў у штаце Канзас — самым цэнтры Амерыкі. Гэта быў зусім іншы досвед у параўнанні са студэнцкай працоўнай праграмай. У 2007‑м было самае сапраўднае выжыванне. 19-гадовы студэнт са слабой ангельскай мовай прыязджае ў абсалютна невядомы горад без аніякіх кантактаў. Толькі нейкім цудам мы са знаёмым сустрэлі беларуска-балгарскую сям’ю, якая дапамагла нам знайсці і жыллё, і працу.

    Грошы многіх спакушалі застацца ў Штатах нелегальна. Я вельмі рады, што не застаўся мыць там посуд і фарбаваць дамы. Усё ж такі пакуль маладая галава варыць, трэба вучыцца, а каб мыць посуд, заўжды знойдзецца час.

    Хоць многія ў свеце нават не чулі пра Беларусь, з беларускім дыпломам можна адкрыць дзверы любога ўніверсітэта свету.

    Паглядзіце на Кірыла Чыкеюка і Арцёма Ставенку. Яны скончылі БДУ, потым паехалі вучыцца ў Брытанію і ўжо паспелі выйграць некалькі буйных конкурсаў са сваім праектам рэкламы на колах ровара.

    Пры гэтым я б раіў усім студэнтам абавязкова паспрабаваць павучыцца за мяжой. Год вучобы ў Дзяржаўным універсітэце Канзаса для мяне быў непараўнальна больш карысным, чым пяць гадоў на журфаку БДУ. Гаворка ідзе пра практычныя навыкі. У амерыканскіх ВНУ навучанне цалкам супрацьлеглае беларускаму. У нас ад першага курса студэнтаў нагружаюць тэорыяй, і толькі з чацвёртага курса пачынаюцца практычныя заняткі. Там — наадварот. Спачатку вучаць пісаць, а потым практычныя веды падводзяць пад тэорыі.

    Яшчэ амерыканскі ўніверсітэт дае большы кругагляд у параўнанні з беларускім. Нашыя студэнты звычайна сябруюць выключна з аднакурснікамі. А ў Канзасе я найменш кантактаваў з журналістамі — толькі на занятках і ў студэнцкай газеце. Міжнародны студэнцкі цэнтр, экалагічная супольнасць, таварыства раварыстаў — у межах універсітэта столькі розных клубаў! І яны не такія фармалізаваныя, як гэта часта здараецца ў нас. Ва ўніверсітэце памерам з БДУ працуе больш з паўтысячы клубаў, якімі кіруюць выключна студэнты.

    Карацей, я магу доўга распавядаць пра амерыканскую адукацыю.

    Апошняя думка! Было б файна размяшчаць універсітэты не толькі ў сталіцы, але і ў такіх малых гарадах, як Слонім ці Зэльва. Напрыклад, у горадзе Манхэтан (штат Канзас), дзе я вучыўся, жыло 50 тысяч чалавек. Палова насельніцтва — гэта студэнты. То бок без іх — гэта 25 тысяч жыхароў. І пры тым, што ў горадзе няма буйных прадпрыемстваў, вялікая колькасць студэнтаў стымулюе сферу паслуг, будаўніцтва арэнднага жылля. Галоўныя канцэрты праходзяць у залі ўніверсітэта. Галоўная каманда горада па амерыканскім футболе, якая збірае па 40 тысяч заўзятараў на кожную гульню, таксама студэнцкая.

    Так і ў нас многія мінскія ўніверсітэты, на маю думку, можна было б перанесці ў малыя гарады. Напрыклад, у Слоніме ёсць выдатны будынак новага тэатра. Чаму б не зрабіць на яго аснове якую-небудзь мастацкую навучальную ўстанову? За кошт універсітэтаў і каледжаў гарады ў рэгіёнах атрымлівалі б маладую кроў, якая звычайна сцякае ў абласныя гарады і Менск.

     

    — Дзе Вы працавалі пасля вучобы?

    — Пасля вучобы я працаваў у газеце “Аргументы і факты” ў Беларусі, потым літаральна некалькі месяцаў у ІТ-кампаніі ў якасці піяр-менеджара. Цяпер я карэспандэнт беларускай службы Радыё Свабода.

     

    — Які свой досвед лічыце самым каштоўным?

    — Любы досвед каштоўны. Вось у “АіФ” вельмі цікава пабудаваная праца з чытачамі. Тэмы ў гэтай рэдакцыі на цябе проста навальваліся. Штодня туды прыходзілі стосы лістоў, бясконца тэлефанавалі чытачы са сваімі скаргамі ці ідэямі. Вы не ўяўляеце, якія вынаходлівыя беларусы! Зыходзячы з таго, колькі ідэй сваіх інструментаў і апаратаў дасылалі ў газету, у “АіФ” можна было б стварыць аддзел патэнтаў. Адзін толькі прыклад слонімца, які зараз жыве ў Гомелі, варты ўвагі. Яму балела спіна, і ён прыдумаў уласную бульбасаджалку.

     

    Праца ў ІТ-кампаніі была самай кароткай у маёй жыцці. Чатыры месяцы я пісаў тэксты пра тэставанне. Карацей, трэба было паспрабаваць сябе ў піяры, каб зразумець, што гэта не мой шлях. Усё ж такі роля журналіста, калі табе трэба здабыць інфармацыю, мне больш цікавая. Там жа мне даводзілася запэўніваць журналістаў узяць гатовую інфармацыю ды апублікаваць яе ў сваім выданні ў якасці артыкулу.

     

    Мне вельмі падабаецца на Радыё Свабода, дзе я працую зараз. Слоган кампаніі — “больш чым радыё”. Гэта вельмі цікавая пляцоўка, якая ў апошнія гады сапраўды выйшла за межы радыёэфіру і дзе можна паспрабаваць сябе ў абсалютна розных журналісцкіх ролях. Я акурат лічу, што журналістам трэба пастаянна спрабаваць сябе ў чымсьці новым, каб не затрухнець у тэме ці аднатыпнай працы.

    — Адчуваеце прафесіяналам сваёй справы?

    — Не мне сябе самому ацэньваць. Заўжды маю адчуванне, што матэрыял мог бы атрымацца якаснейшым за той тэкст, што здаў. Вось натрапіш на чыйсьці добры рэпартаж ці грунтоўнае расследаванне, і разумееш, што яшчэ вельмі шмат над чым табе трэба працаваць. Хаця таксама вельмі часта натрапляеш на тэксты, якія хочацца самому падрэдагаваць і якія на месцы аўтара я б не здаваў.

     

    — Як і пра што трэба пісаць, каб вас чыталі?

    — Ой, ну можна ж цэлую лекцыю зладзіць на гэты конт. Увогуле, зараз 80 %, калі не 100 % поспеху матэрыялу — удалы загаловак. Аднак калі пад дзёрзкімі загалоўкамі ўвесь час будуць публікавацца пустыя тэксты, людзі неўзабаве перастануць давяраць гэтым медыям.

     

    — Было сорамна калі-небудзь за свае апублікаваныя матэрыялы?

    — Здараецца, што праскоквае нейкая памылка. З вэб-журналісткай яе проста выправіць. І гэта расслабляе журналістаў. Іншая справа з друкам. Там любая адрукоўка разыходзіцца накладам у тысячы асобнікаў.

    З таго, што адразу прыходзіць да галавы, згадваю матэрыял, у якім я вырашыў перавесці бюджэт Беларусі ў колькасць прадуктаў, якія на яго можна было б купіць. І потым падзяліць гэта яшчэ на колькасць жыхароў Беларусі. Нешта каля 20 трыльёнаў рублёў мне трэба было падзяліць на кошт аднаго літра малака, кілаграма бульбы і адной шакаладкі. А потым яшчэ падзяліць гэта на 9,5 мільёнаў. Я ўзяў калькулятар у бухгалтэрыі і палічыў. Атрымалася ўсяго па пару шакаладак на кожнага чалавека. Насамрэч мусіла выйсці па некалькі тысяч. Справа ў тым, калькулятар не змяшчаў усіх нулёў беларускага бюджэту. Але ніхто чамусьці не пераправерыў гэтых дзіўных лічбаў. Пра свой хіб я даведаўся ўжо ад раззлаваных чытачоў.

     

    — Якім Вам бачыцца журналістыка праз дзясятак ці дзясяткі два гадоў?

    — Складана сказаць. За мой час яна ўжо вельмі моцна змянілася. Першыя артыкулы я пісаў ад рукі. Адзін-два чарнавікі, потым пішаш на чыставік, які адносіш у рэдакцыю. Каб даведацца тэлефон любой установы, трэба было мець друкаваны даведнік. Самымі аператыўнымі медыямі было тэлебачанне.

    На журфаку дзесяць год таму расказвалі, што ў будучыні будуць электронныя газеты. Гэтая будучыня ўжо здарылася, калі кожны мае ў сваім тэлефоне ці планшэце ўсе газеты свету.

    Некалі перадавое ТБ абсалютна не паспявае за вэбам. І газеты, і тэлеканалы перайшлі не проста ў вэб, а на платформу сацсетак. І будучае я бачу ў тым, што медыі будуць яшчэ больш падладжвацца пад запыты чытачоў.

    Фота з уласнага архіва Антона Трафімовіча

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці