Прадстаўнік брэсцкай міліцыі пра затрыманні журналістаў: нельга ўмешвацца ў адміністрацыйны працэс
Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы “Аб'яднаныя масмедыя” атрымала адказ на свой зварот ў Міністэрства ўнутраных спраў з нагоды таго, што апошнім часам у Беларусі пачасціліся выпадкі неправамернага затрымання журналістаў.
Нагадаем, толькі на працягу двух дзён — 19 і 20 чэрвеня — па ўсёй краіне былі затрыманыя падчас выканання прафесійных абавязкаў як мінімум 14 журналістаў.
Пры гэтым большасць затрыманых мелі пасведчанні журналістаў, як таго патрабуе заканадаўства аб СМІ (і гатовыя былі прад’явіць іх па патрабаванні), а таксама былі прыкметна пазначаныя як супрацоўнікі СМІ адпаведнымі камізэлькамі і бэйджамі.
Некаторыя з журналістаў, у прыватнасці, Аляксандр Пазняк і Сяргей Багроў у Ганцавічах, былі збітыя падчас затрымання. У некаторых выпадках напад супрацоўнікаў міліцыі на журналістаў адбываўся ў прамым эфіры: парушэнні правоў журналістаў былі відавочнымі і зафіксаванымі на відэа.
“У парушэнне працэсуальных норм супрацоўнікі Ганцавіцкага РАУС не назваліся, не паказалі пасведчанні, а калі казалі пра свае нібыта законныя патрабаванні, не тлумачалі ў межах якой адміністрацыйнай справы, па якім артыкуле і ў дачыненні да каго канкрэтна праводзіўся адміністрацыйны працэс”, — гаворыцца ў звароце.
Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі неахайна склалі пратаколы, куды былі ўнесеныя звесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці і абвяргаюцца фактамі: дзясяткамі сведак і непасрэдна відэазапісам прамога эфіру.
Аўтары звароту перакананыя, что журналісты выконвалі працу ў межах сваёй прафесійнай дзейнасці і былі незаконна затрыманыя міліцыяй, супрацоўнікі якой перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы.
“Такія факты недапушчальныя, бо яны фактычна ідуць у разрэз з канстытуцыйнымі нормамі, парушаюць шэраг правоў і свабод грамадзян і накладаюць забарону на занятак законнай журналісцкай дзейнасцю”, — адзначаюць прадстаўнікі Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы.
У звароце таксама згаданыя выпадкі, калі журналісты і СМІ сутыкаюцца з адмовамі ў прысутнасці на пасяджэннях дзяржаўных органаў, у прадастаўленні афіцыйнай інфармацыі наконт значных для грамадства пытаннях (пандэмія COVID-19, выбары), зведваюць пераслед ў выглядзе штрафаў і пагроз з боку дзяржаўных органаў (у тым ліку пагрозы пазбавіць СМІ і журналістаў акрэдытацыі).
Аўтары звароту звярнулі ўвагу, што артыкул 34 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” замацоўвае права журналіста ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў прысутнічаць на масавых мерапрыемствах, у месцах іншых грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю. Журналісты выканалі патрабаванне заканадаўства ў адрозненне ад супрацоўнікаў сілавых структур, якія груба парушылі іх правы.
Далей у звароце пералічаныя патрабаванні да Міністэрства ўнутраных спраў:
-
строга выконваць артыкулы 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць свабоду выказвання меркавання, забарону цэнзуры і права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
-
спыніць пераслед журналістаў недзяржаўных СМІ, фрылансераў і журналістаў замежных СМІ за выкананне імі сваіх прафесійных абавязкаў;
-
забяспечыць роўнае стаўленне ў частцы акрэдытацыі, прадстаўлення інфармацыі і строгага выканання артыкула 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе ўсім роўныя правы і роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці;
-
спыніць сегрэгацыю СМІ пры забеспячэннi права на доступ і распаўсюд інфармацыі на дзяржаўных і недзяржаўных, зручныя і нязручныя, што прадугледжана арт. 13, 33, 34 Канстытуцыі;
-
спыніць перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў.
Адказ на гэты зварот прыйшоў не з МУС, а з упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама за подпісам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандра Кісяля.
Ён спаслаўся на тое, што органы ўнутраных спраў “ажыццяўляюць барацьбу са злачыннасцю, ахову грамадскага парадку і забяспечваюць грамадскую бяспеку” згодна з Законам РБ “Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь” і іншымі заканадаўчымі актамі.
“Абмежаванне правоў і свабод асобы дазваляецца толькі ў выпадках, прадугледжаных Законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб”, — гаворыцца ў адказе.
Што тычыцца працы са сродкамі масавай інфармацыі, то, паводле Аляксандра Кісяля, яна ладзіцца ў прадугледжаным заканадаўствам парадку.
“Пры гэтым уздзеянне ў якой-небудзь форме на службовую асобу, якая вядзе адміністрацыйны працэс, з мэтай перашкодзіць усебаковаму поўнаму і аб’ектыўнаму разгляду справы або з мэтай дамагчыся вынясення незаконнага рашэння з’яўляецца недапушчальным і цягне за сабой адказнасць, прадугледжаную артыкулам 23.3 КаАП РБ (умяшальніцтва ў вырашэнне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні)”, — адзначае прадстаўнік брэсцкай абласной міліцыі.
Такім чынам, адказу па сутнасці на свой зварот прадстаўнікі Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы “Аб’яднаныя масмедыя” так і не атрымалі.