Праект «Празрыстыя сьцены»: фатографы з розных краінаў заклікалі беларусаў перадаць фотапрывітаньне палітвязьням
Цяпер у турмы і СІЗА можна адправіць паштоўкі з фатаздымкамі прафэсійных фатографаў з розных краінаў сьвету, якія падзяліліся сваімі працамі і расказалі пра гісторыю здымкаў.
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатограф Elina Brotherus, Фінляндыя
Праект «Празрыстыя сьцены» нарадзіўся ў супрацоўніцтве праекту Politzek.me з калектывам мастакоў Volny Kalektyu. Ён уключае ў сябе працы больш як 30 фатографаў з 20 краінаў сьвету — ад Нігерыі да Канады — і ўяўляе сабой паштоўкі з фатаздымкамі, якія можна раздрукаваць і самому адправіць аднаму з палітвязьняў.
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатограф Алек Сот, ЗША
Фатографы абралі са свайго архіву фатаздымкі, якія, на іх думку, могуць падтрымаць людзей у турме. На іх можна пабачыць выявы прыроды, штодзённага жыцьця, жывёлаў, прастораў і іншых сюжэтаў і тэмаў, якіх, па словах саміх палітвязьняў, у камэрах вельмі не хапае. На кожнай паштоўцы ёсьць камэнтар фатографа пра тое, што намалявана на здымку: абставіны, успаміны або пачуцьці, зьвязаныя з гэтым кадрам.
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатограф Каміл Сіман (Camille Seaman), Ірляндыя
Макеты паштовак можна спампаваць на сайце Politzek.me у разьдзеле «Зрабі сам». Макет памерам 20×15 см трэба раздрукаваць у колеры на шчыльнай паперы (на ліст А4 зьмяшчаецца 2 паштоўкі), скласьці папалам, падпісаць, укласьці ў канвэрт і адправіць адрасату.
Натхненьнем для праекту стаў ліст заснавальніцы «Прэс-клюбу» Юліі Слуцкай: «Напішу пра тое, чаго мне вельмі не хапае. І гэта не аб відавочных рэчах. Напрыклад, няма магчымасьці паглядзець удалячынь і ўбачыць гарызонт. Перада мной увесь час сьцены-асобы-нары. Трохі ратуюць фатаздымкі — я ўвесь час іх разглядаю».
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатограф Jef Bonifacino, Францыя
Што кажуць фатографы, якія паўдзельнічалі ў праекце
«Калі ласка, перадайце людзям, якія цяпер у турме, каб яны не здаваліся і трымалі галаву высока; што іх барацьба важная, як і ўсякая барацьба за свабоду і годнасьць. Я зычу ім цярплівасьці і хачу, каб яны ведалі, што пасьля гэтых кратаў ёсьць жыцьцё, а іх зьняволеньне — гэта толькі часовыя цяжкасьці», — Oscar B. Castillo.
«Я ўсім сэрцам і думкамі з вашым народам і вельмі вам спачуваю. Спадзяюся, што ўсё гэта хутка скончыцца на вашую карысьць, і я ўпэўнены, што ўсё будзе добра!» — Georgs Avetisjans.
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатограф Dina Oganova, Грузія
«Я вельмі падтрымліваю вашую барацьбу за сапраўдную свабоду і незалежнасьць, і я ўпэўненая, што ў вас гэта будзе вельмі хутка. Не спыняйцеся і рабіце ўсё магчымае, бо гэта вашая краіна. На зямлі не павінна быць месца дыктатуры», — Dina Oganova.
«Я з Масквы, але чамусьці Беларусь заўсёды была мне блізкая. Я добра памятаю жахлівы разгон Плошчы і чорныя сьпісы, якія ўдарылі па маіх сябрах-музыках, памятаю ціск на калегаў-журналістаў і як палілі альбомы з фатаздымкамі на мяжы. І хоць ніякіх ілюзіяў у мяне не было і тады, такога ўзроўню рэпрэсіяў, як цяпер, я не чакаў. Як журналіст я магу падтрымаць ахвяраў гэтых рэпрэсіяў, называючы рэчы сваімі імёнамі. Як фатограф — перадаўшы паштоўку з гэтым кадрам у камэры», — Яўген Фельдман.
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатограф Яўген Фельдман, Расея
Адзін з фатаздымкаў праекту. Фатографы Lena Dobrowolska & Teo Ormond-Skeaping, Польшча і Вялікая Брытанія