«Кажуць людзі сёння, што на свеце свабода». Пра што беларусы Беластока пісалі ў газеты 90 гадоў таму
Інфармацыйны партал MOST прагартаў сотні нумароў беларускіх газет і часопісаў, якія ў 1930‑я гады выходзілі ў Вільні, і знайшоў больш за 50 допісаў з Беластока. Журналісты сабралі самыя яскравыя цытаты, якія, нібы мазаіка, ствараюць карціну беластоцкага жыцця 1930‑х вачыма тагачасных беларусаў.
Арфаграфія і пунктуацыя захаваныя, хоць не адпавядаюць нормам сучаснай беларускай мовы. Усе цытаты перадаюць суб’ектыўныя погляды аўтараў.
«Беласток людзьмі такі самы, як і Горадня або Вільня»
«Беласток паложаны каля этнаграфічнай Польшчы. Ад Беластоку да этнаграфічнай Польшчы ня больш 20 кілямэтраў», — пісаў у 1935 годзе на старонках «Беларускай Крыніцы» Кастусь Сідаровіч, адзін з мясцовых беларускіх дзеячаў. Сёння гэтае геаграфічнае апісанне можа нас здзівіць, але ў пачатку ХХ стагоддзя этнографы праводзілі мяжу паміж польскім і беларускім насельніцтвам па рацэ Нарве.
«Беласток людзьмі такі самы, як і Горадня, або Вільня, алеж узноў куды не такі самы, як Варшава. … Бо там далей за Беласток, ня больш яе дзесяць вёрст на захад, ужо рака Нарва, а за ею другі народ, народ, што да Варшавы больш падобны», — пісаў іншы аўтар у 1934 годзе.
«Падместачоквыя жыхары Беластоку — дык, мусіць, усе беларусы»
У 1919 годзе, напярэдадні першых выбараў у гарадскую раду Беластока, польская адміністрацыя ўключыла ў межы горада суседнія вёскі. Гэта быў хітры крок, каб павялічыць працэнт хрысціянскага насельніцтва горада. Іначай большасць месцаў у самакіраванні маглі б заняць яўрэі. Ды вёскі пераважна засталіся вёскамі, а іх старэйшыя жыхары захавалі беларускую мову, што заўважыў у 1939 годзе, за некалькі месяцаў да пачатку вайны, аўтар допісу ў часопісе Chryścijanskaja Dumka:
«Даўнейшыя вёскі кругом Беластоку цяпер перарабіліся ў прадмесьці. А як Пячуркі і Дайліды, дык і сяньня чыстыя вёскі, хоць яны лічацца горадам. … Я хаджу па беластоцкіх прадмесцях і мне кідаецца ў вочы стары там беларускі характар, як людзей, так і спосабу іх жыцьця. Слабада, Антанюк, Скарупы і інш. прамаўляюць за беларускім характарам у Беластоку. Старэйшыя людзі гавораць тут пабеларуску».
«Падместачоквыя жыхары Беластоку дык мусіць усе беларусы. Досыць глянуць на іх беларускія міны і на іх крамы, каб у гэтым пераканацца», — піша іншы аўтар.
«Дзе цяпер стаяць камяніцы, было балота — ані прайсці»
Беларусаў з навакольных вёсак і з суседніх паветаў прыцягвала ў Беласток магчымасць працы на фабрыках, якія сталі хутка развівацца пасля пабудовы ў 1862 годзе Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, адной з першых чыгуначных магістраляў у Расійскай Імперыі. Горад стаў хутка расці. Неўзабаве да яго прыляпілася акрэсленне «Паўночны Манчэстэр», бо Беласток быў цэнтрам тэкстыльнай прамысловасці. Ехалі ў Беласток людзі не толькі з суседніх вёсак, але і з далейшых ваколіц:
«А жыхары самога Беластока, якія сваю царкву любяць, гэта людзі, што ў Беласток на жыцьцё папрыязджалі з пад Горадні, з пад Ваўкавыска і з пад Берасьця. Яны ўсе найчысьцейшыя беларусы», — пісаў Кастусь Сідаровіч у 1935 годзе.
«Ня надта даўна ён [Беласток] быў дужа малым. Старыя людзі помняць, як там, гдзе цяпер стаяць камяніцы, было балота ані прайсці. Сто гадоў з нечым, як Беласток пачаў узрастаць і фабрыкі тут загудзелі», — піша карэспандэнт Chryścijanskaj Dumki.
«Уражанне ад горада такое: вялікае старадаўняе сяло, не надта даўно перайшоўшае ў стан багацеючага горада, у якім адразу кідаецца розніца між старымі і новымі будынкамі. Старыя аднастольныя хаты ў перамежку з новымі многастольнымі камяніцамі», — запісаў у сакавіку 1933 года ў дзённіку вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч, які прыехаў у Беласток па запрашэнні акруговай управы Таварыства Беларускай Школы.
«Рабочыя добра там аплачаны і добры там парадак»
Прыгажосці ў Беластоку, мабыць, беларусы бачылі нямнога — затое на мясцовых фабрыках за тыдзень можна было зарабіць болей, чым у вёсках ці малых мястэчках за месяц.
«Перад Калядамі добра ішлі фабрыкі і хто на іх рабіў, дык зарабіў крыху. Ткач зарабляе па 70 зл. у тыдзень, а снавальніца па 50 і 60 зл. Найбаявейшая ў Беластоку фабрыка ёсьць Шапіры. 500 рабочых на ёй працуе. Рабочыя добра там аплачаны і добры там парадак», — пісаў у пачатку 1937 года ў Chryścijanskaj Dumcy аўтар пад крыптонімам B‑n.
Але і з беспрацоўем даводзілася сутыкацца беластоцкім рабочым:
«На Новы Год у ваяводстве быў банкет на мэты нейкія дабрадзейныя. У сьвята невялічкая грамадка безработных у ваяводстве падходзілі пад вокны са сваімі дамаганьнямі хлеба, але гэтае іх «паўстаньне» было вельмі спакойнае. Двух паліцыянтаў лёгка ім далі рады».
«Праваслаўных палякаў няма»
Цікавіліся беларускія карэспандэнты і дзейнасцю беластоцкага самакіравання. А ў шматнацыянальным горадзе не магло абысціся без канфліктаў на нацыянальнай глебе:
«У мястовай Беластоцкай радзе заядлая ідзе барацьба жыдоў з палякамі. Жыды хацелі вынясьці пратэст, што іх браты прасьледваюцца на польскіх універсітэтах. Палякі гэтага пратэсту не прапусьцілі. З свайго боку палякі паднялі справу рытуальнай разьні ў жыдоў быдла. Але і гэта прайшло так неразьвязаным”.
Шмат допісаў беластоцкіх беларусаў было прысвечана рэлігійным справам. Асабліва часта гэтая тэма ўзнікала ў 1935 годзе, калі польскія ўлады ініцыявалі стварэнне «Таварыства праваслаўных палякаў» і «Дома праваслаўных палякаў» ды ўвядзення ў царкве святога Мікалая казанняў па-польску. Беларускія карэспандэнты не хавалі свайго абурэння гэтым новаўвядзеннем.
«Ані ў Беластоку, ані ў беластоцкіх ваколіцах «православных полякув» няма. Праваслаўныя ў беластоцкіх ваколіцах — беларусы, а ў Беластоку — наезныя маскалі, ёсць украінцы і нашыя, тутэйшыя беларусы. Група «православных полякув» — гэта беластоцкі новатвор», — пісаў Кастусь Сідаровіч.
Іншы карэспандэнт адрэагаваў эмацыйна: «Беластоцкае праваслаўе на новыя дарогі ўступае: польскае праваслаўе ў нас заводзіцца! Ужо мы маем спецыяльнага папа на гэта! Усё тут робіцца, каб на гэты павадок злавіць, як найбольш, праваслаўных».
Але і беларускай мовы ў царкве святога Мікалая не было чуваць.
«Мяне ў Беластоку раз неяк пытаўся адзін духоўнік: “А скуль ты пабеларуску ўмееш”. Я духоўніку гэнаму паставіла вочы ды кажу: “А гэта‑ж што? Ці‑ж беларуская мова не мая родная мова?!” Ах, як-бы я любіла, каб у нашай царкве, ды замест польскіх казаньняў завяліся беларускія! Кажуць людзі сяньня, што на сьвеце свабода, дык чаму‑ж для беларусаў у Беластоку не завясьці беларускіх у царкве навукаў!», — дзялілася думкамі з чытачамі «Беларускай Крыніцы» аўтарка, падпісаная Верай.
«Вышаў новы і надта прыгожы касцёл»
Пісалі ў беларускія газеты і каталікі з Беластока. Яны хадзілі на набажэнствы ў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, апісвалі ў прэсе візіты віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, кінапаказы ў «Каталіцкім Доме» ды шкадавалі, што ў касцёле не пачуеш роднай мовы.
«Гадкоў з трыццатак, як у Беластоку збудаваўся наш стройны і багаты касьцёл. Слаўны наш дзекан Шварц умеў каля маскалёў хадзіць добра. Маскаль яму пазволіў стары касьцёлак паправіць, а наш дзекан Шварц, як узяўся за гэту работу, дык у яго вышаў новы і надта прыгожы касцёл».
23 студзеня 1935 года ў старым будынку каля касцёла быў урачыста адчынены «Каталіцкі Дом». Там праходзілі тэатральныя пастаноўкі і паказвалі кіно. Будынак гэты захаваўся да сённяшняга дня — цяпер у ім кіно TON і кнігарня імя святога Казіміра.
«Цяпер адна для нас выгода ў Беластоку, што як ідзём у кіно каталіцкае, дык не баімся грэху, бо мы пэўныя, што там будуць добрыя фільмы», — пісаў чатыч Chryścijanskaj Dumki.
А абурала беларускіх аўтараў тое, што ні ў касцёле, ні ў каталіцкіх культурных установах нельга было пачуць ані слова па-беларуску: «Беластоцкія беларусы свае ахвяры нясуць у касьцёл на ўсе патрэбы і на каталіцкі дом, а ў касьцёле, як і ўсюды, ім беларускага нічога не даецца. Цяпер у гэтым каталіцкім доме беларусы не пачуюць ані аднаго беларускага слова. У нашай парахвіяльнай бібліятэцы ня знайдзеш беларускай кніжкі», — пісаў адзін з іх.
«У польскіх кнігарнях няможна купіць беларускага календара»
Зрэшты, беларускай мовы нельга было знайсці не толькі ў касцёле, але і, напрыклад, у кнігарнях:
«У беластоцкіх польскіх кнігарнях няможна купіць беларускага календара. Мы з гэтым зьвятаемся да крамаў жыдоўскіх. На кірмашох у нас грыміць шырока беларуская мова. У Беластоку надта‑б зарабіў беларускі тэатр, каб ён аднекуль прыехаў да нас і папяяў-бы нам і павесяліў-бы нас. А то мы без беларускага прадстаўленьня ў Беластоку маркоцімся і сумуем».
Праўда, можна было ўбачыць тэатральныя прадстаўленні на ўкраінскай мове. «Украінскі тут тэатр цэлы год дае прадстаўленьні і з гэтага неяк пражывае. Тэатр гэты аб’язджае і бліжэйшыя каля Беластока мястэчкі», — піша аўтар Biełaruskaj Krynicy.
Трэба ўзгадаць, што беларускія аматарскія прадстаўленні ў горадзе над Белай рэгулярна адбываліся ў 1928–1933 гадах. На іх збіраліся сотні гледачоў. Прадстаўленні ладзіла культурна-асветніцкая арганізацыя «Таварыства беларускай школы» (ТБШ). Таксама ТБШ арганізоўвала асветніцкія лекцыі па-беларуску.
У 1935 годзе беластоцкае ТБШ было ліквідаванае.
«Дамагаліся, каб спявак пяяў беларускія песні»
У 1937 годзе група беларускіх дзеячаў заснаванага ў Беластоку Беларускі тэатральны кааператыў “Полымя”. Адзінае, што ўдалося зрабіць гэтаму кааператыву — гэта правесці 6 чэрвеня 1937 года ў тэатры Palace на вуліцы Кілінскага канцэрт самага вядомага беларускага спевака міжваеннага перыяду, Міхала Забэйды-Суміцкага. Праўда, мясцовыя польскія ўлады хацелі забараніць яму спяваць па-беларуску. Спявак, які перад тым выступаў у Міланскай оперы ў Італіі, сам пайшоў да беластоцкіх чыноўнікаў і выпрасіў дазвол заспяваць «Лявоніху» і «Чаму ж мне не пець». Слухачы былі ў захапленні, як пісаў у справаздачы з канцэрта, апублікаванай на старонках «Шляху Моладзі», беларускі актывіст Сяргей Крывец:
«Публіка, анямеўшая пад уражаньнем першых песень, раптам уздрыганула, як адзін нэрв з каскадай тонаў кіпучай «Лявоніхі». Пэрыяд сымбалічнай тугі скончаны, за ім бруіць задор маладога жыцьця, размах паднятага духа. Жыцьцё так харошае і жыць хочацца».
У кастрычніку 1937 года беларускія тэатралы паспрабавалі зладзіць прадстаўленне ў мястэчку Гарадок, але ўлады не далі дазволу. А калі 28 кастрычніка таго ж года ў Беласток завітаў яшчэ адзін вядомы спявак-беларус Павал Пракапеня, у зале адбыўся прыкры інцыдэнт:
«Пракапеня прапяяў некалькі песьняў і італіянскіх і польскіх, а калі хацеў засьпяваць песьню “Эй, ухнем” (песьня расейскіх бурлакоў), прадстаўнік улады прабаваў перарваць яму сьпеў, а пасьля канцэрт спыніў. У гэты мамэнт прысутныя на залі паднялі шум і дамагаліся, каб сьпявак пяяў беларускія песьні “Лявоніху”, “Дубка”, “Чаму ж мне ня пець” і інш», — пісаў у «Шляху Моладзі» карэспандэнт Я. К.
«Трэба забывацца гаварыць па-беларуску»
З карэспандэнцый можна зразумець, што становішча беларускай мовы ў Беластоку дзевяноста гадоў таму было незайздроснае. Гэтае становішча ілюструе побытавае здарэнне, якое апісаў у 1939 годзе адзін з аўтараў Chryścijanskaj Dumki:
«Я гэта раз неяк стаю на вуліцы і гавару пабеларуску з добрым і паважным чалавекам. А тады да нас падыходзе наш знаёмы і робе нам дакор: “Трэба ўжо забывацца гаварыць пабеларуску!” Мой чалавек гэны спужаўся гэтага, вушы стуліў, націснуў шапку, ды ад мяне ў ногі. Ён у Беластоку нейкім маленькім чыноўнічкам, дык трэба яму асьцерагацца».
Неўзабаве пасля таго пачалася Другая Сусветная вайна, а ў Беластоку некалькі разоў мянялася ўлада. Пасля 2020 года Беласток стаў домам для сотняў беларусаў, якія шукалі прытулку з‑за палітычнага становішча на Радзіме. Можна радавацца, што ў адрозненне ад 1930‑х гадоў, цяпер у Беластоку можна вольна размаўляць па-беларуску, а ўлады горада і ваяводства падтрымліваюць беларускую культуру. Беларусы і палякі нарэшце змаглі паразумецца.