АНТ анансавала праграму з палітзняволеным блогерам Ігарам Лосікам
У прапагандысцкае тэлешоу «пра супрацоўнікаў амерыканскага медыя», якое 14 студзеня распачало паказваць АНТ, на 20 секунд трапіў блогер Ігар Лосік. Хутчэй за ўсё яго, як і журналіста Андрэя Кузнечыка, прывезлі спецыяльна для гэтага «інтэрв’ю» ў СІЗА КДБ. «Размову» з Лосікам праўладнае тэлебачанне заявіла на 15 студзеня.
Кансультанта Беларускай службы «Радыё Свабода» і адміністратара Telegram-канала «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасля вобшуку ў ягоным доме ў Баранавічах. Да здымак прапагандысцкага фільма ён знаходзіўся ў наваполацкай калоніі № 1.
Там ён адбывае прысуджаны яму тэрмін пакарання — 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гэта самы жорсткі вырак у дачыненні да беларускіх незалежных журналістаў і блогераў.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Лосіка палітычным вязнем.
Па інфармацыі некалькіх крыніц, блізкіх да Ігара, у чэрвені 2020 года ён адчуваў пагрозу затрымання і збіраўся з’ехаць з Беларусі 1 ліпеня 2020 года. Акурат у гэты дзень аднаўляліся авіязносіны Беларусі з Грузіяй, спыненыя праз эпідэмію каранавірусу. У сям’і Лосікаў ужо былі квіткі на самалёт.
КДБ рашэннем ад 28 чэрвеня 2022 года ўнёс Ігара Лосіка ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці», гэта істотна абмяжоўвае ягоныя правы і магчымасці ў зняволенні.
У ліпені 2022 года на маёмасць сям’і Лосікаў быў накладзены арышт — дзеля гарантыі выканання прысуду, паводле якога фігуранты «справы Ціханоўскага» павінны сплаціць 22 мільёны рублёў кампенсацыі.
18 кастрычніка 2022 года затрымалі жонку палітзняволенага Дар’ю Лосік і асудзілі на 2 гады калоніі за тое, што тая дала інтэрв’ю пра свайго мужа незалежнаму беларускаму медыя «Белсат». Яна змагла вярнуцца да іх з Ігарам малой дачкі толькі ў ліпені 2024 года.
Ігар Лосік вельмі моцна перажываў за жонку і дачку. Як распавядаюць некаторыя крыніцы, у папраўчай калоніі блогера трымаюць у спецаддзяленні, якое ўключае ў сябе ШІЗА і ПКТ, размешчаныя ў асобным будынку. Яму наогул не прыходзяць лісты, нават ад блізкіх.