Пайшоў з жыцця вядомы беларускі журналіст, выдавец газет “Свабода” і “Навіны” Павел Жук
Сёння раніцай пайшоў з жыцця вядомы беларускі журналіст, выдавец легендарных газет “Свабода” і “Навіны” Павел Жук.
Павел Жук у 1989 годзе ўваходзіў у выдавецкую групу часопіса «Літаратура», які заснавалі Сяргей Дубавец і Алесь Бяляцкі. Потым браў удзел у выданні «Навін БНФ». У сакавіку 1990 года разам з Дубаўцом і Алесем Гурковым выдаў «Дзень Волі — 90», прымеркаваны да 72‑х угодкаў стварэння БНР. «Дзень Волі» стаў пралогам газеты «Свабода», першы нумар якой пабачыў свет у красавіку 1990 года.
Газету «Свабода» выдаваў да лістапада 1997 года, пакуль газета не была зачынена пасля неаднаразовых папярэджанняў за публікацыю крытычных да палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі артыкулаў. У студзені 1998 года газета адрадзілася пад назвай «Навіны», выдаўцом зноў стаў Жук.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім калегі.