Прадказальна адхілена: суд не задаволіў скаргу сайта “Першы Рэгіён” на штраф
Суддзя Брэсцкага абласнога суда Руслана Сянько палічыла, што падстаў для яе задавальнення няма. Больш за тое, у сваім рашэнні суддзя адзначыла, што размешчаныя на сайце “Першы Рэгіён” публікацыі ўтрымліваюць інфармацыю, якая “здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”.
Пра гэта стала вядома з дакументаў, якія днямі атрымала з абласнога суда прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Медыя-Ганцавічы” — ўладальнік сайта “Першы Рэгіён” . Разгляд скаргі ў Брэсце праходзіў 13 красавіка без прысутнасці прадстаўнікоў рэдакцыі.
“Медыя-Ганцавічы” абскарджвала рашэнне старшыні суда Ганцавіцкага раёна Уладзіміра Космача ад 8 лютага 2022 года, які прызнаў рэгіянальнае інтэрнэт-выданне вінаватым у “распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі” і пакараў адміністрацыйным штрафам агулам на 11200 рублёў.
Падставай для пакарання суд палічыў той факт, што на сайце “Першы Рэгіён” былі размешчаныя публікацыі з гіперспасылкамі на Telegram-каналы “МотолькоПомоги” і “Мая краіна Беларусь”. У сакавіку 2021 года гэтыя каналы прызналі “экстрэмісцкімі”.
Акрамя таго, кіраўніцтва Ганцавіцкага РАУС склала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, бо, паводле яго, на інтэрнэт-рэсурсе “Першы Рэгіён” на працягу 2021 года з’явіліся і іншыя публікацыі, якія нібыта “негатыўна характарызавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь і дыскрэдытавалі дзейнасць дзяржаўных устаноў”.
У сваёй скарзе ў суд прадстаўнік “Медыя-Ганцавічы” Сяргей Багроў адзначыў, што прадпрыемства віну не прызнае. Патлумачыў, што публікацыі са спасылкамі на згаданыя Telegram-каналы былі размешчаныя ў 2020 годзе — яшчэ да прызнання іх “экстрэмісцкімі”.
Сяргей Багроў таксама заўважыў, што ў рэдакцыі сайта не было намеру распаўсюджваць забароненую інфармацыю, і ў далейшым гіперспасылкі на “экстрэмісцкія матэрыялы” былі выдаленыя. Што тычыцца астатніх публікацый, то, паводле прадстаўніка “Медыя-Ганцавічы”, яны мелі крытычны аўтарскі погляд на падзеі ў краіне.
— Змест гэтых публікацый адпавядаў маральна-этычным нормам, а аўтар мае канстытуцыйнае права на свабоду выказвання свайго меркавання, — зазначае Сяргей Багроў. — Ніякіх доказаў, што тэкст меў зневажальны характар альбо былі іншыя парушэнні заканадаўства, у матэрыялах справы не згадаваецца.
Прадстаўнік “Медыя-Ганцавічы” кажа, што не было ніякіх прыкметаў экстрэмізму і ў публікацыі пад назвай “У Івацэвічах клічуць начальства на плошчу. На вуліцы выйшлі медыкі”. У ёй карэспандэнт толькі агучыў факт звароту грамадзян да мясцовых уладаў.
За последние дни обыски прошли в редакциях и у журналистов более десяти медиа
В редакции газеты «Ганцавіцкі час» и дома у издателя прошли обыски