• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Павал адмаўляўся ад усіх прац дзеля магчымасьці езьдзіць у Беларусь». Жонка Мажэйкі пра паўторную справу мужа

    Жонка Паўла Мажэйкі Ірына Чарняўка расказала "Радыё Свабодзе", што вядома пра затрыманьне і справу мужа, як гэта перажываюць дзеці і чаму пара дагэтуль афіцыйна не ўзяла шлюб.

    «Сваякі трое сутак плакалі, бо для іх гэта быў шок»

    Падчас гутаркі ў Ірыны на сукенцы прышпіленая новая брошка ў выглядзе вясёлай дупы. «Вось сымбаль твой, забыты краю родны», — камэнтуе яна.

    Ірына ўжо больш за год жыве ў Польшчы. Разам зь ёй двое іхных дзяцей: Нінцы 10 гадоў, Юрку — 3.

    Павал некалькі разоў прыяжджаў да сям’і за апошні год, але фактычна жыў на дзьве краіны. У 2021 годзе яго затрымлівалі ў «справе Пушкіна», у канцы году справу на яго закрылі.

    Сёлета 30 жніўня Паўла забралі зноў — ужо ў іншай крымінальнай справе. Адначасова прыйшлі зь ператрусам і да ягонага бацькі, якому пад 70 гадоў.

    «Пазванілі сваякі Пашы, што забралі дзеда з хаты. Дзед даглядаў унукаў. Дзяцей 13 і 6 гадоў самых пакінулі дома. Яны перапужаныя», — расказвае Ірына.

    Сувязі з Паўлам на той момант ужо не было. Ягонага бацьку адпусьцілі позна ўвечары, але той нічога ня мог расказаць, бо даў падпіску аб невыдаваньні.

    У наступныя дні прайшла сэрыя ператрусаў у сваякоў зь вёсак.

    «Мы зь некаторымі нават ніколі ня бачыліся, я не падазравала, што такія людзі існуюць. Яны пасьля тры дні плакалі, бо для іх гэта быў шок», — апісвае маштаб суразмоўца.

    «Ён адмаўляўся ад усіх прац, якія вымагалі ягонай прысутнасьці толькі за мяжой»

    — Чаму Павал паехаў у Беларусь? Ці разумеў рызыку перасьледу?

    — Павал ня бачыў для сябе такой магчымасьці, што ён выяжджае з краіны назаўсёды. У Беларусі хворыя бацькі, абавязкі, якія трэба выконваць.

    Калі «Белсат» прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, ён ужо не супрацоўнічаў зь «Белсатам». Павал працаваў на «Белсаце» ад пачатку існаваньня каналу. Гэтае мэдыя дало яму максымум творчай рэалізацыі. Ён вёў першае ток-шоў «Госьць Белсату», ток-шоў «Два на два», стварыў і вёў праект «Inter­mar­i­um» — праграму, якая стала падзеяй рэгіянальнага маштабу, бо паказвала гісторыю з фокусам на Беларусі. У 2020 годзе праграма спынілася праз каранавірус і рэвалюцыю.

    — Наколькі настойліва блізкія Паўла адгаворвалі яго езьдзіць у Беларусь і як ён рэагаваў?

    — Усе, хто даведваўся, што ён едзе ў Беларусь, прыходзілі ў жах. «Ты ж разумееш, што там канцлягер фармуецца. Чаму ты думаеш, што ад цябе адчапіліся са „справай Пушкіна“»?

    Гэта была вельмі важная для яго пазыцыя, што ён не эмігруе. Ён адмаўляўся ад усіх прац і праектаў, якія вымагалі ягонай прысутнасьці толькі за мяжой, дзеля магчымасьці езьдзіць у Беларусь.

    Павал ведае сваю радаслоўную да XVII стагодзьдзя. Яны заўсёды былі сяляне, зь Беларусі, у многіх пакаленьнях. Пазбавіць яго радзімы — я ня думаю, што ён бачыў такую пэрспэктыву, нават калі гэта каштуе вось столькі. Да канца ён, вядома, ня верыў у затрыманьне.

    — Як дзеці адрэагавалі, калі Павал упершыню прыехаў да іх у Польшчу, амаль год ня бачыўшыся?

    — Было невядома, дзеці яго пазнаюць ці не, асабліва маленькі. Я Нінцы сказала: «Прыедзе вельмі важны госьць, давай прыбярэм у хаце». Нінка ня любіць прыбірацца: «Нейкі госьць прыйдзе, я ня буду прыбірацца».

    Званок у дзьверы. Я кажу: «Нінка, ідзі прывітайся з госьцем». Нінка такая незадаволеная ідзе да дзьвярэй: «Прывітаньне», пасьля глядзіць на яго: «Тата!». Малы таксама пазнаў яго хутка.

    «Раптам яго пабілі, паламалі яму рэбры, і ты ніяк ня можаш дапамагчы»

    — Як вы перажывалі першы час пасьля затрыманьня?

    — Ніякай інфармацыі не было. У чым ён быў? Адкуль яго забралі? З хаты? З вуліцы? Можа, яго ў споднім паднялі. Галоўнае — дзе ён? Вось ноч прайшла. Ён увогуле паеў? Ён мае адзеньне? Яго білі ці не? Раптам яго пабілі, паламалі яму рэбры, і ты ніяк ня можаш дапамагчы. Можа быць, выбівалі прызнаньні? Можа быць, зьдзекаваліся пры затрыманьні?

    — Як правялі ператрус?

    — Былі скінутыя кніжкі і вопратка ў нашай кватэры, у вёсцы таксама ўсё было перавернута. Кнігі, відавочна, перабралі ўсе. Уся вопратка, бялізна, забаўкі дзіцячыя выкінутыя (з шафаў). З матрацаў садралі прасьціны, матрасы самі расшпілілі, вытрасьлі шуфляды, разварушылі дакумэнты. Хіба што забралі швэдар з «Пагоняй», бо ня можам яго знайсьці.

    — Чым адрозьнівалася затрыманьне цяпер і ў 2021 годзе?

    — У 2021 годзе я адразу ведала, што зь ім, калі ён ішоў даваць тлумачэньні ў РАУС. Калі ён не вярнуўся пасьля дзьвюх гадзін, адвакат уключыўся ў працэс. Генпракуратура тады адразу выпусьціла прэс-рэліз.

    А тут ты нічога ня ведаеш. Павал трэці раз ехаў у Беларусь за год. Звычайна дома быў трывожны кошык з прадметамі на выпадак затрыманьня. Гэтым разам яго не было. Відаць, Павал ня верыў, што яго затрымаюць.

    «Гэта былі адзіныя спакойныя месяцы па-за тэрорам за ўвесь час нашага сямейнага жыцьця»

    — Ці ў вас былі прэтэнзіі да Паўла за тое, што яго затрымалі, а вам цяпер трэба і дзяцей гадаваць, і яму перадачы перадаваць?

    — Так, я была злая на яго. Ён паехаў адзін раз, другі, трэці. Мажліва, ён мог адчуваць сябе з кожным разам ва ўсё большай бясьпецы. Але калі дапусьціць думку, што могуць затрымаць, то падумай, што будзе рабіцца з тваёй сям’ёй у наступныя 20–30 гадзін? З тваімі справамі? Зь людзьмі навокал?

    Ты пачынаеш злавацца: няўжо былі такія важныя справы, каб туды ехаць? З другога боку, ты думаеш, ён у сябе дома, там ягоныя продкі. Чаму цяпер хтосьці мае выгнаць яго зь ягонай зямлі? І я гэта разумею, хоць мне гэта нязручна. Цяпер ніякай злосьці я ня маю. Я разумею, што ў дачыненьні да маёй сям’і адбываецца тэрор.

    — Мо ў Паўла гэта такая геройская пазыцыя: я гатовы сядзець, толькі каб заставацца ў Беларусі?

    — Ня ў гэтым справа. Калі б ён падазраваў, што за ім сочаць, то пэўна не паехаў бы ў Беларусь. Хаця, калі пачыналася «справа Пушкіна», Павал знаходзіўся ў Польшчы і вярнуўся ў Беларусь.

    Мы ў сытуацыі тэрору жывём усе 20 гадоў. Гэты апошні год, калі мы сябе зь дзецьмі пачуваем у бясьпецы, разумеем, што нам ніхто ня выламае нагой дзьверы, разумеем, што мы можам проста размаўляць па тэлефоне, калі няма небясьпекі, што ў цябе забяруць дзяцей.

    Калі Павал здолеў некалькі разоў прыехаў на месяц-два — гэта і былі адзіныя спакойныя месяцы па-за тэрорам за ўвесь час нашага сямейнага жыцьця.

    — Які кошт такой пазыцыі: мець магчымасьць езьдзіць у Беларусь?

    — «Над маім лунае лёсам Беларусь мая». Пару месяцаў у фокусе нашай увагі было, а як дзеці, а якія ім курсы, якія таленты ў іх праяўляюцца, як іхныя сябры, куды паехаць падарожнічаць, што нам разам паглядзець, ці займацца ў гэтай школе ці той, як сабраць шафу, купіць фіранкі, што прыгатаваць на вячэру. А потым твой фокус зьмяшчаецца на іншае. Ты гэтак жа сама займаесься курсамі і вячэрамі, але тло твайго жыцьця — гэта ГУЛАГ як частка тваёй сям’і.

    Калі я пісала ліст да Паўла, запыталася ў Нінкі, што яна хоча запытацца ў таты. Яна доўга хадзіла, потым вярнулася: «Якія кніжкі па палітыцы і гісторыі ён мне параіць чытаць?» У ёй гэта таксама варыцца. Я не хаваю ад сваіх дзяцей, што адбываецца. Гэта немагчыма схаваць.

    «Можна мяне прадставіць як „маці ягоных дзяцей“»

    Павал і Ірына 20 гадоў разам, аднак дагэтуль афіцыйна не расьпісаныя. Іхныя сямейныя адносіны пачыналіся, калі Паўла першы раз накіравалі на «хімію» за «паклёп» на Лукашэнку.

    «Можна мяне прадставіць як „маці ягоных дзяцей“, я паўсюль у іх так праходжу, у „Жоўтых зьлівах“», — усьміхаецца Ірына.

    — Ці ў вас былі спробы пажаніцца пасьля 2021 году?

    — Калі Пашу пасадзілі на 72 гадзіны, ён даведаўся, як жыць у турме. Мне падабаецца адаптыўнасьць Пашы. Калі яго закрылі 20 гадоў таму, у яго не было нейкіх асаблівых пантоў, што ён журналіст, яго несправядліва пасадзілі. Ён адразу зразумеў свой юрыдычны статус, ён просты чалавек і ня ставіў сябе вышэй за астатніх.

    У 2021 годзе ён даведаўся, як стрыгчыся, як купляць тавары ў краме, якое адзеньне патрэбнае, як даюць спатканьні. Кажа: «Я зразумеў, як нам пажаніцца».

    Я яму кажу: «Навошта нам жаніцца ў турме? Давай зараз сходзім у ЗАГС, нас адразу расьпішуць, улічваючы нашыя абставіны». А ён кажа: «Ай не, а раптам мяне не пасадзяць». Мы вельмі рагаталі з гэтай імгеннай рэакцыі.

    Калі ён цяпер выйдзе, то я яму пярсьцёнак ужо падрыхтую, на калена стану, — усьміхаецца Ірына. — Сукенку я сабе прыглядаю, шчыра сказаць.

    Чытайце яшчэ:

    «Были погреба, полные крови, были истории казней и допросов». Фотограф рассказал, что увидел в Буче после ее освобождения

    Трудовые мигранты, спорные территории — на каких слабых местах играет российская пропаганда в Центральной Азии и на Кавказе?

    Почти как дома: 8 мест в Вильнюсе, напоминающие белорусам родной дом

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці