«Прафесійны і небяспечны блазан». Што замежная прэса пісала пасля перамогі Лукашэнкі ў 1994‑м
30 гадоў таму заходняя прэса называла Лукашэнку папулістам і дэмагогам з вульгарнымі манерамі, які можа адкінуць краіну ў мінулае «не на адзін крок назад, як Кебіч, а на цэлых два».
«Аляксандр Лукашэнка — непрадказальны апаратчык»
Інфармацыю пад такім загалоўкам, якую распаўсюдзіла агенцтва Франс Прэс, апублікавалі шматлікія французскія газеты.
Франс Прэс называла Лукашэнку «маладасведчаным і непрадказальным палітыкам», якому «камуністы дапамаглі зрабіць кар’еру». Аднак «ягоны памагаты дэпутат-юрыст падбіў яго зляпіць новы імідж — чалавека, незалежнага ад камуністаў. Аўтар адзначае, што шмат хто гэтаму даў веры, асабліва пенсіянеры і сяляне. Франс Прэс цытуе таксама аднаго заходняга дыпламата, які заявіў пра Лукашэнку: «Гэта ў найвышэйшай ступені папуліст, без досведу ўлады, феномен кшталту Жырыноўскага».
Le Monde пісала, што Захад можа зусім адвярнуцца ад Беларусі
Карэспандэнт Le Monde піша, што праграма Лукашэнкі «наскрозь дэмагагічная». Яна «пераважна пабудаваная на вобразе гэткага змагара з карупцыяй, які абяцае ў выпадку перамогі пасадзіць у турму прэм’ер-міністра і ягонае атачэнне».
Аналізуючы першы тур выбараў, Le Monde адзначае: пасля таго «як дэмакратычная апазіцыя выбыла з барацьбы, разам з ёй, мяркуючы па ўсім, зніклі надзеі на эканамічныя рэформы і сцверджанне нацыянальнай самабытнасці беларусаў. Заходнія краіны, якія і без таго аддавалі Беларусі ўвагу хіба што сярод іншых, пасля перамогі Лукашэнкі могуць страціць да яе ўсялякі інтарэс». Імкненне Лукашэнкі да так званага эканамічнага саюзу з Расіяй «можа прывесці да хуткай і поўнай страты незалежнасці краіны», — пісаў карэспандэнт Le Monde.
Liberation: «Прафесійны блазан»
«У другім туры ў беларускіх выбарцаў не было ніякага выбару, — адзначае французская Liberation. — Абодва кандыдаты выступалі за шчыльны саюз з Расіяй і вяртанне Беларусі ў зону расейскага рубля».
Гэтая газета таксама называе Лукашэнку папулістам і параўноўвае яго з Жырыноўскім. Liberation піша, што замежныя дыпламаты, якія працуюць у Мінску, характарызуюць Лукашэнку як «прафесійнага блазна, прытым блазна небяспечнага», ад якога невядома чаго можна чакаць.
Як ствараюцца дыктатары і што гэтаму можна супрацьпаставіць. Парады ад Ганны Мірочнік
Сярод іншага аўтар адзначае, што над Домам ураду ў Мінску трапечацца невялікі бел-чырвона-белы сцяжок, а пад ім — вялізная эмблема БССР, якую так дагэтуль і не прыбралі. «Гэтая краіна пакуль так і не вырашыла, па якім шляху ёй ісці».
Gazeta Wyborcza: «Па Беларусі сунецца бульдозер»
Gazeta Wyborcza змясціла публікацыю пад красамоўнай назвай «Хто больш любіць Расею». Журналіст інфармуе пра тэледэбаты Лукашэнкі і Кебіча: Кебіч пераконваў, як шмат зрабіў дзеля інтэграцыі рэспублікі з Расіяй, а Лукашэнка абвінавачваў яго ў хлусні і абяцаў, што зробіць значна больш.
«Па Беларусі сунецца бульдозер» — так называўся іншы артыкул у GW. «На характэрную постаць Лукашэнкі ўпершыню звярнулі ўвагу, калі ён быў абраны на пасаду старшыні парламенцкай камісіі па справах карупцыі ў органах дзяржаўнай улады. Тады злоязычныя журналісты назвалі яго «Бульдозерам». Дырэктар саўгасу з‑пад Магілёва са сваёй лысінай, на якую зачэсвае рэдкі космык валасоў, і беларуска-расійскім дыялектам, у Вярхоўным Савеце хутка стаў прадметам для кпінаў. «Для амбітнага дырэктара саўгасу здабыць уладу — не сродак дзеля дасягнення мэты, а сама мэта».
Rzeczpospolita ацэньвае выбар беларусаў: «Для людзей, якія за яго галасуюць, ён — народны герой, беларускі Робін Гуд, які забярэ ў багатых — спекулянтаў, мафіі — народнае дабро і аддасць бедным, то бок сумленным працаўнікам і пенсіянерам».
Życie Warszawy пісала: «Апазіцыя суцяшаецца тым, што першаму прэзідэнту наканавана быць „з’едзеным“, бо ён змушаны прымаць вельмі непапулярныя рашэнні».
«Аднак застаецца пытанне: ці пагодзіцца першы прэзідэнт Беларусі на „з’яданне“, перш чым Беларусь аддадуць на „з’яданне“ Расіі».
«Палітыка, ад якой валасы дыбарам становяцца» — брытанская прэса
«Прасавецкі рэфарматар выйграў беларускія прэзідэнцкія выбары», — пад такім загалоўкам надрукавала інфармацыю лонданская Times. Яна піша, што Лукашэнкавы «дзікія абяцанні» далі падставу заходнім аглядальнікам назваць магчымую лінію новага прэзідэнта «палітыкай, ад якой валасы дыбарам становяцца». Аднак «іншыя кажуць, што ён павінен будзе ўзяць больш прагматычны курс», — адзначае Times.
Financial Times лічыць, што перамога Лукашэнкі «пагражае пагоршыць эканамічныя праблемы Беларусі, калі новы прэзідэнт выканае свае абяцанні змагацца супраць карупцыі і рынкавай эканомікі».
Зачем герою нужен злодей? Как использовать политических оппонентов рассказывает Анна Мирочник
Guardian называе Лукашэнку «нахабным папулістам з малым палітычным досведам». «Ніхто не ведае, што будзе рабіць Лукашэнка з уладай, якую ён атрымаў у якасці першага прэзідэнта краіны».
«Большасць беларусаў паводзіць сябе так, нібыта не хоча жыць ані ў незалежнай, ані ў дэмакратычнай дзяржаве», — нямецкая прэса
Бонская General Anzeiger, вядомая сваёй набліжанасцю да МЗС Нямеччыны, піша, што вынікі выбараў у Беларусі былі «ўдарам грому надзвычайнай сілы» не толькі для «звыклага да ўлады, панурага і сварлівага Кебіча», але і ягоных «нязграбных маскоўскіх памочнікаў на выбарах пад кіраўніцтвам Чарнамырдзіна». Кебіч быў для Масквы «цалкам прадказальны», Лукашэнка «такім не будзе», — лічыць General Anzeiger.
Газета Frankfurter Allgemeine назвала перамогу Лукашэнкі з такою перавагай «сенсацыйнай». Падобна да таго, адзначаецца ў каментары, што Беларусь і Украіна, моцна зрусіфікаваныя, пачынаюць рухацца «назад у імперыю». Калі б у гэтых дзяржавах быў эканамічны ўздым, то ані Кучма, ані, відаць, нават Лукашэнка не сталі б прэзідэнтамі. Яны абодва сказалі сваім народам, што ў саюзе з Расіяй справы пойдуць угару, аднак яны не сказалі, што ў самой Расіі эканоміка стаіць. Калі народы Беларусі і Расіі расчаруюцца ў сваіх прэзідэнтах, то падымецца «новая нацыянальная хваля». Беларусь, як адзначаецца, будзе зноў «шукаць дыстанцыю» ад Расіі. Што ж да Украіны, то няясна, ці застанецца яна цэльнаю дзяржавай.