З’явілася петыцыя за павялічэнне беларускай мовы на тэлебачанні
Петыцыя на адрас міністэрства інфармацыі размешчана на сайце petitions.by. Яе аўтары прапануюць павялічыць аб’ём тэлевізійнага вяшчання на беларускай мове.
«У Рэспубліцы Беларусь, згодна з 17 артыкулам Канстытуцыі, дзве дзяржаўныя мовы, а менавіта беларуская і руская. Аднак варта прызнаць той факт, што тэлевізійныя праграмы, якія выходзяць на беларускім тэлебачанні, часта аддаюць прыярытэт рускай мове», — адзначаюць стваральнікі петыцыі.
Яны звяртаюць увагу, што большасць насельніцтва Беларусі зараз размаўляе па-руску. І спасылаюцца на вывады спецыялістаў Інстытута мовы і літаратуры пры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі аб тым, што выратаваць беларускую мову можна з дапамогай яе папулярызацыі.
«Але што ж рабіць для папулярызацыі беларускай мовы? Мы лічым, што для пачатку неабходна павялічыць колькасць праграм на беларускім тэлебачанні. Гэта дазволіць папулярызаваць адну з дзвюх дзяржаўных моў — а менавіта беларускую. Таму мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, просім павялічыць колькасць трансляцый тэлепраграм на беларускай мове на беларускім тэлебачанні», — пішуць аўтары петыцыі.
Петыцыя была створаная 9 чэрвеня, за першыя суткі яе падпісалі 19 чалавек. Подпісы збіраюць да 24 чэрвеня 2024 года.