Погляд праз прыцэл. “Панская” Польшча ў савецкіх карыкатурах 1920–1930‑х гадоў
З самага пачатку існавання бальшавіцкай Расіі і Другой Рэчы Паспалітай паміж гэтымі краінамі склаліся варожыя адносіны. Прычына простая: у 1920-м Варшава не пусціла войска Тухачэўскага у Еўропу, а пазней прыхапіла Заходнія Украіну і Беларусь. На працягу міжваеннага дваццацігоддзя паміж двума краінамі адбывалася халодная вайна, адной з праявай якой была прапаганда ў СМІ. Савецкія карыкатурысты на старонках газет і часопісаў актыўна выкрывалі “агрэсіўныя намеры” заходняга суседа. Гэтыя графічныя працы — выдатны дакумент, які ілюструе тую эпоху.
“Сёння Варшава, заўтра ўвесь свет”
Падчас польска-бальшавіцкай вайны савецкія мастакі стварылі цэлы шэраг знакавых антыпольскіх карыкатур. Адным з мастакоў таго часу быў Дзмітрый Маор (Арлоў), які ў 1920 г. намаляваў знакаміты плакат “Ты запісаўся добраахвотнікам”. За ўзор для гэтага плакату, да слова, быў узяты амерыканскі постэр “Want you for U.S. army”. Малюнак з’явіўся менавіта ў час найбольш вырашальных баёў на савецка-польскім фронце.
У гэты ж перыяд мастак стварае плакаты “Чырвоны падарунак беламу пану”, якім заклікае хутчэй перамагчы Войска Польскае, адзіную перашкоду для бальшавіцкіх войскаў на шляху ў Еўропу. Іншы савецкі мастак, Віктар Дэні (Дзянісаў) таксама падбадзёрваў чырвонаармейцаў у 1920 г. сваімі малюнкамі “Спеши пана покрепче вздуть, барона тоже не забудь” і “Каждый удар молота — удар по врагу”. На іх прадстаўнікі “першай дзяржавы працоўных і сялян” змагаліся з польскім панам, які ўяўляўся ў выглядзе сярэднявечнага шляхціча ў канфедэратцы і з шабляй.
У 1920‑я гады “польская тэма” на непрацяглы час адышла на другі план. Некаторы ўсплеск “цікавасці” адзначаўся ў 1927 г., калі ў Польшчы была дэлегалізавана Беларуска сялянска-работніцкая грамада. Так, у газеце “Праўда” быў апублікаваны малюнак Рыгора Разэ “Дом селяніна беларускай “Грамады”, на якім была выява турмы над якой быў надпіс “Заходняя Беларусь”. Ахоўваў будынак жандар…Юзаф Пілсудскі.
У пачатку 1930‑х гадоў гэты ж мастак зрабіў некалькі прац на “польскую” тэму. На іх польскі вайсковец у рагатыўцы пазіраў на савецкі бок, ці афіцэр Войска Польскага абдымаўся з французскім генералам. Апошні супакойваў калегу: “Не сумневайцеся, пан палкоўнік, Ваш напад на СССР будзе разглядацца як абарончая вайна. Вы будзеце абараняць свае межы 1772 г.”. Дарэчы, гэта бадай адзіная савецкая карыкатура, дзе згадваліся падзелы Рэчы Паспалітай у XVIII ст..
Іншы савецкі мастак Роберт Чарняк у 1931 г. для газеты “Праўда” стварыў малюнак “Па французскім компасе”, на якім была выява польскага афіцэра, які накіроўвае войска супраць СССР.
Падпісаць пакт аб неагрэсіі
У газетах БССР таксама з’яўляліся антыпольскія карыкатуры. У іх, у асноўным, “выкрываліся” агрэсіўныя імкненні Польшчы ў дачыненні да Савецкага Саюза, а таксама высмейвалася постаць “начальніка польскай дзяржавы” Юзафа Пілсудскага. Жыццё ў заходніх суседзяў паказвалася ў кепскім свеце, тады як у савецкай Беларусі ўсё было выдатна.
У 1931 годзе ў Ленінградзе выйшаў з друку альбом малюнкаў «Карыкатура на службе абароны СССР», аўтарам якога быў славуты савецкі карыкатурыст Барыс Яфімаў.
У прадмове да зборніка ёсць такая фраза: “Цвердалобы фашыст, у тым ліку і маньяк, нягледзячы на атрыманы ўрок, які марыць пра Польшчу ад мора да мора, сацыял-дрэнь (с.д.) (маецца на ўвазе сацыял-дэмакрат), рымскі папа з яго крыжовым паходам, Чан-Кай-Шы з авантурай на КУЧД, французскія імперыялісты». Таварыш Яфімаў указвае на» банкруцтва іх палітыкі”. Дастаецца ў прадмове і “нацыянал-фашысту” Раману Дмоўскаму, а таксама “пілсудчыкам” і іншым “панам”. Што ж тычыцца непасрэдна малюнкаў, то Барыс Яфімаў прысвяціў цэлы раздзел пад назвай “Цуды на Вісле”, сатырычным выявам шматлікіх польскіх палітычных дзеячаў. У гэты час вялікую ўвагу савецкія карыкатурысты надавалі высмейванню збліжэння Польшчы з дзяржавамі Балтыі (Латвіяй і Эстоніяй), а таксама Румыніяй і Францыяй.
Такая актыўнасць савецкіх ідэолагаў і карыкатурыстаў на “польскім фронце” была выклікана праблемамі з заключэннем пакту аб ненападзе паміж СССР і Другой Рэччу Паспалітай.
Нагадаем, у студзені 1926 году паміж краінамі пачаліся перамовы па гэтай справе. “Рыжскі мір” ужо састарэў і з’явілася неабходнасць пацвердзіць тую дамову. Савецка-польскія перамовы былі перапыненыя ў чэрвені 1927 году, пасля таго як Вялікабрытанія спыніла дыпламатычныя адносіны з СССР, а паўнамоцны прадстаўнік СССР у Польшчы Пётр Войкаў быў забіты ў Варшаве. У 1931 годзе перамовы паміж палякамі і бальшавікамі прадоўжыліся, а 25 ліпеня 1932 года быў падпісаны Пакт аб неагрэсіі (спачатку тэрмінам на 3 гады, але ўжо 5 траўня 1934 года дзеянне дакумента было падоўжана да 31 снежня 1945 года). Па дамове бакі прызнавалі суверэнітэт, узаемныя межы і тэрытарыяльную цэласнасць адзін аднаго. Такім чынам, Польшча замацавала тэрытарыяльныя набыцці, атрыманыя пасля вайны з бальшавікамі 1920 года. У верасні 1939 года Масква, парушыць гэты Пакт і ўвядзе свае войскі на тэрыторыю ўсходніх ваяводтсваў Другой Рэчы Паспалітай.
“Белоруссия родная, Украина золотая”
Да пачатку Другой Сусветнай вайны польская тэма, у тым ліку, і ў працах савецкіх карыкатурыстаў адышла на другі план. Такая сітуацыя працягвалася да лета 1939 года. У жніўні ўвесь свет з асцярогай назіраў за збліжэннем Масквы і Берліна. Пры ўсёй паслухмянасці савецкага грамадства, яму трэба было растлумачыць, чаму адбываюцца такія метамарфозы ў савецкай палітыцы і самае галоўнае — супраць каго ўсё гэта робіцца.
7 верасня 1939 года ў часопісе “Прапагандыст і агітатар РСЧА” быў апублікаваны артыкул палкавога камісара М. Восіпава, у якім той адзначаў, што
“Чырвоная Армія будзе весці вайну за справу ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва супраць эксплуататараў і контррэвалюцыі, а калі будзе патрэба, і папярэдзіць напад агрэсараў”.
Ідэолаг падкрэсліваў, што СССР будзе весці справядлівую вайну, якая звязана з інтарэсам народа, а таксама будзе выконваць інтэрнацыянальныя задачы. Безумоўна, тут гаворка вялася пра “вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну”, які ўжо рыхтаваўся.
У нядзелю 17 верасня 1939 года да савецкіх грамадзян звярнуўся наркам замежных спраў Вячаслаў Молатаў і адзначыў, што “СССР працягнуў руку дапамогі беларусам і ўкраінцам, якія насяляюць Польшчу”. З першых дзён “вызваленчага паходу” і да кастрычніка 1939 года ў савецкіх перыядычных выданнях кожны дзень друкаваліся справаздачы пра падзеі “на Захадзе”. У гэтых матэрыялах жыхары Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны паказваліся “як бедныя і абяздоленыя сяляне і працоўныя”.
Не засталіся без працы і савецкія карыкатурысты. № 27 часопіса “Кракадзіл”, падпісаны ў друк 5 кастрычніка 1939 года, быў цалкам прысвечаны падзеям 17 верасня. На старонках часопіса карыкатурысты Ю. Ганф, Н. Радлаў, Д. Дубінскі, Д. Маор “прайшліся” і па Войску Польскім, і па панах і афіцэрах, і па ксяндзах і святарах. Антыпольскія карыкатуры і артыкулы працягвалі з’яўляцца на старонках савецкай перыёдыкі ў 1940 і 1941 гадах. Тады мастакі ў асноўным высмейвалі эмігранцкі польскі ўрад у Парыжу і разбітае польскае войска, якое бегла пад “ударамі” Чырвонай Арміі.
Цікавая асаблівасць, у альбомах некаторых савецкіх карыкатурыстаў (напрыклад, Барыса Яфімава), якія выходзілі ў 1980‑я гады, польская тэма знікла. Відавочна, яны не хацелі афішыраваць гэты бок сваёй працы для савецкай прапаганды.