Працяг гісторыі «Белсату»: часова перастаў дзейнічаць сайт тэлеканала
Як паведаміла рэдакцыя беларускага тэлеканала ў сваім афіцыйным Telegram-канале, з 1 жніўня сайт «Белсату» часова прыпыняе сваю працу праз тэхнічныя праблемы.
«Мы працягнем працаваць для вас. Кожны дзень мы будзем рабіць якасную аналітыку, шукаць цікавых герояў, каб паразмаўляць з імі і прапанаваць вам фантастычныя інтэрв’ю, якія даўно ўжо варта было б сабраць у кнігу (акурат, мабыць, цяпер і настаў час заняцца гэтым), а таксама здабываць для вас эксклюзівы. Сачыце за нашымі старонкамі ў сацыяльных сетках, дзе мы будзем публікаваць для вас матэрыялы», — гаворыцца ў паведамленні рэдакцыі.
Каманда «Белсату» завярае, што будзе імкнуцца як мага хутчэй вырашыць пытанні, каб абавязкова вярнуцца да чытачоў па прывычным адрасе – belsat.eu.
Што адбываецца з «Белсатам»?
Новы ўрад Польшчы, сфармаваны па выніках парламенцкіх выбараў, у канцы 2023 года распачаў працэдуру рэарганізацыі грамадскіх СМІ.
9 лютага каманда «Белсата» ў адкрытым лісце да міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага заклікала захаваць тэлеканал у цяперашнім выглядзе. Пад тэкстам падпісаліся 170 журналістаў і супрацоўнікаў «Белсата».
На пачатку сакавіка стала вядома, што новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканала «Белсат».
У сакавіку 2024 года ў адстаўку адпраўлена дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая кіравала тэлеканалам 18 гадоў.
Выканаўцам абавязкаў дырэктара тэлеканала прызначаны Аляксей Дзікавіцкі. Адразу пасля прызначэння новы кіраўнік распавёў пра планы тэлеканала.
У канцы траўня з‑за абмежаваных фінансавых магчымасцяў «Белсат» пераехаў на старое месца, з якога пачынаўся тэлеканал.
4 ліпеня кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».
8 ліпеня ліквідатар TVP накіраваў у пракуратуру паведамленне пра фінансавыя парушэнні, невыкананне службовых абавязкаў і злоўжыванне паўнамоцтвамі папярэднім кіраўніцтвам тэлеканала «Белсат», у тым ліку былой дырэктаркай і галоўнай рэдактаркай Агнешкай Рамашэўскай-Гузы.
Спачатку дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі пракаментаваў гэтае паведамленне. А следам супрацоўнікі тэлеканала звярнуліся да кіраўніцтва Польшчы з просьбай захаваць «Белсат».
23 ліпеня «Белсат» паведаміў, што пераводзіць свой сайт на «мінімальны рэжым працы».