Прадзюсарскі цэнтр нявесткі Лукашэнкі запусціў уласны відэапрадакшн
«Музычная медыякампанія» працягвае пашыраць бізнэс у прамысловых маштабах і запусціла свой уласны відэапрадакшн, ужо адпрацаваўшы дзяржзамовы.
У кастрычніку Беларускі металургічны завод (БМЗ) адсвяткаваў юбілей – 40 год. Да гэтай знамянальнай для прадпрыемства падзеі новы відэапрадакшн прэзентаваў іміджавы кліп завода на песню «Мацнейшыя за сталь», аўтарам якой, само сабой, стала Ганна Сялук.
Здымкі роліка праходзілі ў гарачых цэхах жлобінскага гіганта машынабудаўніцтва пры ўдзеле супрацоўнікаў прадпрыемства, а новы «гімн БМЗ» выканалі артысты, якія супрацоўнічаюць з «Музычнай медыякампаніяй» – група Cosa Nostra, Вікторыя Алешка, Ганна Благава, Андрэй Цямчык і саліст арт-групы «Беларусы» Валер Шмат.
Акрамя таго, у гонар юбілею БМЗ запрашаў беларусаў на святочны канцэрт у Жлобіне. Забаўлялі людзей «зоркі» ўсё той жа «Музычнай медыякампаніі», а хэдлайнерам гарадской вечарынкі стаў расійскі спявак Niletto.
«Бюро» таксама знайшло на амерыканскім відэахостынгу Vimeo камерцыйныя ролікі вытворчасці «Музмедыя прадакшна» для іншых буйных беларускіх машынабудаўнічых холдынгаў: «Белшыны», Магілёўскага аўтамабільнага завода (МААЗ) і БелАЗа.
«Музычная медыякампанія» – гэта прадзюсарскі цэнтр, у якім намесніцай дырэктара з’яўляецца Таццяна Кулакова. Гэта родная сястра Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі.
«Музычная медыякампанія» належыць Палацу рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) – аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Імаверна, Урублеўскі выконвае ў «АНСЛ прадакшн» функцыю намінальнага ўладальніка, каб утаіць удзел у кампаніі жонкі свайго патрона. Абрэвіятура АНСЛ вельмі нагадвае ініцыялы жонкі сярэдняга сына Лукашэнкі – АНна (па-руску) Сяргееўна Лукашэнка.